Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці напалоханы афіцыйны Менск “аранжавай рэвалюцыяй”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 8 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі і старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў.

(Валер Карбалевіч: ) “У інтэрвію міністра замежных справаў Мартынава асаблівы акцэнт робіцца на немагчымасьць паўтарэньня ў Беларусі ўкраінскіх падзеяў. Кепскае стаўленьне беларускіх уладаў да народных рэвалюцыяў агульнавядомае. Шмат сілаў патраціла беларускае тэлебачаньне, каб збэсьціць югаслаўскую рэвалюцыю, грузінскую рэвалюцыю. Тое ж самае адбывалася і падчас украінскіх падзеяў.

Інтэрвію Мартынава зьявілася адразу пасьля абвяшчэньня “Карпацкай дэклярацыі” прэзыдэнта Грузіі Саакашвілі і будучага прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанкі, дзе яны канстатуюць, што грузінская і ўкраінская рэвалюцыі — гэта пачатак новага этапу зьменаў у Эўропе. Ці зьяўляецца гэта рэакцыяй беларускіх уладаў на гэтую дэклярацыю? Што, у Менску сапраўды напужаныя “аранжавай рэвалюцыяй” і “Карпацкай дэклярацыяй”?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Не абавязкова “пасьля” азначае “ў выніку”. Пэўна агенцтва Ройтэрс хацела мець афіцыйную пазыцыю Беларусі па выніках году. А міністар замежных справаў — гэта якраз тая асоба, якая магла прадставіць афіцыйную пазыцыю. Таму гэта неабавязкова ёсьць наўпроставай рэакцыяй на “Карпацкую дэклярацыю”.

Зь іншага боку, зразумела, Менск уважліва сачыў за тым, што адбывалася ва Ўкраіне. Але не магу сказаць, што кіраўніцтва Беларусі вельмі напужанае. Так, працягваецца леташняя тэндэнцыя закручваньня гаек у дачыненьні грамадзянскай супольнасьці, зьявіліся новыя абмежаваньні на атрыманьне замежнай дапамогі і ўвогуле грашовых пераводаў з-за мяжы. То бок, ініцыятыва грамадзянаў усё больш абмяжоўваецца. Але нейкіх надзвычайных праяваў, як рэакцыі на ўкраінскія падзеі, я ня бачу”.

(Ігар Лялькоў: ) “Магу пагадзіцца з спадаром Быкоўскім, што неабавязкова гэта была непасрэдная рэакцыя на “Карпацкую дэклярацыю”, а, сапраўды, так супала, падводзяцца вынікі году. Але, разам з тым, беларускім уладам карцела выказацца наконт падзеяў ва Ўкраіне. Думаю, пэўны страх яны адчуваюць. Бо ў Сярэдняй Эўропе цяпер узьнімаецца новая хваля дэмакратычных зьменаў. І калі гэта сапраўды хваля, то, хутчэй за ўсё, яна не абыдзе Беларусь.

Што тычыцца сутнасьці заяваў Мартынава, то хачу нагадаць вось пра што. У 1989 годзе, калі быў пік дэмакратычных зьменаў у Сярэдняй Эўропе, была адна краіна, у якой была ўнутраная стабільнасьць, сталы рост эканомікі, паводле афіцыйных статыстычных паказьнікаў, дзе народ быў згуртаваны вакол свайго правадыра, кіраўніцтва якой таксама дэкляравала сваю роўнааддаленасьць ад сусьветных цэнтраў сілы. Гэтая краіна называлася Румынія. І мы таксама ўсе ведаем, як скончылася тая стабільнасьць. Таму 2005 год у Беларусі будзе годам закручваньня гаек, пра пачатак чаго сказаў спадар Быкоўскі”.

(Карбалевіч: ) “Да каго зьвяртаецца Мартынаў у сваім інтэрвію? Калі да беларускага народу, то мусіць, гэта павінен быў рабіць не міністар замежных справаў. Мартынаў кажа пра эканамічны рост у Беларусі, стабільнасьць, надзейнасьць транзыту праз краіну расейскіх энэргарэсурсаў, гатоўнасьць да дыялёгу з Захадам. Тут зьвяртае на сябе ўвагу вось якая акалічнасьць. Бэсьцячы рэвалюцыю ў Югаславіі, Грузіі і Ўкраіне, дзяржаўныя СМІ ўвесь час падкрэсьлівалі, што гэта заходнія праекты, ажыцьцёўленыя на заходнія грошы, па заходніх тэхналёгіях. То бок, з гэтага вынікае, што галоўным чыньнікам рэвалюцый зьяўляецца не народны пратэст, а ўплыў Захаду. Ці не падаецца вам, што беларускія ўлады самі паверылі ў свой жа прапагандысцкі міт і цяпер хочуць неяк перасьцерагчы Захад ад рэалізацыі падобнага праекту ў Беларусі?”

(Быкоўскі: ) “Найперш, Мартынаў ведае, што аўдыторыяй агенцтва Ройтэрс зьяўляюцца заходнія краіны. І таму на гэтую аўдыторыю ён і арыентаваўся. І ён спрабаваў стварыць імідж Беларусі як краіны, якая добра кіраваная, прадказальная, тут не існуе праблемаў з транзытам і іншым. І таму зь Беларусьсю Захаду трэба мець кантакт, бо бяз гэтага кантакту немагчыма вырашыць пытаньняў бясьпекі, наркатрафіку і іншых праблемаў. І Беларусь гатовая весьці ўзаемакарысны дыялёг.

