Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Мартынаў гаварыў пра магчымасьць рэвалюцыі амаль тое ж, што Леанід Кучма за некалькі месяцаў да аранжавай рэвалюцыі


Валер Каліноўскі, Менск Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў у інтэрвію Ройтэрс заявіў: “Магу ўпэўнена сказаць — Беларусь ня будзе наступнай Украінай. Эканоміка Беларусі разьвіваецца ўстойліва, дабрабыт людзей расьце, і гэта не дае падставаў для падзеяў, падобных да ўкраінскіх”. Як ацанілі гэтую заяву беларускія палітыкі і праваабаронцы?

Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч быў сьведкам украінскіх падзеяў, ён выступаў на Майдане ад імя беларускіх сацыял-дэмакратаў. Спадар Статкевіч лічыць: пасьля ўкраінскіх падзеяў стала відавочна, што сытуацыя ў Беларусі анамальная, і што беларускае грамадзтва таксама сасьпявае да таго, каб успрыняць дэмакратыю і бараніць яе. Але гэта будзе іначай, чым ва Ўкраіне, і зь іншых прычынаў, пра якія не сказаў міністар Мартынаў.

(Статкевіч: ) “Мабыць, у нас украінскі варыянт і не магчымы, таму што ў нас няма незалежнага суду, які б адмяніў фальсыфікаваныя выбары, няма незалежнага парлямэнту, які б прыняў дэмакратычны выбарчы закон. У Беларусі не фальсыфікуюць выбараў, бо ў нас ужо няма выбараў, пратаколы падпісваюць участковыя камісіі, напрыклад, у Менску, за тыдзень да галасаваньня. Таму Беларусь, мабыць, выбера свой шлях да дэмакратыі, і ён будзе абсалютна іншы”.

На думку Міколы Статкевіча, толькі цяпер беларускія ўлады пачалі адэкватна ацэньваць украінскія падзеі і разумець пагрозу дэмакратычнай рэвалюцыі для сябе:

(Статкевіч: ) “Раней ці пазьней беларускае грамадзтва сасьпее да думкі, што прыйдзецца нешта рабіць, хаця ахвяры прыйдзецца прыносіць большыя, чым некалькі тыдняў стаяньня на на холадзе на Майдане Незалежнасьці. Чым больш улада будзе закручваць гэтыя гайкі, тым хутчэй беларускае грамадзтва да гэтай думкі прыйдзе, і тады ўжо гэтыя шматлікія сілавыя структуры не ўратуюць, бо ў іх працуюць ці служаць грамадзяне нашай Беларусі, якія ўсё бачаць, што робіцца вакол нашай краіны, і разумеюць, што ў іх забірае гэтая ўлада”.

Што да эканамічнага росту, пра які кажа міністар Мартынаў, то, на думку спадара Статкевіча, ён тут ня мае вырашальнага значэньня, бо эканамічны рост ва Ўкраіне летась быў вышэйшы і больш якасны, чым у Беларусі.

Праваабаронца Алег Гулак быў назіральнікам падчас украінскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Ён лічыць, што спадар Мартынаў быў няшчыры ў сваім інтэрвію, ён мусіў сказаць пра іншыя захады беларускіх уладаў дзеля недапушчэньня зьмены рэжыму А.Лукашэнкі:

(Гулак: ) “Калі б ён быў шчыры, то сказаў бы, што мы робім усё, каб такога, што адбылося ва Ўкраіне, не адбылося ў нас. І для гэтага мы не даём людзям магчымасьці пачуць праўду, усе СМІ ў нас у руках, а незалежныя выданьні мы закрываем, мы цалкам падпарадкавалі судовую сыстэму прэзыдэнту, і мы не даем людзям сабрацца на вуліцах, каб выказаць сваю думку публічна”.

Праваабаронца Алег Гулак лічыць, што нэгатыўная ацэнка ўкраінскіх падзеяў з вуснаў спадара Матынава сьведчыць, што для яго і цяперашніх беларускіх уладаў справядлівыя прэзыдэнцкія выбары, якіх дамагліся ўкраінцы, не зьяўляюцца каштоўнасьцю.

Беларускае кіраўніцтва спалохалася магчымасьці дэмакратычнай зьмены ўлады, перакананы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Ва Ўкраіне 52% выбаршчыкаў падтрымалі Юшчанку, а ў Беларусі, паводле зьвестак Інстытуту Гэлапа, да якіх мы маем больш даверу, чым да лічбаў спадарыні Ярмошынай, 48% грамадзянаў падтрымалі Лукашэнку, то бок лічбы тых, хто падтрымлівае дэмакратыю і ў Беларусі і ва Ўкраіне, аднолькавыя — практычна ідэнтычныя. У Кіеве 75% падтрымала Юшчанку, у Менску 70% выбаршчыкаў галасавалі супраць Лукашэнкі. Гэта азначае, што патэнцыял зьменаў у Беларусі практычна такі самы. І ўсе вобласьці Ўкраіны, якія мяжуюць зь Беларусьсю, прагаласавалі за Юшчанку”.

Павал Севярынец нагадаў, што Леанід Кучма перад прэзыдэнцкімі выбарамі шмат разоў казаў, што грузінскі ці югаслаўскі сцэнар ва Ўкраіне ня пройдзе, бо эканамічная сытуацыя стала лепшая, дабрабыт насельніцтва расьце. Ягоныя словы цяпер паўтарыў спадар Мартынаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG