Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нашай вёсцы засталіся толькі пэнсіянэры ды п’яніцы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Cёньняшні агляд пошты пачну зь ліста пра тое, як жыве цяперашняя беларуская вёска. Ці адбываюцца ў ёй зьмены? Што думаюць вясковыя жыхары пра ўладу? Да чаго імкнуцца? Ці задаволеныя сваім калгасным існаваньнем?

Цікавыя адказы на гэтыя пытаньні дае ў сваім лісьце Ўладзімер Гайдукевіч зь вёскі Любонічы Кіраўскага раёну:

“З гораду Бабруйску я пераехаў у вёску Любонічы, на сваю радзіму, — піша слухач. — Хата ў горадзе засталася, як і некаторыя рэчы. І прапісаны я там. Але жыць вырашыў тут, далей ад нашага дурнога чынавенства, пра якое я багата магу расказаць. На жаль, газэты мае допісы на гэтую тэму не друкуюць, баяцца. Людзі наўкол нібыта ўсё разумеюць, але паводзяць сябе дзіўна. Калі я навучыўся вырошчваць памідоры (па 50 кіляграмаў з куста), да мяне некалькі разоў прыяжджалі з тэлебачаньня. І за чаркай выяўлялася, што ўсе яны — супраць цяперашняй улады. Але працуюць так, як ім загадваюць, бо трэба жыць, есьці хлеб з каўбасой і маслам.

Размаўляў з рознымі людзьмі. Выявіў, што нават многія міліцыянты супраць цяперашняй палітыкі Лукашэнкі. А вось у вёсцы такіх ня вельмі шмат. Людзі тут збольшага абмежаваныя. Акрамя хлеба, малака і сваёй хатняй жывёлы, нічым не цікавяцца. Большая частка — п’яніцы і злодзеі, якія гэту хатнюю жывёлу крадуць. Крадзе і начальства, але ў калгасе, з дапамогай вядомых ім хітрыкаў. Вось ім калгас для гэтага і патрэбен. Цягнуць апошняе ад калгаснай жывёлы, а тая тым часам худнее, прападае. Зь пяці цялятнікаў застаўся адзін, і той запоўнены напалову.

Увечары ў вёсцы пануе цемра. На тысячу двароў — дзесяць спраўных ліхтароў. А ў нас на хутары — ніводнага. Да калодзежа ходзім навобмацак. Цяпер Лукашэнка нібыта хоча вёску па новай дарозе павесьці, але ўжо позна. Хто састарыўся, а хто сьпіўся. Трэба было раней, і не Лукашэнкавай дарогай, а дарогай гаспадара. Вось у калгасе пілараму разбурылі. А гаспадар з гэтай вёскі набыў сваю, даў работу людзям. Начальству дае ў лапу і працуе на замежжа. Машынамі пастаўляе нашу драўніну за мяжу — у Нямеччыну. Мае прыбытак, а калгас тым часам фактычна сканаў. Нават бульбу як сьлед не выкапалі. Людзі хадзілі на калгаснае бульбянішча — накопвалі па пяць мяхоў за дзень”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімер Гайдукевіч зь вёскі Любонічы Кіраўскага раёну.

Вось гэты гаспадар піларамы, спадар Гайдукевіч, ды яшчэ зь дзясятак гаспадарлівых і разумных мужыкоў і здольныя выратаваць вашу немалую вёску ад канчатковай дэградацыі. Калгас разваліцца — гэта ўжо відавочна. Хутка ў ім, апроч дзяржаўных датацыяў, і красьці ня будзе чаго. А працаваць за капейкі ці за абяцаньні людзі ня пойдуць. Асабліва калі можна знайсьці працу на пілараме альбо ў іншага прыватніка, які, праўда, не дазволіць красьці і выпіваць, затое за добра зробленае няблага заплаціць.

