Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вызваляць Юрыя Бандажэўскага?


Алесь Дашчынскі, Менск Пасьля працяглага курса лячэньня прафэсар Юры Бандажэўскі зноў накіраваны ў папраўчую калёнію-пасяленьне №26. Бюро АБСЭ ў Менску зацікаўленае лёсам усясьветна вядомага вучонага і спадзяецца на хуткае вызваленьне спадара Бандажэўскага.

Прафэсар Бандажэўскі вярнуўся на пасяленьне ў Дзятлаўскім раёне. На 6 студзеня гэтага года ён адбыў агулам дзьве траціны свайго тэрміну, і бліжэйшым часам павінна вырашыцца пытаньне аб зьмякчэньні пакараньня. Чакаецца, што цягам гэтага месяца справу Бандажэўскага абмяркуе адмысловая камісія калёніі, якая затым накіруе дакумэнты ў суд. Магчыма, што будзе вырашацца пытаньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне прафэсара.

Аднак начальнік калёніі-пасяленьня Васіль Каляда ўстрымліваецца ад канкрэтнай інфармацыі і цьвердзіць, што пакуль ідзе збор адмысловых дакумэнтаў: Юры Бандажэўскі яшчэ не падаў паперы аб прапісцы і аб будучым месцы пражываньня. “Усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, і могуць быць варыянты”, тлумачыць спадар Каляда.

(Каляда: ) “У нас ёсьць такое, што падыходзіць яму тэрмін для датэрміновага вызваленьня. Ёсьць такія тэрміны, у нас устанаўліваюцца ў заканадаўстве. Вось, яму падыйшоў у студзені, таму зусім магчыма. Цягам месяца мы прымем рашэньне. Яшчэ ня ўсе дакумэнты прадстаўленыя”.

Кіраўнік офіса АБСЭ ў Менску Эбэрхард Хайкен патлумачыў у размове са мной, што АБСЭ зацікаўленая лёсам зьняволенага Юрыя Бандажэўскага. Спадар Хайкен асабіста сустракаўся з прафэсарам ў сьнежні.

(Хайкен: ) “Бюро АБСЭ ў Менску з даўняга часу ўважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі, падтрымлівае ў гэтым пляне кантакты з уладамі і спадзяецца, што хутка будзе вырашана пытаньне аб завяршэньні зьняволеньня прафэсара”.

Вядома, што Юры Бандажэўскі доўгі час знаходзіўся ў лякарні ў Менску. На жаль, з самім Юрыем Бандажэўскім наконт ягонага самаадчуваньня пагутарыць не ўдалося. Начальнік калёніі цьвердзіць, што стан здароўя зьняволенага нармальны, ён працуе вартаўніком, мае кампутар і завяршае сваю другую кнігу.

У параўнаньні з калёніяй, дзе раней знаходзіўся прафэсар, на пасяленьні ў яго значна лепшыя ўмовы. Разам з тым, начальнік калёніі мяркуе, што журналісты павінны ўстрымацца ад камэнтароў па справе прафэсара цягам бліжэйшага месяца, бо менавіта прэса, маўляў, толькі псуе лёс гэтаму чалавеку.

Жонка Галіна Бандажэўская распавядае пра стан здароўя зьняволенага прафэсара:

(Бандажэўская: ) “Здароўе? Якое там здароўе! На 99 працэнтаў здароўе адняла вязьніца. Абласная лякарня рабіла яму апэрацыю. Адрыў сухажыльных зьвязак пляча. Праблема нейкая з сухажыльнымі зьвязкамі, у яго на плячы гэтая зьвязка адарвалася, а на нагах яны нейкія запаленыя.Утвараюцца нейкія вузлы, там дзе мацуецца пятка да галёнкі. Пакуль дыягназ не ўдакладнены”.

Міжнародная супольнасьць неаднойчы заклікала беларускія ўлады вызваліць Юрыя Бандажэўскага. Нагадаю, былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту прафэсар Бандажэўскі быў арыштаваны ў ліпені 1999 года быццам бы ў рамках надзвычайных захадаў супраць тэрарызму. Празь месяц зьвінавачаньне памянялі на “хабарніцтва” і асудзілі навукоўца на 8 гадоў турмы.

Праваабаронцы цьвердзяць, што Бандажэўскі зьняволены за свае дасьледаваньні аб узьдзеяньні радыяцыі на арганізм чалавека. Вынікі дасьледаваньняў супярэчылі пазыцыі афіцыйнай мэдыцыны. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала спадара Бандажэўскага вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG