Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гарадзкія беларусы сьвяты сьвяткуюць


Севярын Квяткоўскі, Менск (эфір 5 студзеня). Новая перадача сэрыі “Чытальная заля”.

“З празьнічкам”, — віншуе мяне сусед па пад’езьдзе. На дварэ Каляды. Зрэшты, “з празьнічкам” гучыць і 8 сакавіка, і 1 траўня, і 7 лістапада. Часам не разумею, пра што гаворка: “Што ў іх зноў за сьвята?” Чарговы раз уздоўж вуліцы вісяць сьцяжкі пагрозьлівага спалучэньня колераў: маціцовы, сіні ды блякла-жоўты.

Размова ў цэнтры гораду: “Чаму праспэкт перакрыты?” — “Дык сёньня ж масавыя гуляньні, бо Дзень гораду!” — “Ды не, Дзень Незалежнасьці”. — “Мужчына, што вы гаварыце, якой Незалежнасьці? Сіводня Дзень Рэспублікі!” Ажно адзін спадар дае мне выразны і вычарпальны адказ: “Малады чалавек, у нас сьвята, калі выходны”.

Віншаваньне “з празьнічкам” на сьвята Божага Нараджэньня можна пакінуць на сумленьні суседа. А вось форму “з наступаюшчымі” я чуў і ў перакладзе — “з надыходзячымі”. У дзяцінстве я ня мог сьцяміць: які канкрэтна пэрыяд часу маюць на ўвазе дарослыя: месяц, год, стагодзьдзе? Цяпер ужо разумею: нашы людзі сьвяткуюць не адзін дзень і ня два. У некаторых сьвяткаваньне можа расьцягнуцца і на тыдзень, а ў іншых — на ўсё жыцьцё. І справа ня толькі ў пэрманэнтным ужываньні алькаголю. Гэта такі стан душы і цела — “сьвяточны”. Словам “сьвяточны” часьцяком называюць гастраномы, гатункі каўбасаў, цукерак і танных алькагольных напояў.

Пра што мараць тыя беларусы, што выходзяць “у горад” на “масавыя гуляньні”? Калісьці я быў уражаны сучасным вясковым Купальлем. П’яныя хлопцы пускалі з гары сьмярдзючыя падпаленыя пратэктары ад трактара “Беларусь”. Сьвята ачышчэньня і яднаньня з прыродай паўстала як на фотанэгатыве.

* * * “Мы чакалі Каляды з маленства, ды ня можам ніяк дачакацца”. Гэты радок Міхала Анемпадыстава ў выкананьні Касі Камоцкай стаўся сымбалем цэлага пакаленьня. Чаканьне Калядаў — як чаканьне сапраўднага сьвята. У маёй сям’і заўжды сьвяткавалі і Каляды і Вялікдзень. Аніякі агітатар ня змог пераканаць бабулю ў адсутнасьці Бога, душы ды неабходнасьці захоўваць традыцыю. У сямейным коле заўсёды існавала сапраўднае сьвята. А шырэй за сям’ю такім сьвятам для мяне ды маіх сяброў стаўся дзень 25 сакавіка. Калі-небудзь гэты дзень пазначаць чырвоным колерам у календары. Можа, нават будуць ладзіць сьвяточныя парады і шэсьці. Спадзяюся, дэманстранты будуць прыходзіць добраахвотна.

* * * Мае старэйшыя знаёмыя згадваюць іншыя сьвяточныя дэманстрацыі. Ня выйдзенш на кастрычніцкае шэсьце — будзеш мець праблемы. Таму самым вялікім пратэстам супраць прымусу рабіўся такі трук: адной рукой трымаеш партрэт Леніна, а другой наліваеш з бутэлькі ў прыхопленыя з хаты кілішкі. На дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі міліцыя мела негалосны загад п’яных на вуліцах не чапаць. Чым ня сьвята?

Зрэшты, многія з тых “чырвоных” дэманстрантаў на Каляды і на Вялікдзень куплялі торцікі, цукеркі, сухую каўбасу і смачны гарадзкі хлеб, ды рушылі на вёску — да сваякоў. Тут іх чакалі пальцам пханыя каўбасы, вяндліны, самаробная гарэлка, але самае галоўнае — сямейнае сьвята, якое не перапынялася нават за самымі змрочнымі часамі барацьбы з рэлігіяй. Менавіта на вёску прыяжджалі гарадзкія парторгі, каб употайкі хрысьціць дзіця, менавіта ў вёсцы я пабачыў сапраўднае беларускае вясельле і сапраўдныя беларускія хаўтуры. Менавіта зь вёскі, з клясычнай палескай глушэчы мой калега Ягор Маёрчык рабіў рэпартаж пра сучасных сапраўдных беларускіх калядоўшчыкаў.

Мо й невыпадкова публічнае калядаваньне сталася ў Менску першай з шэрагу падзеяў, якія цяпер прынята зваць вулічнымі акцыямі новага беларускага часу. Я маю на ўвазе сьнежань 1979 году, калі юныя тады Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Віктар Івашкевіч ды шмат іншых вядомых сёньня культурных, грамадзкіх ці палітычных пэрсонаў патрапілі ў міліцыю за тое, што хадзілі па кватэрах літаратараў ды сьпявалі калядкі.

Каляды, Гуканьне вясны, Купальле… Народныя сьпевы, народныя строі, беларуская мова… Нічога антысавецкага. У сярэдзіне 1980-х пасьля затрыманьня групы менскай моладзі на Купальле, афіцэр КГБ запытаўся ў барда Алеся Камоцкага пра ягоную жонку Касю Камоцкую: “Вы ведаеце, што ваша жонка сьпявае нацыяналістычныя песьні?” — “Так, — адказаў Камоцкі. — А яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы”.

Да шматтысячнага мітынгу на менскім стадыёне “Дынама” на Дзень Волі 1989 году заставалася зусім ня шмат часу.

Я памятаю гэтае неверагоднае ўражаньне, адчутае ўпершыню амаль празь дзесяць гадоў пасьля першага публічнага сьвяткаваньня 25 сакавіка: нашы ў горадзе! На Дзень Волі 1998 году кавярні Траецкага прадмесьця былі цалкам запоўненыя публікай, і амаль усе гаварылі і сьпявалі па-беларуску. Тым часам у пастарункі ўжо завозілі першыя партыі затрыманых. А тут, у Траецкім, паўставала цалкам новая — сто працэнтаў беларуская — рэчаіснасьць. Хай сабе адно на некалькі гадзін.

Сапраўднае сьвята — калі мара хоць на імгненьне робіцца рэальнасьцю.

* * * 25 сакавіка — звычайны працоўны дзень. Але штораз на мапе Беларусі запальваюцца сьвечкі — месцы, дзе людзі ладзяць сабе і сваім сябрам сьвята. Ці то сярэдняя школа ў Маладэчне, ці то прыватная кавярня ў Наваградку, ці то рок-клюб у Менску, ці то прыватная сядзіба ў Воршы…

А калі ўсе цяперашнія афіцыйныя “чырвоныя дні каляндара” зрабіць працоўнымі, што будуць сьвяткаваць беларусы? Тыя, для якіх 25 сакавіка звычаны дзень? У масавую сьвядомасьць вярнуліся Каляды і Вялікдзень. Вернікі іх сьвяткуюць паводле канону, а каталіцкія ды праваслаўныя атэісты двойчы, і прыблізна гэтак сама, як Дзень гораду. Дакладней, як самае галоўнае сьвята, якое засталося ў большасьці беларусаў ад савецкага часу — Новы год.

Калі сапраўднае сьвята — гэта мара, якая хоць на імгненьне робіцца рэальнасьцю, дык Новы год тлумачыць, пра што мараць беларусы між заходнімі і ўсходнімі Калядамі. Беларусы мараць пра лепшую долю. Ноччу з 31 сьнежня на 1 студзеня лепшая доля ўвасабляецца ў салаце аліўе, кіўбасах, вяндлінах, шампанскім і гарэлцы на стале. Людзі сьвяткуюць Новы шанец. Ведаюць, што справа не ў календары, які можна зьмяніць, але сьвяткуюць. Бо іншых сьвятаў няма. Бо сьвяты — гэта традыцыі і сучаснасьць. І вера.

* * * На заканчэньне хачу прыгадаць яшчэ адну форму віншаваньня, распаўсюджаную сярод пэўнай часткі беларусаў. Найперш тых, якія не “чакалі Калядаў з маленства”. Віншаваньне толькі на першы погляд можа падацца абсурдным — “з прашэдшымі”. Ну сапраўды, як можна віншаваць чалавека зь мінулымі днямі нараджэньня, мінулымі Новымі гадамі ці Днямі Волі?! Але, калі ўлічыць, што мы існуем у цыклічным часе, то верагодна самы першы ў гісторыі рэчаіснасьці Новы год абавязкова сутыкнецца з самым апошнім.

І ўсё пачнецца нанова.

У кожным выпадку, свайго сапраўднага сьвята, сваіх Калядаў я ўжо дачакаўся.
XS
SM
MD
LG