У тым, што калгасная сыстэма неэфэктыўная і нежыцьцяздольная, пераканалася ўжо і цяперашняя ўлада. Для паловы калгасаў тэрмінова шукаюць новых гаспадароў. Але зноў жа — замест таго, каб аддаць зямлю і ўласнасьць у прыватныя рукі, прымусова перадаюць калгасы-банкруты прамысловым прадпрыемствам, пасьпяховым гарадзкім фірмам. Па сутнасьці, гэта тое ж колішняе “шэфства”, калі багаты завод за кошт уласнага прыбытку падтрымліваў жыцьцё ў паўмёртвым калгасе. Прынцыпова гэта праблемы ня вырашыць.

Ліст ад Алены Фірко са Смаргоні:

“Раніцай кожнага дня я ўключаю прыймач і чую знаёмыя пазыўныя. За тры гады майго слухацкага стажу гэтая мэлёдыя стала абавязковым і неад’емным атрыбутам жыцьця. Нават ня ведаю, з кім ці з чым параўнаць тую вялізную ролю, якую вы адыгралі ў маім жыцьці. Бадай што, з рольлю Францішка Скарыны ці Сымона Буднага ў гісторыі Бацькаўшчыны. Тыя прынесьлі продкам сьвятло беларускай кнігі, вы ж далі мне сьвятло праўды. Вялікі дзякуй за своечасовую і аб’ектыўную інфармацыю, за вернасьць нацыянальным ідэалам, за магчымасьць чуць лагодныя гукі роднае мовы, за адкрытую і прамую сувязь са слухачамі. Вы былі і ёсьць для мяне адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі, дадатковых ведаў аб беларускай гісторыі і нацыянальных традыцыях”.

Вашыя словы, Алена, да многага абавязваюць. Нам вельмі важна ведаць, што там, у Смаргоні і яшчэ ў тысячах іншых беларускіх гарадоў і вёсак ёсьць такія слухачы, як вы — уважлівыя і патрабавальныя, якім патрэбная наша праца, якія вераць у лепшую будучыню Беларусі і гатовыя дзеля гэтай будучыні працаваць.

Ліст ад Галіны Сутулы з Глыбокага. Яшчэ нядаўна Галіна і яе аднадумцы выдавалі незалежную газэту “Паўночна-Заходні край”, але пасьля таго, як яна стала раздражняць мясцовыя ўлады, газэту закрылі. Пра гэты канфлікт у свой час падрабязна распавядала “Свабода”. У сваім лісьце Галіна Сутула піша:

“Выдаючы газэту, я і мае сябры жылі адной справай, мэтай, надзеяй. Але ўсё гэта ў нас адабрала сыстэма. І ўсё ж не пісаць я не магу. Журналістыка — гэта ня толькі мой выбар, мая прафэсія. Гэта стыль жыцьця, якому я не здраджваю вось ужо 25 год. Дагэтуль шмат сустракаюся зь людзьмі, дапамагаю тым, каго пакрыўдзілі і хто зьвярнуўся па дапамогу, пішу вострыя праблемныя артыкулы, якіх, на жаль, не друкуе ніводная газэта ў Беларусі, у тым ліку і так званыя “незалежныя”. Вельмі ўдзячна пісьменьніку, майму земляку, настаўніку, сябру Кастусю Акулу, які дапамог наладзіць кантакты з друкам за мяжой. На працягу апошніх трох год друкую артыкулы ў газэтах “Беларус”, “Беларускі дайджэст”, часопісе “Беларуская думка” (ЗША), віленскай газэце “Рунь”. Газеты (па некалькі асобнікаў) да нас даходзяць. Іх чытаюць людзі, але, вядома, хацелася б, каб чыталі сотні людзей. Бо ў артыкулах — праўда жыцьця такая, якая яна ёсьць.

Дзякую вам за памяць і згадкі пра мяне. Я і мае мужчыны (а іх у мяне ў сям’і трое) рабілі і робім усё магчымае, каб наблізіць свабоду Беларусі. Новы расклад выхаду радыёперадач у эфір, што вы даслалі, размножу на ксэраксе і буду раздаваць зацікаўленым людзям, сябрам і знаёмым, якіх у мяне — паў-Глыбокага”.

Тое, што здарылася з глыбоцкай газэтай “Паўночна-Заходні край” — не выключны выпадак. Адну за адной газэты прыпыняюць, забараняюць, пазбаўляюць рэгістрацыі альбо юрыдычнага адрасу і на Гарадзеншчыне, і на Магілёўшчыне, і на Берасьцейшчыне. Раней хоць нейкія фармальныя юрыдычныя зачэпкі шукалі, а цяпер і бяз гэтага абыходзяцца. Вось адмовілі днямі ўлады Ваўкавыску рэдактару “Местной газеты” Андрэю Шантаровічу ў рэгістрацыі юрыдычнага адрасу выданьня, і нават прычынаў не назвалі. “Ня хочам такой газэты” — вось і ўсе абгрунтаваньні. У любой эўрапейскай краіне, дзе заканадаўча замацавана свабода друку, за гэта чыноўнік пад суд пайшоў бы. А што ў Беларусі, дзе фармальна таксама існуе свабода сродкаў масавай інфармацыі? Чыноўнік адчувае сябе беспакараным, бо ведае, што ўсе дэмакратычныя свабоды ў дзяржаве з блаславеньня цэнтру па старой камуністычнай завядзёнцы не выходзяць за межы ягонага, чыноўніцкага разуменьня. А таму мясцовы князёк, не саромеючыся, вядзе справу да таго, каб у раёне засталася толькі адна газэта, якая належыць мясцоваму выканкаму і бесьперапынна гэты выканкам і ягоных начальнікаў усхваляе.

На заканчэньне кароткі ліст ад Антося Толы зь вёскі Мікулічы Баранавіцкага раёну. Слухач піша:

“Апошнім часам вельмі кепска было чуваць вашыя хвалі. Даводзілася сядзець ля прыймача ад 18-й да 24-й гадзіны, каб дакладна праслухаць усе перадачы. А яны наагул усе цікавыя і мне вельмі падабаюцца. За 13 гадоў беспрацоўя, дзякуючы вашым праграмам, я няблага вывучыў беларускую мову. І, будучы радыёаматарам з 40-гадовым стажам, не прапусьціў амаль ніводнай праграмы. Наагул, слухаю Свабоду, мабыць, з часоў Янкі Запрудніка. Помню моцныя перашкоды, але з дапамогай рамачных антэн усё ж удавалася што-кольвечы пачуць. Карыстаўся прыймачамі “Спорт-2”, “Океан”, “Селена”, “ВЭФ”, “Россия”. Добрыя былі прыймачы, але іх ужо ржа зьела. Нядаўна ў Наваградку купіў у шапіку за 20 тысяч прыймач непазначанай фірмы і краіны вытворчасьці. Звонку прыгожы, але далёка яму да “Океана” ці “ВЭФа”. Увесь калектыў “Свабоды” віншую са сьвятамі. Плёну вам у вельмі неабходнай працы. Цікавых здарэньняў і перамен!”

Дзякуй вам, спадар Тола, за такую надзвычайную ўвагу да нашай працы. Пра тое, што у многіх рэгіёнах Беларусі ёсьць праблемы з чутнасьцю нашых праграмаў, мы ведаем і спрабуем выправіць гэтае становішча.

Цягам апошніх дзён нам даслалі лісты, а таксама навагоднія і калядныя віншаваньні Раман Зіноўеў зь Лёзна, Павал Ялец з Антопаля Драгічынскага раёну, Лілія Васілеўская зь вёскі Трабы Іўеўскага раёну, Іна Аўчарэнка зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну, Тацяна Пліско зь Менску і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG