Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як прадухіліць пахмельле


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: як прадухіліць пахмельле, і як змагацца зь ім, калі яно здарыцца.

Навагодні пэрыяд – ад Калядаў паводле новага, грыгарыянскага календару да Калядаў паводле старога, юліянскага календару – для беларусаў пэрыяд бясконцага сьвяткаваньня і застольляў.

Згодна з традыцыяй, у гэты час беларусы ядуць і п’юць болей, чым калі-небудзь на працягу году. У выніку – шмат хто зьведаў і выпакутаваў так званы “ сындром наступнага дня”, а кажучы прасьцей – пахмельле. Яно суправаджаецца шэрагам сымптомаў. Самыя тыповыя: сухасьць ў роце, млявасьць, галаўны боль, панос, дрыжэньне рук, паскоранае біцьцё сэрца, абязводжаньне арганізму і раздражнёнасьць.

Гэты незайздросны стан ведаюць амаль усе народы сьвету. Французы акрэсьліваюць стан пахмельля як “драўлянае рыла” (морда), немцы – “кашэчы плач”, італьянцы – “расстроены” (з парушаным музыкальным ладам), нарвэжцы – “цесьляры ў галаве”, партугальцы – “адкат”, а ангельцы – “раніца пасьля”.

З мэдычнага пункту погляду, пахмельле – гэта вынік працэсу мэтабалізму празьмернай колькасьці алькаголю. Этылявы сьпірт, асноўны складнік кожнага сьпіртнога напою шляхам крывазвароту трапляе ва ўсе клеткі цела. У печані, з дапамогай энзыму алькаголь-дэгідрагеназа этылявы сьпірт ператвараецца ў атрутную субстанцыю –ацэтальдэгід. Пераважная большасьць біяхімікаў лічыць, што за млоснасьць, ваніты і галаўны боль на наступны дзень пасьля выпіўкі адказная менавіта гэтая субстанцыя. Моцнасьць дзеяньня ацэтальдэгіду зьвязанае з генамі. Напрыклад, з прычыны генэтычнай схільнасьці да назапашваньня атрутных субстанцыяў, жанчыны звычайна ня могуць выпіць столькі ж, што і мужчыны. Людзі ў пэнсійным узросьце ня могуць выпіць гэтулькі, што маладыя. “Слабая галава” таксама ў японцаў. “Нават пасьля некалькіх чарак свайго нацыянальнага напою – саке, палова японцаў перажывае неверагодныя пакуты” – кажа Ўэйн Джонс з Інстытуту судовай мэдыцыны зь Лінкепінгу ў Швэцыі.

Уэйн Джонс лічыцца ў навуковым сьвеце вэтэранам дасьледаваньняў над біялягічнымі наступствамі злоўжываньня алькаголем. У выніку шэрагу экспэрымэнтаў ён прыйшоў да высновы, што прычынай пахмельля не зьяўляюцца прадукты мэтабалізму этылявага сьпірту, але мэтылявага сьпірту. Вялікая колькасьць гэтай субстанцыі ў дэнатураце ды іншых слаба дэстыляваных алькаголях, але ў невялікай колькасьці яна прысутнічае ва ўсіх сьпіртных напоях. Таму, важна ня толькі тое, колькі п’ем, але і што п’ем. Джонс правёў цікавае дасьледаваньне ў часе якога добраахвотнікам даваў піць розныя напоі, і на другі дзень параўноўваў іхныя сымптомы пахмельля. Найгоршыя пакуты выклікалі напоі з найбольшай колькасьцю мэтылявага сьпірту. Найгоршым аказаўся бурбон – амэрыканскі ўіскі. Дакучлівыя сымптомы пахмельля былі выяўленыя ў 33% тых, хто п’е гэты напой. Для параўнаньня, белая гарэлка выклікае гэткія наступствы ўсяго ў 3% аматараў сьпіртнога. Менш шкоднымі за амэрыканскі ўіскі аказаліся адпаведна: каньяк, чырвонае віно, рум, шатляндзкі ўіскі, белае віно, а найменей шкодны – чысты сьпірт. У тых, што піў чысты сьпірт, на другі дзень толькі трохі пабольвала галава.

Яшчэ ў 1987 годзе Джонс даказаў, што эфэкты пахмельля застаюцца яшчэ доўга пасьля выдаленьня апошніх прадуктаў распаду этылявага сьпірту, і яно ўзмацняецца ў адпаведнасьці з колькасьцю спажытага мэтылявага сьпірту. Першы зь іх раскладаецца 10 разоў хутчэй за другі, а мэтабалізм мэтылявага сьпірту якраз супадае з найгоршымі сымптомамі пахмельля. Арганізм змагаецца ў першую чаргу з этылявым сьпіртам, і толькі пасьля бярэцца за мэтылявы. Вось таму ўжо ў старажытнасьці рэкамэндавалася пасьля перапою трохі выпіць паводле прынцыпу “падобнае лечыць падобным”. У выніку расклад мэтылявага сьпірту адтэрміноўваецца, і ў арганізьме назапашваецца меней найбольш атрутнай субстанцыі – мурашынай кіслаты. Аднак у якасьці леку ад пахмельля гэта не рэкамэндуецца, паколькі гэта пагражае запоем.

Дагэтуль не існуе ўнівэрсальнага леку супраць пахмельля. Праўда, Расейская акадэмія навук распрацавала лек пад назвай “антыпахмелін” альбо “бізон”. У чэрвені 2003 году лек зьявіўся на амэрыканскім рынку пад назвай RU-21. Яго таксама называюць «таблеткай КГБ» паколькі прэпарат распрацоўваўся з думкай аб агентах КГБ, каб ў разе патрэбы яны маглі піць, і не хмялець.

Існуе безьліч хатніх спосабаў лячэньня пахмельля, кшталту салёных агуркоў, квашанай капусты, таматнага соку і моцнай кавы. Калі яны і не дапамогуць, дык, напэўна, і не пашкодзяць. А вось некалькі асноўных правілаў, як пазьбегнуць пахмельля, і як справіцца зь ім, калі яго не ўдалося пазьбегнуць:

– калі можаце ня піць – не пейце; – калі нельга ня піць, дык пейце ў меру; – калі прыйшлося шмат выпіць, дык пейце адзін напой і ня зьмешвайце яго зь іншым, напрыклад гарэлку зь півам, альбо шампанскім. – калі прыйшлося паспрабаваць розныя напоі, дык пажадана нарошчваць іх моц ад найслабейшых да мацнейшых. – калі пахмельля не ўдалося пазьбегнуць, рэкамэндуецца піць шмат вадкасьцяў (але негазаваных напояў), прыймаць вітаміны з групы B, і ўмець перачакаць крызіс. Здаўна вядомая прымаўка, што нялечанае пахмельле працягваецца адзін дзень, а лечанае – тыдзень.
XS
SM
MD
LG