Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі п’яны афіцэр зь пісталета параніў мэдсястру, санітарку і таварыша па службе


Казімер Яноўскі, Гомель Падчас калядных сьвятаў у гомельскім абласным шпіталі маёр унутранай службы выстраламі зь пісталета параніў мэдсястру і санітарку. Цяжкае раненьне атрымаў і прапаршчык унутранай службы.

39-гадовы маёр унутранай службы Юры Герасімовіч выконваў ролю начальніка канвою. Зь ім былі яшчэ двое службоўцаў. Усе разам яны ахоўвалі дастаўленага са сьледчага ізалятару ў шпіталь, у аддзяленьне рэанімацыі, хворага на інсульт арыштанта.

Увечары, за некалькі гадзінаў да праваслаўнага Раства, ахоўнікі моцна выпілі, асабліва маёр. Што было далей, распавядае начальнік прэсавай службы абласной управы міліцыі, падпалкоўнік Анатоль Калбасаў:

(Калбасаў: ) “Пасьля спажываньня сьпіртовых напояў маёр унутраных войскаў адкрыў бязладную стральбу”.

У выніку страляніны паранены былі мэдсястра і санітарка аддзяленьня рэанімацыі. П’яны маёр выстраліў таксама з табельнага пісталета і цяжка параніў у жывот свайго падначаленага, прапаршчыка сьледчага ізалятару. Нейкім чынам маёр умудрыўся параніць і сябе — выстраліў у руку.

Мэдыкі ўратавалі сваіх параненых супрацоўнікаў. Апэрацыя была зроблена і параненаму ў жывот прапаршчыку. Маёр Герасімовіч быў арыштаваны, цяпер з параненай рукой знаходзіцца ў сьледчым ізалятары — ужо ў якасьці арыштанта. На яго пракуратура завяла крымінальную справу за нанясеньне людзям цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.

Высьвятляюць і прычыны агрэсіўных паводзінаў начальніка канвою. Адна з вэрсіяў — празьмернае спажываньне алькаголю.
XS
SM
MD
LG