Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра праваслаўныя Каляды ў Менску нагадвалі хіба расьцяжкі над праспэктам Скарыны


Севярын Квяткоўскі, Менск Як сьвяткавалі менчукі праваслаўныя Каляды? Чым зьнешне адрозьнівалася ўбраньне Менску ад іншых сьвятаў? Рэпартаж карэспандэнта “Свабоды” сьведчыць, што, напрыклад, Дзень Гораду ладзіцца ў Менску больш пышна за Каляды і вабіць больш людзей.

Я знаходжуся на Кастрычніцкім пляцы ў Менску побач з “галоўнай елкай краіны”. Тут некалькі тысяч чалавек, і я бачу самотнага Дзеда Мароза.

(Дзед Мароз: ) “Кожны кадр са мною каштуе тысячу, калі ласка”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго людзей няма?”

(Дзед Мароз: ) “Запытайцеся ў іх”.

(Карэспандэнт: ) “Чым цяперашняе сьвята тут на пляцы адрозьніваецца ад Дня Горада, напрыклад?”

(Спадарыня: ) “Напэўна, такое самае”.

(Карэспандэнт: ) “Вы праваслаўная?”

(Спадарыня: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А вы пасьціліся?”

(Спадарыня: ) “Першы тыдзень – так. А пасьля – не”.

(Пэнсіянэрка: ) “Была ў нас куцьця, усё, як належыць”.

(Карэспандэнт: ) “Дзень Гораду больш значны за Каляды?”

(Хлопец: ) “Мне падаецца, Дзень Горада, раз народу болей адпачывае”.

(Другі хлопец: ) “Гледзячы для каго, можа, для вернікаў гэтае сьвята больш значнае”.

Некаторыя прыйшлі зь півам, некаторыя з джын-тонікам, некаторыя з “шампанскім”. Традыцыйных ятак няшмат. Адно тры-чатыры, дзе прадаюцца чабурэкі-булачкі-цукеркі…

(Дзяўчына: ) “На Дзень горада не было, бо я не адсюль, я зь Пінску. Тут больш ярчэй, агеньчыкаў болей, прыгажэй”.

З рэпартажу вынікае, што атмасфэра ў цэнтры Менску была ня надта вясёлая. Прынамсі, пераднавагодняя і навагодняя сытуацыя значна перавышала па колькасьці людзей ў цэнтры.

Выглядае, што большую частку сваіх фізычных, душэўных і фінансавых сродкаў менчукі выдаткавалі менавіта 31 сьнежня-1 студзеня. Калі ў Эўропе перад Калядамі гарады выміраюць, бо ўсе сядзяць за сталамі з традыцыйнымі поснымі стравамі, дык позна ўвечары 6 студзеня цэнтральныя менскія ўнівэрсамы поўніліся людзьмі, што закуплялі алькагольныя напоі ды далёка не посныя закускі. То бок, працягваўся Новы год.

Што да Дня гораду, які я ўзяў за эталён, гэтае сьвята ў Менску ладзіцца звычайна зь вялікім размахам. А пра праваслаўныя Каляды ў Менску нагадвалі хіба расьцяжкі над праспэктам Скарыны з адпаведнымі віншаваньнямі. Праўда, сёлета людзей віншавалі ня дзіўным словам “Ражджаство”, а менавіта з “Калядамі”. Нават сьвяточная ілюмінацыя ў беларускай сталіцы застаецца аднолькавай, што на Дзень гораду, што на Першага траўня, што на Новы год, што на Каляды.
XS
SM
MD
LG