Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міхаіл Марыніч лічыць, што ягоная віна ў судзе не была даказаная


Алег Грузьдзіловіч, Менск 10 студзеня Міхаіл Марыніч накіруе ў Менскі абласны суд касацыйную скаргу на той прысуд, які быў яму вынесены Менскім раённым судом 30 сьнежня. Ці ёсьць у былога міністра шанцы на адмену рашэньня, паводле якога ён прызнаны вінаватым?

Як і раней адвакаты, Міхаіл Марыніч таксама падрыхтаваў скаргу з просьбай скасаваць прысуд, які вынес яму Менскі раённы суд. Нагадаю, былога міністра асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.

Міхаіл Марыніч лічыць, што ягоная віна ў судзе не была даказаная. Паводле былога міністра, ён ня краў кампутары і іншую аргтэхніку, якую “Дзелавой ініцыятыве” ў часовае карыстаньне перадала амэрыканская амбасада. Тое, што частку гэтай тэхнікі сьледчыя КГБ знайшлі ў гаражы ягонага сына, ня можа быць доказам злачынства, лічыць Міхаіл Марыніч. Ён тлумачыць, што тэхніка ўтрымлівалася ў гаражы часова, пакуль шукаўся новы офіс арганізацыі.

У скарзе Міхаіл Марыніч спасылаецца на сьведкаў, якія пацьвярджаюць ягоныя словы, і заклікае судзьдзяў Менскага абласнога суду ўважліва паставіцца да гэтых паказаньняў. На думку Міхаіла Марыніча, калегія Менскага раённага суду на чале з судзьдзёй Людмілай Даўжэнка гэтыя паказаньні не ўлічыла.

Ці ёсьць шанцы, што іх улічаць судзьдзі Менскага абласнога суду? Адмыслоўцы мяркуюць, што яны мінімальныя, паколькі ад пачатку справа Міхаіла Марыніча была палітычнай. Сярод незалежных назіральнікаў пераважае думка, што Марыніча асудзілі выключна каб ня даць яму ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года, і таму яго будуць трымаць за кратамі яшчэ ня менш двух гадоў, калі міне палова тэрміну, і ён зможа разьлічваць на датэрміновае вызваленьне.

У тое, што судзьдзі прымуць самастойнае рашэньне, назіральнікі вераць мала. Тым ня менш, яшчэ адзін галосны разгляд гэтай справы Марыніч і ягоныя адвакаты лічаць вельмі важкім і карысным. Міхаіл Марыніч увогуле заяўляе, што на гэтым ня спыніцца і будзе дамагацца міжнароднага расьсьледаваньня сваёй справы.

Нагадаю таксама, што паводле аднаго эпізоду – адносна незаконнага валоданьня зброяй – суд Марыніча ўжо апраўдаў. Вось як ён пракамэнтаваў вынесены яму прысуд.

(Марыніч: ) “Трэба было ж костку нам кінуць. Яны мяркуюць, што гэтак на костках мы і будзем жыць. Ня будзем. Мы будзем змагацца за свабоду”.

Гэтак 30 сьнежня Міхаіл Марыніч з жалезнай клеткі у Менскім раённым судзе пракамэнтаваў тое, што паводле аднаго эпізоду яго апраўдалі, але паводле другога накіравалі ў турму. Сёньня, 10 студзеня, Міхаіл Марыніч намераны перадаць у абласны суд касацыйную скаргу на гэтае рашэньне.
XS
SM
MD
LG