Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая прэса пра Беларусь: “Ані ружаў, ані апэльсінаў, ані бананаў”


Ул. інф. Пасьля перамогі “памаранчавай” рэвалюцыі ў Кіеве многія эўрапейскія аглядальнікі пачалі спэкуляваць на тэму “прывіду дэмакратыі” ў іншых краінах СНД. Тэрмін “прывід дэмакратыі” ужывае таксама і нямецкі штотыднёвік “Der Spiegel”. Паводле нямецкага выданьня, украінскія падзеі, безумоўна, напалохалі кіраўніцтва Беларусі, Кыргызстану і Казахстану. Аднак самі аўтакраты цалкам выключаюць украінскі сцэнар ў сваіх краінах, -рэзюмуе сёньняшняя аўстрыская “Die Presse”.

Пасьля таго, як ва Ўкраіне перамагла дэмакратыя, ціск на апазыцыю ў іншых краінах СНД значна ўзмацніўся. Гэта тычыцца як некаторых азіяцкіх краінаў, так і Беларусі. Штотыднёвік “Der Spiegel” піша ў тым ліку і пра працэс над беларускім апазыцыйным палітыкам Міхаілам Марынічам. Былы міністар атрымаў пакараньне “пяць гадоў пазбаўленьня волі за гэтак званы крадзеж”, піша выданьне.

Паводле “Der Spiegel”, відавочна, што гэта палітычнае рашэньне. Газэта спасылаецца на заяву замежнапалітычнага ведамства ЗША і патрабаваньне неадкладна вызваліць Міхаіла Марыніча.

Тым часам, уплывовая венская газэта “Die Presse” у артыкуле “Ані ружаў, ані апэльсінаў, ані бананаў”, піша пра тое, што беларуская апазыцыя значна слабейшая за тую, што існавала дагэтуль ва Ўкраіне.

Паводле выданьня, апанэнты беларускага рэжыму могуць разьлічваць яшчэ на больш жорсткі перасьлед з боку ўладаў. Выданьне цытуе апошнія рашучыя заявы менскага кіраўніцтва ў зьвязку з украінскімі падзеямі, зь якіх вынікае, што паўтор украінскіх падзеяў у Беларусі цалкам немагчымы.

Беларусь і Ўкраіна ёсьць розныя краіны і розныя нацыі з адрозным кіраўніцтвам, перакананы міністар Мартынаў. “У Беларусі немагчымая ані ружовая, ані апэльсінавая, ані бананавая рэвалюцыя”, – цытуе “Die Presse” калядныя заявы беларускага прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG