Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасадар Францыі ўручыць гомельскім студэнтам дыплёмы


Казімір Яноўскі, Гомель 11 студзеня Гомель з двухдзённым візытам маецца наведаць Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі. Падчас візыту будуць прэзэнтавацца францускія кінафільмы. Амбасадар і ягоныя дарадцы наведаюць 46-ю сярэднюю школу з паглыбленым вывучэньнем францускай мовы і Франка-беларускі інстытут кіраваньня пры ўнівэрсытэце імя Францішка Скарыны.

Што ўяўляе сабою сярэдняя школа з паглыбленым вывучэньнем францускай мовы, тлумачыць асабліва ня трэба. А вось што такое Франка-беларускі інстытут кіраваньня пры ўнівэрсытэце імя Францішка Скарыны?

Падобнага досьведу, пэўна, ня знойдзеш у краінах СНД. Да адкрыцьця Франка-беларускага інстытуту кіраваньня пры Гомельскім унівэрсытэце імя Францішка Скарыны спрычыніліся міністэрства замежных спраў Францыі, француская амбасада ў Беларусі, беларускае міністэрства адукацыі. А ініцыятарамі былі кіраўнікі ўнівэрсытэтаў з Гомеля і пабрацімскага францускага гораду Клермон-Фэран.

Інстытут кіраваньня адкрылі ўвосень 1995 году. Сутнасьць навучаньня ў тым, што разам з атрыманьнем дыплёму Гомельскага ўнівэрсытэту выпускнікі займеюць яшчэ й францускі дзяржаўны дыплём – атрымаюць паўнавартасную эўрапейскую адукацыю.

Сыстэму адукацыі ў Франка-беларускім інстытуце кіраваньня простай не назавеш. Каб стаць студэнтам, трэба найперш паступіць у Скарынінскі ўнівэрсытэт на эканамічны ці юрыдычны факультэт, а пасьля ўжо прэтэндаваць на паралельную вучобу ў інстытуце кіраваньня.

Праграма навучаньня ў ім разьлічана на 5 гадоў. Пачынаецца ўсё з дасканалага вывучэньня францускай мовы. На гэтай мове выкладаюцца ўсе дысцыпліны па кіраваньні. Чытаць іх у Гомель прыяжджаюць выкладчыкі з Клермон-Фэрану, з тамтэйшага ўнівэрсытэту. І, у першую чаргу, прыяжджае прафэсар Марыс Шэнэвуа, які адначасова зьяўляецца і судырэктарам інстытута з францускага боку.

Цікава, што пасьля трох гадоў навучаньня ў інстытуце кіраваньня па выніках кантролю ведаў студэнты атрымліваюць першы дзяржаўны францускі дыплём агульнай унівэрсытэцкай падрыхтоўкі. Праз курс – дыплём ліцэнцыята. Пяты курс студэнты навучаюцца непасрэдна ў Францыі і атрымліваюць дыплём мэнэджэра поўнай вышэйшай адукацыі.

Дарэчы, падчас наведваньня інстытуту кіраваньня амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі ўручыць многім гомельскім студэнтам францускія дыплёмы рознай вартасьці.

Ці шмат гомельскіх студэнтаў атрымалі дзяржаўныя францускія дыплёмы поўнай вышэйшай адукацыі? Такое пытаньне я задаваў гомельскаму судырэктару Франка-беларускага інстытуту кіраваньня Аляксандру Гаўрылюку.

(Гаўрылюк: ) “Мы працуем ужо амаль 10 гадоў. За гэты час дыплёмы мэнэджэраў поўнай вышэйшай адукацыі амаль 60 выпускнікоў. Цяпер усяго ў інстытуце кіраваньня навучаецца 135 студэнтаў. Мы, аднак, рыхтуем адмыслоўцаў не для Эўропы, а для сваёй краіны. Ёсьць, канешне, дзяўчаты, якія вучыліся ў Францыі і там засталіся. Натуральна, што францускія дыплёмы ім там дарэчы. Апрача таго, некаторыя нашыя выпускнікі атрымліваюць у Францыі адукацыю так званага трэцяга цыклю, накшталт нашай асьпірантуры, і пасьля гэтага вяртаюцца на працу дамоў, у Беларусь”.
XS
SM
MD
LG