Што тычыцца боязі экспарту-імпарту рэвалюцыі, то ён мае месца ва ўсіх аўтарытарных рэжымах. У мяне дома ёсьць кніжка Фідэля Кастра, у якой ён распавядае, што немагчыма на Кубу экаспартаваць рэвалюцыю. Але рэвалюцыя ўсё ж адбываецца рукамі, сэрцамі й галовамі саміх грамадзянаў гэтых краінаў”.

(Лялькоў: ) “Я згодзен, што ў першую чаргу Мартынаў зьвяртаецца да заходняй аўдыторыі. Але пры гэтым ён ня можа ня ўлічваць, што ягонае інтэрвію выкліча пэўны розгалас і ў Беларусі. Што тычыцца сутнасьці заяваў, то я веру спадару Мартынаву ў тым, што беларускі рэжым хацеў бы палепшыць стасункі з Захадам. І ён хацеў бы гэта зрабіць па схеме адносінаў паміж Захадам і краінамі Цэнтральнай Азіі альбо Азэрбайджану. У гэтых адносінах Захад, можа, не зачыняе, але прымружвае вочы на ўнутраныя праблемы ў гэтых краінах, праблемы з правамі чалавека дзеля атрыманьня эканамічных дывідэндаў.

Таму Мартынаў высоўвае на першы плян пытаньне транзыту і іншыя, якія могуць цікавіць Захад, і абяцае, што сёньняшні рэжым можа надзейна іх вырашыць. І што ў інтарэсах Захаду існаваньне гэтага рэжыму. Зь іншага боку, міністар дэманструе для ўнутранай аўдыторыі тэза, што Беларусь мае незалежную замежную палітыку, яна не арыентуецца ні на якія цэнтры ўплыву: ні на Вашынгтон, ні на Брусэль, ні на Маскву. Гэта вядомая ідэя пра “трэці шлях”, “асобны шлях”, хоць гэта зусім не арыгінальна”.

(Карбалевіч: ) “Вось ужо згадалі тэзіс у інтэрвію Мартынава, што Беларусь не арыентуецца на сусьветныя цэнтры ўплыву: ні на Вашынгтон, ні на Брусэль, ні на Маскву. Вось згадка пра апошнюю сталіцу даволі цікавая. Вядома, што ідэя інтэграцыі з Расеяй — асноўны кірунак замежнай палітыкі Беларусі. Гэтая праблема і апошнім часам была ў цэнтры ўвагі афіцыйнага Менску. Можна нагадаць і нядаўняе паседжаньне Саўміну саюзнай дзяржавы ў Менску. І Лукашэнка ў пераднавагодніх адказах на пытаньні журналістаў, адгрунтоўваючы неабходнасьць нізкіх цэнаў на расейскі газ для Беларусі, спасылаўся на саюзьніцкія адносіны. Тады што азначае заява міністра, што Беларусь не арыентуецца на Маскву?”

(Быкоўскі: ) “Праект саюзнай дзяржавы ўжо праваліўся. Напрыклад, з 1 студзеня ў нас мусілі быць расейскія рублі, але іх няма. Што тычыцца саюзьніцкіх абавязкаў Расеі прадаваць нам таньней энэрганосьбіты, то Расея зьбіраецца ўступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю і мусіць працаваць па яе правілах. І таньней, чым сваім спажыўцам, “Газпром” прадаваць Беларусі газ ня можа. Таму, фактычна, у нас цяпер ідзе пэўнае разьмежаваньне з Расеяй.

Нельга казаць, што Менск абсалютна не арыентуецца на Маскву. Але цяпер Беларусь мусіць абапірацца на свае сілы. І Беларусь вымушаная цяпер змагацца за расейскія рынкі зь іншымі краінамі, што нечакана, і беларускія таваравытворцы гэтым напужаныя”.

(Лялькоў: ) “Я ўжо казаў, што вось гэтая тэза якраз сыгнал беларускаму грамадзтву. Каб яно рыхтавалася да паступовага пераходу да аўтаркіі. Таму што для беларускай кіроўнай эліты сёньня стала відавочна, што прэфэрэнцыяў ад саюзу з Расеяй будзе ўсё менш. Зь іншага боку, як паказваюць сацыялягічныя дасьледаваньні, толькі 8–10% грамадзянаў Беларусі хацелі б уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі. А больш 50% задаволеныя сёньняшнім станам стасункаў Беларусі і Расеі. То бок патэнцыял інтэграцыйнай рыторыкі ва ўнутранай палітыцы паступова сыходзіць на нішто. Таму ад яе ўлады паступова будуць адмаўляцца. Будзе ўзмацняцца палітка апоры на ўласныя сілы, заклікі да самадастатковасьці, аўтаркія. І такі сыгнал падаў Мартынаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова з інтэрвію міністра замежных справаў Мартынава палягае ў тым, што афіцыйны Менск заклапочаны падзеямі ва Ўкраіне і ня можа на іх не рэагаваць. І гэтая заклапочанасьць не магла не адбіцца на зьмесьце інтэрвію”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG