Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляды ў Дзяржынскім раёне


Міхал Стэльмак, Дзяржынскі раён Праваслаўныя беларусы працягваюць адзначаць Каляды, якія, нагадаем, пачаліся для іх 7 студзеня. У розных рэгіёнах краіны гэтымі днямі ладзяцца калядныя сьвяткаваньні. Наш карэспандэнт пацікавіўся, як калядуюць у Дзяржынскім раёне.

(Калядная песьня: )

“Рана куры запелі, Каляда, куры запелі – гу-у! А яшчэ раней хазяйка ўстала, Каляда, хазяйка ўстала – у-ух!”

Калядуюць сёлета як у самім Дзяржынску, так і ў вёсках гэтага раёну. Напрыклад, у Баравіках:

(Нядзьведзкая: ) “Мяне завуць Нядзьведзская Ала Мікалаеўна. Я ўжо на пэнсіі, нікім ня раблю. Людзі сьпяваюць і я сьпяваю. Адзін сын грае, другі сын сьпявае, дачка сьпявае. І я сьпяваю. Традыцыя ж – яна не памірае. Традыцыя – яна ідзе і ідзе”.

Прынамсі, на думку іншых жыхароў Дзяржыншчыны, у савецкі час тут меў месца заняпад калядных сьвяткаваньняў. Паводле іх, камуністычныя ўлады ня ўхвалялі традыцыі, асабліва калі яны мелі рэлігійны зьмест. Аднак нягледзячы на гэта тутэйшыя людзі калядавалі тады ўпотай. Зараз сьвяткаваньні ў раёне, паводле жыхаркі Дзяржынску Лідзіі Драчынскай, маюць значна большы маштаб:

(Драчынская: ) “У нас вельмі цікава, вельмі весела. Ведаеце, тут людзі крыху прасьцейшыя. Я ўчора была ў Менску. Таксама сьвяты вельмі добрыя. Усе вакол гуляюць, сьпяваюць. Але ў нас крыху бліжэй да жыцьця, да людзей. Можа таму, што каля Менску, можа таму, што інтэлігенцыі шмат. Тут усё па-простаму, для людзей”.

У Дзяржынскіх вёсках можна спаткаць усіх калядных пэрсанажаў. Напрыклад, Казу:

(Каза: ) “Я – Каза. Трэба Казе даць сала, каб у Казы душа скакала. А так жа Каза таньчыць ня будзе. І каўбасу трэба – пальцам пханую. Тады і каза будзе скакаць ды плясаць”.

(Калядная песьня: )

“Дзе каза ражком, там жыта стажком. Дзе каза паходзіць, там жыта ўродзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Якое месца ў жыцьці беларусаў займаюць Каляды?”

(Пракошына: ) “Гэта рытуальнае сьвята. Гэта сьвята старажытнае. Я памятаю, як яшчэ наша мама куцьцю рабіла і сена на стол клала. Гэта, я лічу, самае галоўнае сьвята”.

Гэта было меркаваньне пэнсіянэркі Ганны Пракошынай зь вёскі Баравікі. Яе думку падзяляе і мэтадыст аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкаму Іна Ахраменка:

(Ахраменка: ) “У нас Каляды ў кожнай кропцы нашага раёну. Наша насельніцтва ў кожным куточку адзначае гэтае сьвята”.

(Калядная песьня: )

“Уставай, бацяньку на параданьку, Каляда, на параданьку – у-ух! Бо прыйшлі да вас калядоўшчыкі, Каляда, калядоўшчыкі”.
XS
SM
MD
LG