Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На Каталіцкае Раство на радыё і на нашым нацыянальным канале віншавалі каталікоў, але ніхто не згадаў нас, пратэстантаў”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 10 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! З Калядамі Вас! Моцнага здароўя, сямейнага шчасьця і плёну ў Вашай высакароднай справе на карысьць роднай Беларусі!

На пытаньне тыдня можна сказаць: спадзяюся, што Бог пашле мне шостага ўнука. А гэта вельмі вялікая радасьць! Чаго жадаю ў 2005 годзе? – Гэта новага прэзыдэнта! А потым ён абавязаны ліквідаваць царскія паўнамоцтвы, і рэспубліка абавязана быць парлямэнцкай, як ва Ўкраіне”.

(Юшкевіч Аляксандар: ) “Толькі што праслухаў перадачу “Сымбаль веры” і вельмі ўдзячны вам за тое, што вельмі яскрава прагучала думка пра глыбіню, пра вельмі глыбокі сэнс нараджэньня Хрыстовага. Бо на нашым беларускім радыё і першым нацыянальным канале гавораць толькі пра Калядкі, пра гульні, пра народныя язычныя традыцыі, зьмешаныя з хрысьціянствам. Але ніхто нічога не казаў пра вялікі сэнс гэтага сьвята.

Зьяўляючыся пратэстантам, прыхільнікам пратэстанцкай царквы, я быў вельмі зьняважаны, што на Каталіцкае Раство на радыё і на нашым нацыянальным канале вядучыя розных праграмаў віншавалі каталікоў, але ніхто нават не згадаў нас, пратэстантаў. Я лічу, што гэта было зроблена адмыслова. І тут няма сэнсу нават тлумачыць чаму. З гэтай нагоды я патэлефанаваў на беларускае радыё і задаў гэтае пытаньне. Мне адказалі, што гэта недагляд, і недапрацоўкі вядучых гэтых праграмаў, але прыкладна тое мне адказалі наконт тэлевядучага Яўгена Новікава, праграма “Правы чалавека”, які проста адкрыта зьневажаў і заклікаў да зьнішчэньня пратэстантаў.

А вам хачу падзякаваць за тое, што ў вас вельмі часта падымаецца пытаньне пратэстанцкага руху на Беларусі. І, калі ласка, зрабіце яшчэ, мабыць, гістарычную праграму наконт таго, якія былі пратэстанты, хто і як былі на Беларусі ў 16 стагодзьдзі. А я ведаю, што рух быў вельмі моцны. Вялікі вам дзякуй”.

(Алесь Гагін: ) “Ад 2005 году я чакаю шчасьця, здароўя, посьпехаў ва ўсіх справах. Да сустрэчы на хвалях Свабоды!”

(Зіноўеў: ) “Хачу сказаць наконт заявы Сяргея Мартынава. Я думаю, што ён зусім нічога не зразумеў. Лягічна дапусьціць, што каманда Юшчанкі прапануе Расеі больш выгадныя ўмовы транзыту нафты і газу. І спачатку простыя расейцы, а потым і расейская эліта зразумеюць, што ва Ўкраіне праэўрапейская ўлада больш сумленная і прыстойная, чым саюзны шантажыст ў Менску. Няўжо Мартынаў не зразумеў крах вось гэтага спадзяваньня лукашэнкаўскага рэжыму на сваю незаменнасьць? Для імпэрскай Расеі, так, яны незаменныя, але прагматызм, лічу, пераможа. А Чаўшэску таксама ў 1989 годзе ўпэўніваў, што рэвалюцыі ў Румыніі ня будзе, а яна атрымалася. Дзякуй”.

