Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

11 студзеня 1862 году выйшла “Мужыцкая праўда”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 11 студзеня

11 студзеня 1862 году выйшла першая нелегальная беларуская газэта “Мужыцкая праўда”, якую выпускаў Кастусь Каліноўскі. Усяго пабачыць сьвет 7 нумароў газэты. Зьвернем увагу на тое, што праўды Каліноўскага баяліся ня толькі царскія, але і савецкія ўлады, бо прачытаць ягоныя тэксты ў адкрытым друку ў бээсэсэраўскія гады было немагчыма.

11 студзеня 1864 году ў Вільні на Лукіскай плошчы быў публічна расстраляны Цітус Далеўскі – беларускі змагар за свабоду, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, паплечнік Кастуся Каліноўскага. Меў Цітус усяго 24 гады і адно пасьпеў у гэтым жыцьці пабыць студэнтам, але загінуў як сапраўдны герой.

11 студзеня 1907 году віленскі суд забараніў газэту “Наша Доля”. Так завяршылася доўгая цяжба рэдактара-выдаўца Івана Тукеркеса з расейскай цэнзурай. Але не завяршылася ідэя выдаваць легальную беларускую газэту. Яшчэ працягваліся судовыя разборкі з радыкальнай “Нашай Доляй”, а ў Вільні ўжо пачала выходзіць больш памяркоўная “Наша Ніва”. Выдавалі яе тыя самыя людзі – браты Луцкевічы і Аляксандар Уласаў. Яны вырашылі, што болей карысьці прынясуць свайму народу, калі будуць займацца ня голым сацыялізмам, а культурай і абуджэньнем нацыянальнае сьвядомасьці. “Наша Ніва” праіснавала 9 гадоў, стаўшы сапраўдным асяродкам беларушчыны – літаратуры, адукацыі, палітыкі, гаспадаркі ды ўсяго іншага. Праўда, і “Нашай Ніве” даставалася ад цэнзуры.

11 студзеня 1922 году быў прыняты дэкрэт СНК БССР аб аддзяленьні царквы ад дзяржавы.

11 студзеня ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскі доктар Бэнджамін Спок, які напісаў самую папулярную ў сьвеце кнігу пра догляд дзіцяці, і мастак з Рэчыцы Аляксандар Ісачоў, які ў пасьляваенныя гады стаў першым у Беларусі культавым мастаком.

11 студзеня 1983 году пакінулі гэты сьвет адразу два буйныя савецкія кіраўнікі. Гэта першы сакратар кампартыі Беларусі Ціхан Кісялёў і старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Мікалай Падгорны. Тую эпоху ў народзе нярэдка называлі “пяцігодкай палітычных хаўтураў”.
XS
SM
MD
LG