Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адзін з гульцоў прэзыдэнцкай хакейнай каманды зьняты з пасады


Ігар Карней, Менск У Менску працягваецца Калядны хакейны турнір на прызы прэзыдэнта Беларусі. Напярэдадні аматарская прэзыдэнцкая каманда разграміла швэдзкіх вэтэранаў хакею зь лікам 16:4: дзьве шайбы супернікам закінуў сам Лукашэнка. Адмыслоўцы перакананыя, што Лукашэнка зробіць усё дзеля таго, каб атрымаць галоўны прыз спаборніцтваў, заснаваны ад ягонага ж імя. Між тым, стала вядома, што на хакейныя паядынкі фармуюцца адмысловыя групы заўзятараў са студэнтаў і сяброў БРСМ.

Напярэдадні Беларускае тэлебачаньне падавала хакейны турнір галоўнай падзеяй дня. Сапраўды, цырымонія адкрыцьця спаборніцтваў нагадвала значныя спаборніцтвы ўзроўню чэмпіянату сьвету ці Эўропы: складаныя лазэрныя эфэкты, поўныя трыбуны заўзятараў, шматлікія спартовыя і эстрадныя зоркі. Камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Аляксандар Пуціла, які рыхтуе справаздачы пра хаду Каляднага хакейнага турніру, перакананы: гэта перадусім шоў.

(Пуціла: ) “Гэта, безумоўна, шоў. Бо ўсе такія падзеі з удзелам Лукашэнкі мала цягнуць на спартовыя спаборніцтвы, дзе вельмі важны вынік. Хоць наш прэзыдэнт амбітны, і ён заўсёды жадае толькі перамагаць. І ў гэтым сэнсе было шкада швэдзкіх хакеістаў, якія значна больш сталыя за гульцоў каманды Лукашэнкі. Але зразумела, што мэтай гэтага турніру — перадусім перамога каманды прэзыдэнта. І мяркую, так яно і будзе”.

Адмыслоўцы ж лічаць турнір другарадным. Праходзіць ён паводле “вэтэранскай схемы” — тры таймы па 15 хвілінаў, замест выдаленьняў — буліты, забарона на сілавую барацьбу. Менавіта таму, як кажуць, Аляксандар Лукашэнка і пачуваецца сярод прафэсіяналаў як роўны. Праўда, вядомы колісь гулец расейскай каманды Сяргей Макараў прызнаецца, што ня бачыў яшчэ ў справе галоўнага бамбардзіра беларускай зборнай.

(Макараў: ) “Я краем вуха чуў, што ваш прэзыдэнт хацеў бы зрабіць турнір штогадовым. А гэта толькі пробны турнір, яго вынікі будуць ацэньвацца ўжо пасьля спаборніцтваў. Цяпер ён ідзе цалкам як пробны”.

(Карэспандэнт: ) “Тое, што ў зборнай Беларусі гуляе і аматар Лукашэнка, дае падставы сумнявацца, што гэта спартовы турнір”.

(Макараў: ) “Тое, што прэзыдэнт займаецца спортам — гэта добра. А тое, што ён гуляе на турніры — ну, падабаецца, пэўна, яму. Але скажу так: любы турнір — гэта дзесьці спорт, а дзесьці шоў. Вось і ўсё”.

Усе матчы хакейнага турніру на прызы Лукашэнкі праходзяць пры поўным аншлягу. Як расказаў адзін з “арганізаваных” заўзятараў, кіраўнікі шэрагу навучальных установаў атрымалі адпаведную рэкамэндацыю не прапусьціць мерапрыемства. Але бальшыню заўзятараў складаюць сябры БРСМ.

Тэлекамэнтатар Аляксандар Пуціла, між тым, зазначае і вялікую ролю фундатараў гэтага турніру:

(Пуціла: ) “Удзельнікі спаборніцтваў не выказваюць ніякіх прэтэнзіяў. Гэта і зразумела: прыехаць на некалькі дзён у Беларусь, тут адпачыць — гэта вельмі прыемна. Тым больш, спонсары вельмі актыўна адгукнуліся на падтрымку. Пакуль, праўда, не называюць, хто яны такія, але спонсары, несумненна ёсьць: арганізаваць і пацягнуць такі турнір вельмі складана. А наколькі ёсьць сэнс у традыцыйнасьці такога турніру — сказаць пакуль цяжка”.

Прадстаўнікі іншых зімовых відаў спорту канстатуюць усё большы перакос на карысьць хакею. Затое астатнія дысцыпліны на гэтым тле проста зьнікаюць, перакананы вядомы беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі.

(Жалязоўскі: ) “Нават і ня ведаю — хакей гэта ці штосьці іншае… Шчыра кажучы, мяне гэта ня вельмі і цікавіць, бо вельмі даўно не кантактаваў ні з кім з нашых вялікіх кіраўнікоў. Цяжка зь імі знаходзіць агульную мову: гаварыць і траціць час на бессэнсоўныя размовы ня бачу неабходнасьці. Цяжка нават уявіць, якія пляны і думкі ў іхных галовах, але ведаю адно: гаварыць пра канькабежны спорт (а вы ж бачыце, якая зіма ў нас) зусім не выпадае. Калі ёсьць грошы ў біятлёне па 50 чалавек кудысьці вазіць — гэта адно. А ў нас, апроч Кацюгі, нікому грошай не даюць. Таму ад пэўнага моманту я адыходжу ад спартовых тэмаў”.

Тым часам стала вядома, што гулец каманды прэзыдэнта Міхаіл Захараў зьняты з пасады галоўнага трэнэра моладзевай зборнай паводле вынікаў чэмпіянату сьвету ў ЗША. Беларусы там упэўнена занялі апошняе месца.
XS
SM
MD
LG