Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы, якія падчас цунамі адпачывалі на ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну, лічаць 26 сьнежня сваім другім днём нараджэньня


Ігар Карней, Менск Практычна ўсе беларускія грамадзяне, якія знаходзіліся ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі падчас разбуральнага цунамі 26 сьнежня, вярнуліся дадому. Сваімі ўражаньнямі ад убачанага і перажытага некаторыя зь іх падзяліліся з нашым карэспандэнтам.

Сям’ю Карпоніных стыхія і яе наступствы засьпелі адразу ў дзьвюх краінах — на Мальдывах і ў Шры-Лянцы. Менскі выдавец кажа, што цяпер 26 сьнежня ў іхнай сям’і лічыцца другім днём нараджэньня. Апавядае Андрэй Карпонін:

(Карпонін: ) “Перад тым, як ішла першая хваля — самая вялікая, самая страшная, быў прыліў. Дзякуючы таму, што мы ўбачылі гэты прыліў, здолелі ўцячы: мы беглі мэтраў 500 наперадзе хвалі. А потым 14 гадзінаў сядзелі на другім паверсе будынку лётнішча. Гэта быў абсалютны шок: ніхто не разумеў, ніхто нічога ня ведаў, і толькі потым, гадзіны празь дзьве, пачало працаваць тэлебачаньне: каналы CNN, BBC перадавалі паведамленьні. Але і тады яшчэ ахвяры шлі на дзясяткі. Калі сказалі, дзе эпіцэнтар, мы падлічылі, што да Мальдываў гэта дзесьці 2,5 тысячы кілямэтраў. І, у сваю чаргу, пачалі прыкідваць: што адбываецца на выспах вакол эпіцэнтру?.. На Мальдывах я ўжо ніколі ў жыцьці не рызыкнуў бы адпачываць. Бо гэта вельмі маленькія выспы, хацінкі зь іх проста пазмывала. І гэта з улікам, што хваля была рэшткавая”.

Магчымасьць паглядзець, што адбываецца бліжэй да эпіцэнтру, хутка здарылася: ужо 27 сьнежня, на наступны дзень пасьля цунамі, Карпоніны адляцелі на Шры-Лянку.

(Карпонін: ) “Было вельмі страшна, вакол — руіны. Хваля ў глыбіню выспы зайшла на кілямэтар. І гэта пры тым, што сам бераг там досыць шырокі і высокі. Я лічу, што мы яшчэ “вязунчыкі”, бо гатэль, як я гэта называю, амаль не пацярпеў. Прынамсі, ацалелі два верхнія паверхі — ніжнія, натуральна, былі змытыя з усім зьмесьцівам. А ўвогуле на пляжы нашага гатэлю загінулі 8 чалавек — гэта і абслуга, і замежнікі. І якраз 31 сьнежня, увечары, замест навагодняга сьвята ў нас была імша”.

Мадэльер Саша Варламаў прыехаў у Тайлянд увечары 26 сьнежня, калі вялікая вада пачала адступаць, адкрываючы позірку мноства загінулых. Неўзабаве адпачынак для Варламава скончыўся: ён вярнуўся ў Менск, дзе на тле перажываньняў захварэў. Кажа, яшчэ і з тае прычыны, што маскоўская турфірма ведала, куды яго накіроўвае. Запытваю — колькі рэальна цягнуўся адпачынак.

(Варламаў: ) “Паўтара дня. Турыстычнае агенцтва, якое гэтым займалася, ня выканала сваіх абавязкаў і накіравала мяне на выспу, якая ўжо была разбураная. Цягам наступных трох дзён яны наагул са мной ня зьвязваліся; нават не цікавіліся — хачу я тут застацца ці не. Мяне проста пакінулі ў спакоі і не адгукаліся. Карацей кажучы, абышліся як самая звычайная шваль — па-іншаму сказаць не магу”.

Паводле афіцыйных зьвестак, усяго ў момант стыхіі ў краінах акваторыі Індыйскага акіяну — перадусім, у Тайляндзе, на Шры-Лянцы і Мальдывах — знаходзілася 60 грамадзянаў Беларусі. У турыстычных фірмах цьвердзяць, што беларусаў у тым рэгіёне было нашмат больш, паколькі абсалютная бальшыня ад’яжджае на адпачынак праз Расею, Літву ці Ўкраіну, не трымаючы пры гэтым справаздачаў перад афіцыйнымі структурамі. Так, сваякі некаторых турыстаў сьведчаць, што, перажыўшы цунамі, тыя пераехалі ў краіны, якія не пацярпелі ад прыроднай стыхіі — у прыватнасьці, у Віетнам і Лаос. І гэтыя людзі наўрад ці фігуруюць у справаздачах МЗС.

Тым часам прадстаўніцтва ААН у Беларусі абвясьціла пра пачатак збору сродкаў насельніцтву Паўднёва-Ўсходняй Азіі, якое пацярпела ад разбуральнага цунамі. Ахвяраваньні можна дасылаць у беларускіх рублях ці далярах на рахунак беларускага прадстаўніцтва гэтай арганізацыі.
XS
SM
MD
LG