Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды на Полаччыне – “княжычы” праводзяць каляды паводле аўтэнтычных старых абрадаў


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Гэтымі сьвяточнымі днямі сябры Наваполацкага гісторыка-культурніцкага клюбу “Княжыч” едуць, па старой завядзёнцы, калядаваць, і іхныя калядкі гучаць шмат у якіх мястэчках і вёсках Полаччыны.

Сёлета гісторыка-культурніцкі клюб “Княжыч” (у старабеларускай мове так называлі маладзік) адзначае сваё дзесяцігодзьдзе. Арганізаваны ён быў маладымі выкладчыкамі і студэнтамі Полацкага дзяржунівэрсытэту з мэтаю вывучэньня гісторыі і этнаграфіі Прыдзьвінскага краю.

Адначасова была вызначана задача поўнага аднаўленьня – ва ўсіх праявах – народных традыцыяў і абрадаў. Сярод іх, вядома ж, і абраду калядаваньня. Прычым, не ў музэйна-акадэмічнай, а жывой форме. Такім чынам, штогоду, на праваслаўныя Каляды, “княжычы” наведваюць навакольныя вёскі і паказваюць людзям – як калядавалі нашыя продкі.

Гаворыць сябар клюбу Сяржук Балай:

(Балай: ) “Княжыч” калядуе ўжо дзявяты год запар. Мы звычайна калядаваць езьдзім на праваслаўныя Каляды, а сёлета вырашылі – і на тыя, і на тыя зьезьдзіць. Традыцыя калядаваньня ў нас ужо склалася. Калядуем, можна сказаць, досыць прафэсійна.

Сам калядны абрад у нас традыцыйны. Мы прыяжджаем на вёску: у нас ёсьць “Каза”, у нас ёсьць механоша, у нас ёсьць проста калядоўшчыкі – традыцыйныя пэрсанажы беларускіх Калядаў. Мы ідзем па хатах, сьпяваем калядныя песьні, заклікаем гаспадароў нас абдарыць: ладзіцца тыповы беларускі абрад калядаваньня”.

Трэба адцеміць, што цяпер, займеўшы славу прафэсійных калядоўшчыкаў, “княжычы” едуць не туды, куды хочуць, а туды, куды іх запрашаюць.

Слова маршалку клюбу Аляксею Кавалёву:

(Кавалёў: ) “Сёлета мы езьдзілі ў вёску Касары, куды нас запрасілі мясцовыя жыхары. Сярод іх шмат каталікоў, і яны вельмі былі ўдзячныя за тое, што мы да іх прыехалі. У гэтым годзе з намі езьдзілі вучні школы выхаднога дня. Мы лічым, што ўдала зьезьдзілі, бо нас запрасілі прыехаць на Вялікдзень з валачобным абрадам”.

Застаецца дадаць, што дзіцячая школа выхаднога дня, якую згадаў спадар Кавалёў, працуе пад эгідай “Княжыча”. Сярод іншага, ягоныя вучні сур’ёзным чынам займаюцца вывучэньнем фальклёру. Яны ўжо вывучылі шмат калядных, валачобных і купальскіх песень, і выйшлі з гэтымі песьнямі да людзей. А гэта зарука таго, што народныя традыцыі на Полаччыне, прынамсі, у бліжэйшыя два дзясяткі гадоў, не перарвуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG