Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі адзначаюць тэндэнцыю павелічэньня колькасьці вэнэрычных захворваньняў у вёсцы


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Тыднёвік “Наша ніва” ў сваім апошнім нумары друкуе артыкул пад назваю “Закрытае акцыянэрнае таварыства Рэспубліка Беларусь”. Вось адна з цытатаў публікацыі: “Дзяржава дзейнічае не як супрацоўнік плянавага аддзелу, а як буйны бізнэсовец. Беларусь ператвараецца ў закрытае акцыянэрнае таварыства, дзе галоўная доля належыць аднаму акцыянэру, а грамадзяне застаюцца шараговымі супрацоўнікамі”.

У працяг юдычна-прававой тэматыкі “Наша ніва” зьмяшчае артыкул “Што новага ў заканадаўстве ад 1 студзеня”, у якім паведамляе падрабязнасьці ўсіх новаўводзінаў, ад павелічэньня ў эфіры беларускай музыкі да падаўжэньня тэрмінаў дзеяньня чэкаў “Маёмасьць”.

Тыднёвік “Гоман Барысаўшчыны” сёньня падводзіць вынікі сельскагаспадарчага году ў Барысаўскім раёне. Гаворка вядзецца пра нядаўнюю ініцыятыву кіраўніка краіны далучыць адсталыя калгасы да заводаў і фабрык. Паводле статыстычных зьвестак, усе далучаныя адсталыя гаспадаркі раёну такімі й засталіся па вытворчасьці збожжа, загатоўцы кармоў, адпаведна – па надоях і прывесах. Прамысловыя прадпрыемствы, у сваю чаргу, пацярпелі дадатковыя выдаткі. Да прыкладу, саўгас Траянаўка месьціцца ў 50 кілямэтрах ад Барысава. Каб вазіць туды заводзкіх рабочых, прадпрыемства мусіць выдаткоўваць вялікія грошы на паліва, плаціць заробкі людзям, якія адсутнічаюць у цэхах. Акрамя таго, ніякага працоўнага энтузіязму ў гараджанаў гэткая “прынудзілаўка” не выклікае. Артыкул называецца “Што з казла малака”.

Вясковую тэматыку працягвае “Брестская газета”. У артыкуле “Пранцы пайшлі ў вёску” паведамляецца пра агульнае становішча з вэнэрычнымі захворваньнямі ў краіне. У прыватнасьці, моладзь ў веку 15-29 гадоў складае 52% ад агульнай колькасьці хворых, і найбольш такіх у Менскай вобласьці, а найменш – у Берасьцейскай. Акрамя таго, мэдыкі адзначаюць, што ўсё выразьней заўважная тэндэнцыя павелічэньня колькасьці вэнэрычных захворваньняў у вёсцы. Да прыкладу, калі ў 1998 годзе вясковыя жыхары складалі толькі 15% ад агульнай колькасьці хворых на пранцы, то ў мінулым годзе такіх стала ўдвая больш.

У сёньняшнім нумары газэта “Віцебскі кур’ер” друкуе інтэрвію з майстрам спорту й прызёркай агульнабеларускіх спаборніцтвах у армрэсьлінгу Ірынай Баранавай. Яна – студэнтка другога курсу Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, падае вялікія надзеі ў сваім відзе спорту й нават спадзяецца на перамогу на Кубку Беларусі з больш вопытнымі спартоўцамі. У артыкуле таксама падаецца гісторыя паходжаньня армрэсьлінгу. Так, першыя спаборніцтвы ў змаганьні на руках прайшлі ў ЗША ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. У Беларусі ж упершыню яны адбыліся толькі ў 1990 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG