Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кофі Анан уражаны разбурэньнямі, якія выклікала цунамі


Міжнародныя арганізацыі папярэджваюць аб небясьпецы гандлю дзецьмі ў краінах, пацярпелых ад цунамі 26 сьнежня, дзе дзяцей, што засталіся сіротамі, ужываюць для нелегальнай прымусовай працы або ў сэкс-індустрыі. Сёньня дзіцячы фонд ААН – ЮНІСЭФ – паведаміў пра першы пацьверджаны выпадак гандлю дзецьмі ў Інданэзіі. Тым часам сусьветныя палітыкі працягваюць наведваць мясьціны, пацярпелыя 26 сьнежня ад катастрафічнага цунамі. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан, праляцеўшы на верталёце над інданэзійскай правінцыяй Ачэх, быў агаломшаны маштабамі разбурэньняў: ”Мы праляталі ўздоўж заходняга берагу вострава Суматра, і я мушу прызнацца што яшчэ ніколі ня бачыў такіх страшных разбурэньняў”. У Шры Лянцы дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл быў уражаны спадаглівай рэакцыяй сьвету на няшчасьце: ”Міжнародная супольнасьць мабілізавалася як ніколі дагэтуль, каб дапамагчы пацярпелым людзям адбудаваць дамы, школы, прадпрыемствы, а перадусім вярнуць ім жыцьцё і паказаць, што сьвет можа быць спагадлівы і чулы ва ўмовах гэткай трагедыі”. Колькасьць ахвяраў цунамі складае больш за 150 тысячаў чалавек.
XS
SM
MD
LG