Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Нэльсана Мандэлы памёр ад СНІД’у


Юры Дракахруст, Прага Былы прэзыдэнт Паўдзёна-Афрыканскай Рэспублікі Нэльсан Мандэла паведаміў, што ягоны старэйшы сын памёр ад СНІДу і заклікаў змагацца з гэтай сьмяротнай хваробай.

Макгага Мандэла памер ва ўзросьце 54-х гадоў, зь лістападу мінулага году ён знаходзіўся ў шпіталі Яганэсбургу.

86-цігадовы экс-прэзыдэнт адмяніў шэраг афіцыйных мерапрыемстваў, каб увесь час быць ля ложку сына, які паміраў.

Шмат хто ў Паўдзёна-Афрыканскай Рэспубліцы лічыць СНІД ганебнай хваробай. Інфармацыя пра захворваньне сына Мандэлы хавалася. Цяпер былы прэзыдэнт пайшоў насуперак забабонам, паведаміўшы, што ягоны сын памер ад СНІДу. Нэльсан Мандэла таксама сказаў:

(Манэла: ) “Мы павінны галосна казаць пра СНІД і не хаваць гэта, паколькі гэта адзіны сродак, каб яго ўспрымалі як звычайную хваробу, як сухоты, як рак, каб заўсёды можна было публічна сказаць, што нехта памёр ад СНІД’у”.

Малодшы сын Нэльсана Мандэлы Тэмбэкіле загінуў ў 1969 годзе у аўтакатастрофе, калі ягоны бацька – змагар за правы цёмнаскурага насельніцтва – знаходзіўся ў турме. У часы рэжыму апартэіду Нэльсан Мандэла правеў у зьняволеньні 27 гадоў. Калі загінуў ягоны малодшы сын, улады не дазволілі вязьню прысутнічаць на пахаваньні.

Пасьля зыходу ў адстаўку з пасады прэзідэнта ў 1999 годзе Нэльсан Мандэла прысьвяціў сябе змаганьню са СНІДам, ён стварыў адмысловы фонд для фінансаваньня мэдычных дасьледаваньняў і дапамогі хворым.

Тры гады таму Нэльсан Мандэла рэзка крытыкаваў дзейнага прэзыдэнта Таба Мбэкі за недастатковую ўвагу да небясьпекі СНІД’у.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі былы прэзідэнт ПАР сказаў, што асэнсаваў небясьпеку СНІД’у і пачаў змагацца зь ім яшчэ да таго, як даведаўся, што на СНІД захварэў ягоны сын.

Паводле ацэнак экспэртаў зараз у Паўдзёна-Афрыканскай Рэспубліцы каля пяці мільёнаў ВІЧ-інфікаваных і хворых на СНІД, сярод дарослага насельніцтва – кожны восьмы, гэта адзін з найвышэйшых паказьнікаў у сьвеце.

***

У Беларусі летась было зарэгістравана 778 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі, паводле дадзеных аддзелу прафіляктыкі СНІДу Рэспубліканскага цэнтру гігіены ўсяго ў краіне афіцыйна зарэгістравана 6263 ВІЧ-інфікаваных. На стадыі ўласна СНІДу ў Беларусі знаходзяцца 35 чалавек, 132 хворыя – памерлі. Акрамя таго, у краіне зарэгістраваны 543 сьмяротныя выпадкі сярод ВІЧ-інфікаваных.
XS
SM
MD
LG