(Уладзімер Зьвернік: ) “Паважаныя спадары! Я наконт апошняй заявы Лукашэнкі адносна таго, што на Беларусі ня пройдзе ані ружовая, ані аранжавая, ані бананавая рэвалюцыя. Я цалкам згодны з гэтай заявай. Між тым, павінен адзначыць, што Лукашэнка зусім забыўся яшчэ на адзін колер. Іншыя людзі могуць супярэчыць мяне, што я маю на ўвазе два колеры. Але ж для мяне гэта колер адзіны – бел-чырвона-белы! І я цалкам упэўнены, менавіта гэты колер пераможа ў нашай краіне ў рэшце рэшт. Таму што – Жыве Беларусь! Таксама як яшчэ Польска не згінэла! Ще не вмерла Украіна!”

(Сяргей: ) “Прывітаньне, Свабода! Вось якое пытаньне мяне хвалюе. Ужо больш за тыдзень існуе кантроль на мяжы з Расеяй на дадатак на дабаўленую вартасьць і іншае. Можа, варта ўзяць інтэрвію ў простага чалавека з памежжа расейска-беларускага – ці можна правесьці бэнзіну каністру, дзьве, пяць? Ці можна скрыню цукерак ці нешта іншае? Ці чапляюцца? Ці маглі б вы асьвятліць гэтае пытаньне? Што робіцца зараз на памежжы з Расеяй? Ці зьмяніўся зараз праезд для простых людзей, ці не? Гэтае пытаньне хвалюе ня толькі мяне, але і іншых слухачоў. Як езьдзіць і што можна вазіць туды і назад? З павагай, Сяргей”.

(Спадар: ) “Дзякуй вам за праграму. Мне падабаецца слухаць. Вельмі цікава слухаць вас. Дзякуй, што нясеце сьвятло ў мір! Лічу, што нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі будзе знутры, так бы мовіць, і, думаю, што гэта адбудзецца хутка”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! У мяне пасьля выступу Лукашэнкі, дзе ён так упарта казаў, што мы ніколі бананавай рэспублікай ня будзем і памаранчавыя рэвалюцыі ў нас немажлівыя, акрамя звычайнага сьмеху заўжды пасьля яго маразьменных выступаў, яшчэ зрабілася зразумела, што яго часу ўладараньня прыходзе канец. Таму і бяснуецца ў апошні час – як ён асабіста, так і ягоныя халуі. І паводле сьведкаў, да якіх я маю больш-меншы давер, калі ў кастрычніку пачнецца сапраўдны каляпс эканомікі, ён яго жадаў бы сустрэць зноў выбраным прэзыдэнтам яшчэ з больш шырокімі паўнамоцтвамі. І перавыбраньне рыхтуе на сваю гадавіну народзінаў. Ды глаголяць яшчэ – няведама, дзе тут болей сьмеху ці граху – афіцыйна жадае з благаслаўленьня патрыярха расейскага пастаць мірскім мэтрапалітам беларускай праваслаўнай царквы і аднавіць працу сыноду ў Беларусі, злучыў яго зь Вярхоўным судом. Так што яшчэ і насьмяёмся, хто ўцалее, і наплачамся, адбываючы пакараньне пад царкоўным канонам. Лукавасьць глузду бясконцая, асабліва сярод праваслаўных атэістаў і іх памагатых. Такі закон жыцьця”.

(Жыхар Пінску: ) “Хачу сказаць, што ў нас у Пінску ў былым радыяцыйна-дыягнастычным цэнтры аналіз крыві каштуе шмат. Напрыклад, мая цётка, якой 66 гадоў, здала аналіз крыві, і за гэта заплаціла 14 тысяч. Але гэта ня самая высокая цана, бо аналізы для большай колькасьці дактароў каштуюць значна даражэй! А да вясны мінулага году гэты цэнтар займаўся лячэньнем і дыягностыкай толькі тых, хто пакутуе ад наступстваў чарнобыльскай аварыі. Але калі Лукашэнка прыехаў да нас у Пінск, дык ён радыяцыйны цэнтар ператварыў у звычайную паліклініку. І цяпер там вось такія вось кошты ўстанавіліся. Некалі туды былы дырэктар цэнтру ня браў урачоў з паліклінікаў, бо лічыў, што ўрачы з паліклінікаў хабарнікі і халтуршчыкі. Цяпер там будуць працаваць усе. Добры калектыў, які там быў, наўрад ці там застанецца, бо, ведаеце, як у паліклініцы, без даляраў, бяз хабару нічога нельга атрымаць: ніякую спраўку, ніякае пацьвярджэньне сваёй хваробы. Вось такая навіна ў нас сумная”.

(Маісеенка Генаддзь: ) “Шчырае прывітаньне! Учора я выслухаў на вашай хвалі накшталт інтэрнэту. Мушу дадаць яшчэ адзіны штрых. Мае сябры з аднаго аб’яднаньня, хрысьціянскага ордэну, у апошні час запрыкмецілі адну рэч: што прэзэнтаваныя сьвятыя айцы праваслаўнай канфэсіі зь Беларусі, прыкладам, айцец Аляксандар у Латвіі – ня толькі імпэрцы, расейскія прыхільнікі нашага Лукі, але вядуць актыўную прапаганду супраць інтэрнэту, і асабліва апазыцыйных сайтаў, называючых іх сайтамі антыхрыста і г.д. Таксама падобна і астатнія царкоўныя службоўцы зь Беларусі ня толькі красуюць сябе як актыўныя імпэрцы і лукапрыхільнікі, але адрозьніваюцца нават ад прысланых з Расеі крайнім артадаксізмам, які даходзіць да сьмешнага. А галоўнае, што ўдалося даведацца: усе яны – альбо сыны ці родзічы, ці нават самі былыя з партнамэнклятуры альбо КГБ. Таму я і не зьдзіўляюся, што такія гора-пастыры робяць усё, каб беларусаў і рускамоўных увогуле ненавідзелі карэнныя нацыі, да якіх праваслаўе робіцца сынонімам вар’яцтва і цемрашальства, а беларускія сьвятыя айцы – ворагамі”.

(Спадар: ) “Прывітаньне, Свабода! Хакейны турнір на прыз прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь я лічыў сур’ёзным мерапрыемствам, а аказваецца, прыехалі каманды, каб павыдурвацца. Які разумны чалавек будзе спансіраваць такія турніры? З такіх турніраў можна толькі пасьмяяцца. І разумныя людзі сьмяюцца. Калі б нашыя людзі мелі магчымасьць выйсьці на вуліцу супраць самадурства ўладаў – але ня выйдуць, таму што баяцца. У цывілізаваных краінах гэта магчыма, але ж ня ў нас. Жыве Беларусь!”

(Спадарыня з Навагрудку: ) “Чаму кватэра №1 на Дзяржынскага, 6, дзе калісьці жыў Слабодчыкаў, які граў на трубе ў музычнай школе, незаселеная да цяперашняга часу, пустуе яго кватэра ўжо 9 месяцаў? Халодна, у маёй кватэры бушуе жахлівы ветрык, а мне гарадзкія ўлады быццам у твар плююць, сьцьвярджаючы, што жыльля ў г. Навагрудку зусім няма. Дарагая, мілая Радыё Свабода, малю вас, абвясьціце гэта!

З Новым Годам Вас! Вялікага шчасьця, добрабыту ў жыцьці. Дзякую вам за вашую нялёгкую працу! Благаславі Вас Бог! Посьпехаў Вам, мае мілыя і дарагія людзі!”

(Ігнась: ) “Ой, Свабода, Свабода! Дазволь праз цябе выказаць ня толькі маё асабістае абурэньне некаторымі жыхарамі паважанага Эўразьвязу ў папулярызацыі апошняга дыктатара Эўропы на так званым хакейным турніры Лукашэнкі. Ці можна было б такое ўявіць у калядных і навагодніх пажаданьнях? А супрацоўнікам Свабоды жадаю быць больш зубастымі, а не памяркоўнымі!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG