Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарах у Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе зьбіраюцца ўдзельнічаць прынамсі 4 дэмакратычныя кандыдаты


Уладзімер Глод, Менск 10 студзеня былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Фралоў зьбіраецца вылучыцца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты – гэтым разам у 52-й Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе. Гэта адзіная са 110 акругаў, якая пакуль ня мае свайго дэпутата, паколькі ўвосень выбары тут былі прызнаныя неадбытымі. Мяркуецца, што імя новага парлямэнтара будзе названае 20 сакавіка, калі пройдзе галасаваньне.

Згодна з законам, вылучэньне патэнцыйных кандыдатаў пачалося 9 студзеня. Так атрымалася, што першы дзень выбарчай кампаніі патрапіў на выходны дзень, і, наколькі мне вядома, ніхто з патэнцыйных кандыдатаў учора афармленьнем свайго вылучэньня не займаўся. Да таго ж, згодна з заканадаўствам, падаць заяўку можна да 7 лютага ўключна, так што час яшчэ ёсьць.

З другога боку, губляць яго марна неразумна. Вось чаму, Валеры Фралоў мае намер ужо сёньня наведаць акруговую выбарчую камісію. І ўжо вядома, што ён ня будзе адзіным прэтэндэнтам на мандат парлямэнтара. У гэтай жа акрузе балятуецца намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Свайго кандыдата зьбіраецца вылучаць партыя Станіслава Шушкевіча – магчыма, ім будзе Валянцін Аскірка, які вылучаўся ў гэтай акрузе ўвосень. А Партыя БНФ ужо абвясьціла, што 15 студзеня яна правядзе пазачарговы зьезд, у папярэднім парадку дня якога адзінае пытаньне – вылучэньне свайго кандыдата (верагодна, ім будзе Сяргей Антусевіч) на выбары. Вось ужо, як мінімум, 4 дэмакратычных кандыдаты. А яшчэ ж будуць кандыдаты ад улады. Так што кампанія зьбіраецца вялікая.

Праўдападобна, што ў 52-й акрузе паўторыцца сытуацыя восеньскіх выбараў, калі ў некаторых акругах за адзін мандат спаборнічалі некалькі дэмакратычных кандыдатаў. Ці не азначае гэта, што апазыцыя зноў наступае на адны й тыя ж граблі?

Адносна гэтага ёсьць дзьве процілеглыя думкі. Адна група палітыкаў лічыць, што абавязкова патрэбна вызначыцца з адзіным кандыдатам у акрузе. І вось як абгрунтоўвае такі падыход першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Ўладзімер Нісьцюк (сябрам гэтай партыі зьяўляецца і Валеры Фралоў):

(Нісьцюк: ) “Гэтая акруга стане тым крышталём, у якім бачны ўсе праблемы беларускай палітычнай апазыцыі. Размовы й перамовы будуць весьціся, але тое, што туды кожны хоча сваю нагу паставіць, замест таго каб дамовіцца і вылучыць адзінага кандыдата і нешта там зрабіць. Якія надзеі могуць быць цяпер на тое, што будзе адзіны кандыдат на прэзыдэнта, калі мы ня можам з трох чалавек вылучыць адзінага кандыдата на акругу?! Вось у чым пытаньне. Гэта як раз дэманстрацыя няздольнасьці дамаўляцца, дэманстрацыя таго, што кожны цягне коўдру на сябе. І калі кандыдаты не дамовяцца, не распрацуюць адзінага сцэнара, больш весьці размову пра тое, што можна абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнты, нельга. Гэта будзе цынічна, а з пункту гледжаньня выбарчай тэхнікі – бессэнсоўна”.

Тыя ж палітыкі, якія лічаць, што ў 52-й акрузе трэба вылучаць усіх жадаючых прэтэндэнтаў з дэмакратычнага лягеру, сыходзяць з таго, што вынік выбараў у акрузе вядомы загадзя – улады любымі шляхамі правядуць у парлямэнтары свайго кандыдата. Таму разьлічваць на перамогу тут апрыёры немагчыма. Калі сыходзіць з гэтага, то тады чым больш прэтэндэнтаў ад апазыцыі, тым лепш, паколькі чым больш будзе ініцыятыўных групаў, тым больш насельніцтва яны ахопяць сваёй агітацыяй. І вось што гаворыць з гэтай нагоды Яраслаў Раманчук, які зьбіраецца балятавацца ў 52-й акрузе:

(Раманчук: ) “З майго пункту гледжаньня, я ня буду канкураваць тут з маімі калегамі й сябрамі з дэмакратычнага лягеру. Безумоўна, асноўная мэта ўдзелу ў гэтай кампаніі – гэта кантакт з людзьмі, правядзеньне спатканьняў, стварэньне пазытыўнага іміджу апазыцыі. І я не буду зьвяртаць увагу на тое, будуць здымаць мяне з выбарчай гонкі ці не, будуць перашкаджаць ці не. У мяне ёсьць вельмі моцная каманда, зь якой мы пойдзем на гэтую кампанію”.

На здымку: Валер Фралоў
XS
SM
MD
LG