Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк працягвае прымаць заяўкі для ўдзелу ў конкурсе на стварэньне графічнага знаку для нацыянальнай валюты


Юлія Шарова, Менск Конкурс на стварэньне графічнага знаку для беларускага рубля абвясьцілі ў канцы траўня 2004 году і паабяцалі аўтару найлепшага праекта 500 базавых велічыняў у якасьці ўзнагароды. На сёньня ахвочых атрымаць такую немалую прэмію назьбіралася прыкладна паўтары тысячы чалавек.Як сьведчаць прадстаўнікі журы конкурсу, паступіла вельмі шмат розных прапановаў – ад цалкам рацыянальных да зусім экзатычных. Не абыходзіцца й без кур’ёзаў.

Як распавёў начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанка й чалец журы Анатоль Драздоў, у конкурсе бяруць удзел ня толькі прафэсійныя дызайнэры, але й аматары, ніяк не зьвязаныя з выяўленчым мастацтвам. Прычым апошніх неверагодна шмат, і яны не заўсёды разумеюць, што ад іх патрабуецца.

(Драздоў: ) “Рэч у тым, што графічны знак павінен быць вельмі простым. Каб кожны з нас мог яго намаляваць максымум двума рухамі рукі. Як мы малюем даляр – літара S перакрэсьленая зьверху. Альбо эўра. Каб любы чалавек мог напісаць на цэньніку. Графічны знак павінен быць простым, зразумелым і несьці ў сабе зьмест. На жаль, вельмі шмат тых, хто заданьне конкурсу не зразумеў. Некаторыя прапановы вельмі складаныя. Іх складана выканаць нават мастаку, а вы ўявіце сабе, каб нехта іх на цэньніку намаляваў”.

Сярод прапановаў, якія пасьпелі паступіць у журы, ёсьць зусім экзатычныя, распавядае Анатоль Драздоў. Гэтак, напрыклад, некаторыя удзельнікі прапануюць у якасьці графічнага знаку рунічныя сымбалі. Былі й прапановы са старажытнабеларускай сымболікі. А вось адзін спадар прапанаваў абазначыць беларускі рубель літарай Ў – маўляў, вельмі проста для выкананьня, і ў ніводным альфабэце, апрача беларускага, такой літары няма.

А ці сапраўды беларускі рубель займее свой графічны знак? Бо вядома, што ў хуткім часе Беларусь мае перайсьці на агульную валюту з Расеяй... У Нацбанку сьцьвярджаюць, што гэта толькі творчы конкурс, ды занадта сур’ёзна да яго ставіцца ня варта. А 2006 год – яшчэ не канчаткова вызначаны тэрмін пераходу на расейскі рубель, заяўляе Анатоль Драздоў.

(Драздоў: ) “Што да графічнага знака, то мы жалезна падвядзем вынікі конкурсу, як абяцалі. Але іншая справа, ці прызнае камісія нейкі варыянт адпаведным патрабаваньням – гэта раз. І ці будзе радай дырэктараў афіцыйна зацьверджаны гэты знак – гэта два. Але вынікі конкурсу будуць падведзеныя абавязкова”.

У любым выпадку, аўтар найлепшага праекта, нават калі гэты праект не спатрэбіцца, атрымае свае грошы, ды ягонае імя назаўсёды трапіць у гісторыю, запэўніваюць у Нацбанку. Вынікі конкурсу падвядуць 15 лютага.
XS
SM
MD
LG