Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю на выбарах кіраўніка Палестыны сутыкнуліся Мустафа Баргуці і Махмуд Абас


Юры Дракахруст, Прага У нядзелю 9 студзеня адбудуцца выбары кіраўніка палестынскай аўтаноміі, які зойме месца памерлага Ясіра Арафата. Сярод 7 кандыдатаў фаварытамі зьяўляюцца былы прэм’ер-міністар аўтаноміі Махмуд Абас і кіраўнік палестынскага мэдычнага саюзу Мустафа Баргуці.

Махмуду Абасу было 13 гадоў, калі ў 1948 годзе ягоная сям’я зьбегла з гораду Сафэд у Дамаск. Ён стаў адным з 700 тысячаў палестынцаў, якія пакінулі землі, на якіх была абвешчаная дзяржава Ізраіль.

Паўстагодзьдзя Абас правеў у выгнаньні. Аднак ён належыць да кола памяркоўных палестынскіх лідэраў. У 1993 годзе ён быў адным з архітэктараў мірнага працэсу паміж палестынцамі і ізраільцянамі.

Падчас цяперашняй перадвыбарчай кампаніі ён заявіў, што інтыфада – узброенае паўстаньне супраць ізраіліцянаў, якое пачалося 4 гады таму – была памылкай і павінна скончыцца. Гэтая заява – ня новая для Абаса.

(Абас: ) “Мы прыкладзем усе высілкі і скарыстаем усе сродкі, каб скончыць узброеную інтыфаду, і мы атрымаем посьпех. Узброеная інтыфада павінна скончыцца, і мы павінны выкарыстоўваць мірныя сродкі, каб пакласьці канец ізраільскай акупацыі, канец пакутам палестынцаў і ізраільцянаў, і будаваць палестынскую дзяржаву”.

Гэтак Махмуд Абас казаў у чэрвені 2003 году, калі ён у рангу прэм’ер-міністра Палестынскай аўтаноміі сустракаўся з кіраўніком ізраільскага ўраду Арыэлем Шаронам і прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.

З прызначэньнем Абаса прэм’ер-міністрам сьвет зьвязваў надзеі на рэалізацыю пляну блізкаўсходняга ўрэгуляваньня “дарожная мапа”, распрацаваная Злучанымі Штатамі, Эўразьвязам, Расеяй і ААН. Злучаныя Штаты не хацелі мець справу з палестынскім лідэрам Арафатам, падазраючы яго ў сувязях з тэрарыстамі.

Аднак спадзевы на Абаса не апраўдаліся: ён быў вымушаны сысьці ў адстаўку. Пры гэтым ён абвінаваціў Арафата ў нежаданьні перадаць яму кантроль на спэцслужбамі, Ізраіль – у нежаданьні выконваць пункты “дарожнай мапы”, Злучаныя Штаты – у няздольнасьці націснуць на Ізраіль.

Сьмерць Арафата ізноў высунула Абаса на авансцэну палітыкі. Ён быў абраны кіраўніком Руху вызваленьня Палестыны, рух Арафата Фатх вылучыў яго на пасаду прэзыдэнта.

Зараз Абас, які ня мае баявога мінулага, імкнецца прыцягнуць да сябе сымпатыі ваяўнічых палестынцаў. На мінулым тыдні, пасьля таго, як ізраільскія войскі забілі ў сэктары Газа семярых палестынцаў Махмуд Абас, выступаючы на мітынгу, сказаў:

(Абас: ) “Мы молімся за душы нашых пакутнікаў, якія былі забітыя сёньня снарадамі сіянісцкага ворага ў Бэйт Лехіі”.

Ізраіль і Злучаныя Штаты асудзілі гэтую заяву, аднак неўзабаве пасьля яе прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон заявіў, што спадзяецца на сустрэчу з Абасам пасьля яго абраньня.

Аналітыкі адзначаюць, што Ізраіль і іншыя дзяржавы больш цікавіць ня тое, што сёньня гавораць кандыдаты лідэра палестынскай аўтаноміі, а тое, што яны будуць рабіць у выпадку абраньня.

У той жа час самім кандыдатам трэба знайсьці балянс паміж нацыянальнымі пачуцьцямі палестынцаў і імкненьнем даказаць міжнароднай супольнасьці, што яны – за мірнае вырашэньне канфлікту з Ізраілем.

Галоўны канкурэнт Абаса – старшыня палестынскай мэдычнай арганізацыі Мустафа Баргуці. Баргуці навучаўся ў СССР і ў ЗША, удзельнічаў у мірных перамовах з ізраільцянамі ў 1991 годзе. На працягу апошняга месяца ізраільская паліцыя тройчы затрымлівала палітыка, апошні раз – літаральна напярэдадні выбараў, калі ён спрабаваў прайсьці на Храмавую гару ў Ерусаліме, сьвятое месца для юдэяў і мусульманаў. Баргуці сказаў паліцэйскім:

(Баргуці: ) “Вы арыштоўваеце кандыдата на прэзыдэнта, які мае дазвол быць у Ерусаліме. Я даў вам гэты дакумэнт, які паказвае, што я магу знаходзіцца ў Ерусаліме. Я прыбыў сюды, каб маліцца ў мячэці Аль-Акса”.

Палітык быў затрыманы, але ў хуткім часе вызвалены.

На мінулым тыдні Баргуці заявіў, што ягоную кандыдатуру падтрымлівае Народны Фронт вызваленьня Палестыны – радыкальная палестынская групоўка. Найбольш уплывовая экстрэмісцкая групоўка “Хамас”, якая нясе адказнасьць за значную колькасьць тэрактаў супраць ізраільцянаў, афіцыйна не прымае ўдзелу ў галасаваньні 9 студзеня, аднак, паводле некаторых зьвестак, будзе падтрымліваць Баргуці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG