Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія беспрацоўныя будуць канкураваць у зборы макулятуры й шклатары з бамжамі


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельскі рэгіянальны цэнтар занятасьці насельніцтва вырашыў у студзені прадаставіць усім беспрацоўным, зарэгістраваным у цэнтры, пэўны занятак. На жаль, гэта не азначае, што ў Гомелі ужо наогул ня будзе беспрацоўных.

Цэнтр занятасьці прадастаўляе, ці, дакладней, абавязвае, кожнага беспрацоўнага ў студзені выйсьці на працу ня меней чымсьці на два дні. Паводле дырэктара цэнтру Аляксандра Ключынскага, большая частка работ арганізавана на аснове замоваў сельгаспрадпрыемстваў. Калгасам і саўгасам трэба ачышчаць фэрмы ад гною, перабіраць цыбулю. Вось яны і зьвяртаюцца ў цэнтар занятасьці па дапамогу.

У першыя дні студзеня на працу ў калгасы цэнтар адпраўляў па дзьве з паловаю сотні беспрацоўных. З пачаткам цяперашняга тыдня колькасьць беспрацоўных, якія паедуць у калгасы, істотна павялічыцца. Але паколькі ў бліжэйшых да Гомеля сельгаспрадпрыемствах на ўсіх беспрацоўных усё адно працы не хапае, то цэнтар занятасьці плянуе сваіх кліентаў вывесьці на ўборку ў горадзе макулятуры ды бутэлек. Зборам апошнім часам займаюцца толькі бамжы – людзі бяз пэўнага занятку і месца жыхарства.

Збор макулятуры ды бутэлек – па сутнасьці, адзіны спосаб выжываньня гарадзкіх бамжоў. І хаця пасьля навагодніх ды калядных сьвятаў макулятуры ды бутэлек у горадзе паболела, тым ня менш, канкурэнцыя з боку беспрацоўных з цэнтру занятасьці нічога добрага для бяздомных людзей не прадракае. Гаворыць 52-гадовы гарадзкі бомж, які назваўся Пятром:

(Пётр: ) “Капут будзе поўны! Будзе канкурэнцыя. І я не разумею нашыя ўлады. Яны адправяць усіх туды-сюды зьбіраць гэту макулятуру. А што мне застанецца? Мне нічога не застанецца! Ніхто нічога не возьме, ні капейкі з тых, хто ня мае работы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна зарабіць нейкія грошы, зьбіраючы бутэлькі ды макулятуру”?

(Пётр: ) “Рублі тры, тры тысячы рублёў. Трэба хоць крышачку, каб не памерці”.

Тры тысячы рублёў Пётр зарабляе за дзень на сьметніках. Выграбае з кантэйнэраў пустыя бутэлькі, здае іх на прыёмныя пункты шклатары. Радуецца і выкінутым аб’едкам з чужога стала. З гэтага пакуль і жыве. І такіх, як Пётр, у горадзе многія дзесяткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG