Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто належыць да найбольш уплывовых беларусаў і чаму?


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле сацыялягічнага апытаньня, праведзенага лябараторыяй НОВАК напярэдадні новага года, у чацьвёрку найбольш уплывовых беларусаў патрапілі кіраўнік краіны, два спартоўцы і сьпявак. Чаму ў Беларусі такія вынікі, і што ўплывае на грамадзкую думку?

Першае месца заняў Аляксандар Лукашэнка, яго назвалі 29,4 працэнта рэспандэнтаў. Самая хуткая жанчына плянэты, алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка, займае ў гэтым рэйтынгу другое месца – у яе 4,1 працэнта. Затым ідзе тэнісіст Макс Мірны, яго назвалі 3 працэнты апытаных, і, нарэшце, завяршае гэтую табліцу малады сьпявак Руслан Аляхно.

Дзіўна тое, што ніводны іншы беларускі палітык, акрамя спадара Лукашэнкі, не патрапіў у гэтую чацьвёрку. Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі застаўся па-за межамі гэтага сьпісу, і яго апярэдзіла нават сьпявачка Ларыса Грыбалёва.

Чаму ж такая сытуацыя склалася ў Беларусі? Мае суразмоўцы не падвяргаюць сумневу вынікі гэтага дасьледаваньня, а разважаюць, што ўплывае на грамадзкую думку. Намесьнік старшыні БСДГ Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Усе гэтыя людзі – героі СМІ. Яны пануюць на тэлебачаньні, і таму яны як бы вядомыя, як зараз кажуць, раскручаныя. У гэтым сэнсе вынік заканамерны. Што тычыцца іншых палітыкаў, скажам, палітыкаў, якія крытыкуюць і зьяўляюцца апанэнтамі Лукашэнкі, то іх вядомасьць дастаткова вузкая менавіта з-за адсутнасьці ў іх выхаду ў сродкі масавай інфармацыі. Сувязь непасрэдная”.

Былы дэпутат, а цяпер дырэктар Беларускага аналітычнага фонду “Палітыка, грамадзянскія ініцыятывы й дыялёг” Іван Пашкевіч не зьдзіўляецца таму, што рэйтынг “чалавек года ў Беларусі” ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка.

(Пашкевіч: ) “Сёньня ад яго ў краіне залежыць усё – ці гэта будаўніцтва ў вёсцы нейкага кароўніка, ці гэта будаўніцтва ў Менску Нацыянальнай бібліятэкі, ці прыняцьце нейкіх законаў”.

Паводле сацыёляга Аляксандра Саснова, усе названыя асобы, акрамя Лукашэнкі, маюць уплыў на грамадзкую думку, але ня маюць уплыву на жыцьцё, нічога памяняць у краіне ня могуць. Спадар Сасноў таксама зьвяртае ўвагу на мэдыйны фактар:

(Сасноў: ) “Вось уключыце тэлевізію, і вы пабачыце, хто там ёсьць. Там ёсьць Лукашэнка – 80 працэнтаў, ну, потым нехта зь яго атачэньня. А апазыцыя – уся дрэнная, усе там “адмарозкі”, няма яе. Супраць гэтых людзей працуе ўвесь дзяржаўны, мэдыйны апарат, усё працуе супраць іх, дык што тут можа быць іншае?”

Вартая ўвагі другая частка апытаньня сацыялягічнай лябараторыі НОВАК – каго беларусы называюць чалавекам года ў сьвеце. У гэтай чацьвёрцы – Уладзімер Пуцін (11,4 працэнта), Аляксандар Лукашэнка (4,1 працэнта), далей адпаведна Джордж Буш і Віктар Юшчанка. Як ставяцца палітыкі да гэтых вынікаў?

Мае суразмоўцы адзначаюць як станоўчы факт тое, што беларусы назвалі “чалавекам года ў сьвеце” ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Юшчанку, нягледзячы на тое, што ён завяршае гэтую табліцу. Былы дэпутат Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Я ўсё ж на першае месца паставіў бы Юшчанку, сёньня гэта чалавек вядомы ўсім, ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Беларусі, Расеі, у ЗША, Канадзе. За тым, што адбывалася ва Ўкраіне сачыў увесь сьвет”.

Паводле сацыёляга Аляксандра Саснова, пры адсутнасьці ва Ўкраіне аранжавай рэвалюцыі, Віктар Юшчанка не патрапіў бы ні ў якія рэйтынгі.

Актывіст БСДГ Аляксей Кароль зьвяртае ўвагу на тое, што падобных падзеяў, якія б вызначалі вядомасьць імя нейкага апазыцыйнага палітыка, у Беларусі не было. Як жа зьбіраецца дэмакратычная апазыцыя “раскручваць” свайго адзінага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду ў такіх умовах?

(Кароль: ) “Прыйдзецца карыстацца тымі ж мэтадамі, што і ў 19 стагодзьдзі – улёткі, вусная агітацыя, тлумачальная праца і, па магчымасьці, выхад на расейскія электронныя й заходнія СМІ”.
XS
SM
MD
LG