НАЙРОБІ. У сталіцы Кеніі была падпісаная мірная дамова паміж урадам Судану і паўстанцамі. На цырымоніі прысутнічалі лідэры афрыканскіх дзяржаваў і дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл. У сваім выступе ён назваў дакумэнт “гістарычным”. Падпісанае пагадненьне завяршае шматгадовую вайну паміж мусульманскай поўначчу і хрысьціянамі ды паганцамі паўднёвага Судану. Цяпер у Судане адбываюцца сьвяткаваньні з гэтае нагоды.
Адзін з прадстаўнікоў паўстанцаў заявіў:
(Самсон Квае:) – Гэта дзень ня толькі радасьці, але й падвядзеньня вынікаў. Мы ваявалі больш за 20 гадоў і вайна – гэта ўсё, што ведала нашае пакаленьне. Мы і нашыя дзеці нічога ня помнім, апрача вайны. Нарэшце з гэтым скончана. Я думаю, цяпер мы здолеем наладзіць мірнае жыцьцё і нашыя ўнукі ня будуць ваяваць.