Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся рамонт дамоў вакол будынку Нацыянальнай бібліятэкі, што мае адкрыцца сёлета


Юлія Шарова, Менск Сёлета ў Менску мае адчыніцца новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта адна з самых буйных новабудоўляў Беларусі, якую кантралюе асабіста Аляксандар Лукашэнка. Паралельна зь яе ўзьвядзеньнем распачалося добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі. Высотныя жылыя дамы на праспэкце Скарыны насупраць бібліятэкі ўцяпляюць ды падфарбоўваюць — каб шэрыя панэльныя гмахі не выглядалі кантрастам на тле сучаснага будынка. А тым часам пяціпавярховікі ў дварах дзесяцігодзьдзямі застаюцца без рамонту.

Для жыхароў дзевяціпавярховых дамоў на праспэкце Скарыны гэты рамонт стаўся нечаканасьцю. Пачаўся ён яшчэ гэтай восеньню, ідзе даволі шпарка, і людзі, зь якімі я пагутарыла, цалкам вітаюць гэтыя захады гарадзкіх камунальных службаў. Пагатоў з жыхароў дамоў за ўцяпленьне ніякіх грошай не бяруць.

(Спадарыня: ) “Гэта быў сюрпрыз, вельмі прыемны сюрпрыз. Бо блёчныя дамы сапраўды даволі халодныя. І рамонт, канечне ж, вельмі нам падабаецца”.

(Іншая спадарыня: ) “Стыкі ўсе прыкрыюць, цяплей будзе нашмат. У нас тарцовыя сьцены вельмі халодныя”.

Насельнікі суседніх дамоў, старых пяціпавярховікаў, што хаваюцца ў дварах, чакаюць рамонту ўжо не адзін год, але пакуль камунальныя службы ім нічога нават не абяцаюць.

(Пэнсіянэрка: ) “Ніхто нам нічога не абяцаў. Мы ўжо трыццаць тры гады жывём, і ніхто ніводнага рамонту не зрабіў, ніводнага. І нават касмэтычнага рамонту ў пад’ездах няма, ужо гадоў дванаццаць, напэўна”.

У ЖРЭА Першамайскага раёну мне паведамілі, што рамонт высотных дамоў на праспэкце Скарыны наўпрост зьвязаны з узьвядзеньнем новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Паводле галоўнага інжынэра ЖРЭА Юрыя Абрамовіча, трэба ў тым ліку крыху асьвяжыць фасады гэтых дамоў.

(Абрамовіч: ) “Мы ў першую чаргу робім менавіта дамы галаўной часткі гэтай забудовы мікрараёну “Ўсход”. І ў гарвыканкаме разглядаецца пытаньне пра рамонт астатніх дамоў”.

Паводле спадара Абрамовіча, на ацяпленьне дзевяціпавярховак з гарадзкога бюджэту выдаткавалі каля 16 мільярдаў рублёў — гэтыя грошы не ўваходзяць у суму выдаткаў на ўзьвядзеньне бібліятэкі. Таксама, паводле ягонай інфармацыі, ля бібліятэкі пасадзяць сквэр. Ужо цяпер ля недабудаванага гмаху ўкладваюць тратуарную плітку, а над уваходам у мэтро з боку бібліятэкі зьявіліся шкляныя навесы.

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі мае адчыніцца сёлета 1 верасьня. Як паведамляюць у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, на гэтым аб’екце сёньня працуе каля тысячы чалавек. З канца лютага колькасьць будаўнікоў павялічыцца ў паўтара разу, а летам будзе даведзеная ажно да 1800 чалавек, каб пасьпець да прызначанага тэрміну. Першапачаткова выдаткі на ўзьвядзеньне будынка ацэньваліся прыкладна ў 180 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG