Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 студзеня нарадзіліся беларускі архітэктар Георгі Лаўроў і першы прэзыдэнт незалежнай Украіны Леанід Краўчук


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 9 і 10 студзеня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

9 студзеня 1905 году, 100 гадоў таму, у Санкт-Пецярбургу царскія войскі расстралялі мірнае шэсьце рабочых. У тым шэсьці бралі ўдзел 140 тысяч чалавек, шмат зь іх загінула. А ішлі рабочыя з пэтыцыяй да цара. Думалі, што цар добры, а толькі намесьнікі ў яго ліхія. Той дзень увайшоў у расейскую гісторыю пад назвай Крывавай нядзелі.

9 студзеня 1848 году ў вёсцы Наднёман – пры самым пачатку Нёмана – нарадзіўся Якуб Наркевіч-Ёдка. Ён скончыў Менскую гімназію, вучыўся ў Маскве і Парыжы, а пасьля вярнуўся дахаты. Наркевіч-Ёдка быў мэдыкам і прыродазнаўцам. У сваім маёнтку ён стварыў мэтэаралягічную станцыю, вывучаў атмасфэрную электрычнасьць, хуткасьць руху аблокаў, рабіў прылады для барацьбы з градам і для замярэньня вільготнасьці глебы, а таксама для бяспроваднага прыёму электрамагнітных сыгналаў. Наркевіч-Ёдка прыдумаў спосаб лячэньня нэрвовых хваробаў электрычным масажам і нават адкрыў у сябе ў маёнтку санаторый.

Зь іншых славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 9 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня чэскага пісьменьніка Карэла Чапэка і францускую пісьменьніцу ды вялікую фэміністку Сымону дэ Бавуар, амэрыканскага прэзыдэнта Рычарда Ніксана і беларускага генэтыка Антона Жэбрака, які быў нейкі час прэзыдэнтам Акадэміі Навук і ўсё жыцьцё займаўся сэлекцыяй пшаніцы ды грэчкі, а таксама менскую гераіню-падпольшчыцу Марыю Осіпаву.

Цяпер – пра сёньняшнія даты.

10 студзеня 1941 году паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Нямеччынай была заключаная дамова на пастаўку збожжа з Савецкага Саюзу ў Нямеччыну. Гэта быў найбуйнейшы эканамічны кантракт паміж двума таталітарнымі рэжымамі, якія рыхтаваліся да вайны паміж сабою.

10 студзеня 1957 году пакінула гэты сьвет чылійская паэтка Габрыэла Містраль – мусіць, адна з найвялікшых і найбольш знаных і любімых паэтак усіх часоў і народаў. У 1945 годзе Габрыэле Містраль была прысуджаная Нобэлеўская літаратурная прэмія, а на беларускую мову яе вершы перакладаў Рыгор Барадулін.

10 студзеня ў розныя гады нарадзіліся чэхаславацкі кіраўнік часоў брэжнеўскага застою Густаў Гусак, беларускі архітэктар Георгі Лаўроў, аўтар праекту старой нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, рэктар БДУ пачатку 1990-х Фёдар Капуцкі і першы прэзыдэнт незалежнай Украіны Леанід Краўчук.
XS
SM
MD
LG