Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі зьбіраецца адміністрацыйным чынам рэгуляваць кошт сьвініны ды ялавічыны


Міхал Стэльмак, Менск Пераход Беларусі ва ўзаемадачыненьнях з Расеяй на новы падатковы мэханізм, які зь сёлетняга году прадугледжвае спагнаньне падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня, літаральна з гэтага тыдня пачне праходзіць практычнае апрабаваньне. Рэч у тым, што ў Расеі толькі што скончыліся сьвяты, і галоўны эканамічны партнэр Беларусі ад сёньняшняга дня вяртаецца да актыўнага эканамічнага жыцьця. Чаго чакаць ад новага падатковага мэханізму беларусам?

Фінансавая няпэўнасьць, якую прагназавалі аналітыкі ў сувязі з падатковымі зьменамі ў беларуска-расейскіх узаемадачыненьнях, насамрэч, вызначае цяперашнюю сытуацыю ў беларускай эканоміцы. Згаданую няпэўнасьць памножыў нядаўна падпісаны дзьвюма краінамі газавы кантракт на сёлетні год, паводле якога цана расейскага газу для Беларусі ў параўнаньні зь леташнім годам вырасла на 18 адсоткаў. З гэтага вынікае, што краіну чакае рост цэн. Але на якую канкрэтна велічыню ўздымуцца кошты прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў – зараз не бярэцца сказаць ніхто. І гэта вельмі турбуе гаспадарнікаў.

Рэч у тым, што беларускі ўрад да ўвядзеньня новага падатковага мэханізму раіў суб’ектам гаспадараньня, якія маюць у Расеі эканамічных партнэраў, заключаць кантракты зь імі на ранейшых умовах. Беларускае кіраўніцтва спадзявалася, што яму ўдасца дамовіцца з Расеяй у пытаньні газу на прывілеяваных умовах – як стратэгічнаму партнэру ў рамках Саюзнай дзяржавы. Аднак спадзяваньні ня спраўдзіліся. І ранейшыя рэкамэндацыі, як лічаць экспэрты, толькі пагаршаюць становішча беларускіх прадпрыемстваў.

З другога боку, Расея сёлета таксама ўнесла карэктывы ва ўнутраную эканамічную палітыку – зьмяніла некаторыя “правілы гульні” для ўласных суб’ектаў гаспадараньня. 10 студзеня ў Расеі сканчаецца сьвяточны пэрыяд, і ад сёньняшняга дня расейскія й беларускія прадпрыемствы пачнуць, паводле назіральнікаў, новыя перамовы наконт умоваў супрацоўніцтва. Ці знойдуць бакі паразуменьне – пытаньне, якое зараз застаецца адкрытым. Гаворыць намесьнік міністра фінансаў Беларусі Іван Шунько:

(Шунько: ) “Газ – гэта стратэгічны тавар. Гэта ж трывожыць людзей: якімі будуць цэны? Куды папаўзуць цэны? Калі павялічыць цэны на 18 працэнтаў па газу, то ў нас павінен тады вырасьці сабекошт. А як спрагназаваць цану – невядома. Таму мы шукаем шляхі, каб неяк зьнівэляваць, каб цэны неяк ня так высока папаўзьлі, таму што гэта сур’ёзна для эканомікі. Расейцы таксама павысілі цэны на ўнутраны газ, таму ў іх тая ж праблема. Папаўзе сабекошт, таму вымушаны будуць гнаць і цэны”.

Улады шукаюць шляхі для прадухіленьня эканамічных цяжкасьцяў – але наколькі яны эфэктыўныя? На сёньняшні дзень вядома, што ўрад у сувязі з пераходам на новы мэханізм спагнаньня падатку на даданую вартасьць і новай цаной на расейскі газ прыняў рашэньне пра пашырэньне сьпісу так званых “сацыяльна значымых” тавараў. У гэты сьпіс дадаткова ўключаны сьвініна ды ялавічына. Ад 3 студзеня Міністэрства эканомікі мае права і зьбіраецца адміністрацыйным чынам рэгуляваць іх кошт. Паводле незалежных экспэртаў, улады палохаюць палітычныя наступствы магчымага стыхійнага росту цэнаў на харчаваньне, і таму ўрад вырашыў цэны на мясапрадукты ўзяць пад свой кантроль.

На гэтым тыдні чакаецца прыняцьце і іншых рашэньняў для прадухіленьня цэнавай дэстабілізацыі. У прыватнасьці, мяркуецца разгляд вышэйшым кіраўніцтвам краіны на чале з Аляксандрам Лукашэнкам пытаньня коштаў энэрганосьбітаў для беларускіх спажыўцоў. Інакш кажучы, улады зьбіраюцца дадатковы фінансавы цяжар ад павелічэньня цэнаў на газ разьмеркаваць паміж канкрэтнымі спажыўцамі паліва – прамысловымі прадпрыемствамі, сельскагаспадарчымі, насельніцтвам. Так што рост цэнаў не за гарамі.

Многія жыхары як у горадзе, так і ў вёсцы чакаюць гэтага росту са страхам, паколькі і пры сёньняшніх цэнах вялікая частка насельніцтва мела нізкі дабрабыт. Паводле экспэртаў, ахвярамі мяркуемага павышэньня цэнаў найперш стануць беларусы, якія жывуць выключна на заробкі, пэнсіянэры. І найменш пацерпяць тыя, хто ў пытаньні дабрабыту спадзяецца найперш на сябе, а не на дзяржаву. Зь іх ліку, напрыклад – Валянціна Валуевіч зь Мядзельшчыны:

(Валуевіч: ) “Каровы ў мяне тры, парсючкі чатыры. Затое маю сала. Маю курэй – дванаццаць. Усю гаспадарку. Без гаспадаркі цяжка жыць. Асабліва без каровы. Але ж затое малачко здасі – вось табе і капеечка. А так цяжка – з палучкі ніяк ня пражыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG