Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі разьвіваецца эканамічны сэпаратызм?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 6 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук і аглядальнік нашага радыё Міхась Залескі.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнім часам даволі шмат прыкладаў рэгіянальнага сэпаратызму, амаль гандлёвых войнаў паміж абласьцямі, раёнамі, гарадамі. У Гомелі забаранілі прадаваць берасьцейскае і менскае малако. У Драгічынскім раёне мясцовыя ўлады забараняюць прадаваць кобрынскі хлеб, хоць свой дрэннай якасьці. Часта зьяўляецца інфармацыя аб забароне продажу піва зь іншых рэгіёнаў.

Калісьці, на мяжы 1980–90-х гадоў, у час усеагульнага дэфіцыту на тэрыторыі ўсяго СССР мясцовыя ўлады ўводзілі забароны і абмежаваньні на рух тавараў. Але тады забаранялі вываз тавараў. І вось цяпер у Беларусі забараняюць увоз. Што гэта азначае? Гэта выпадковыя здарэньні, выкліканыя местачковымі ўяўленьнямі аб эканоміцы і дабрабыце людзей мясцовых кіраўнікоў, ці гэта заканамернасьць, якая выцякае з сутнасьці беларускай эканамічнай мадэлі?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Гэтая тэндэнцыя зьявілася не апошнім часам, а існуе даўно. Напрыклад, існавала такое правіла, што ў Берасьці можна было прадаваць гарадзенскую прадукцыю толькі ў тым выпадку, калі ў Горадні прадавалася берасьцейская прадукцыя. Такі рэгіянальны сэпаратызм і пратэкцыянізм зьяўляецца адлюстраваньнем палітыкі беларускіх уладаў. Такія зьявы, дарэчы, у свой час адбываліся і ў Расеі, і ў Эўропе, і, у некаторай ступені, у ЗША.

Гэтая палітыка называецца “абрабуй свайго суседа”. Гэта наступствы неразуменьня перавагі падзелу працы, агульнага рынку, у межах якога хутчэй расьце дабрабыт людзей. Дарэчы, гэтая тэндэнцыя супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Беларусь імкнецца да стварэньня мытнага зьвязу з краінамі СНД, будуецца адзіная эканамічная прастора ў межах чатырох краінаў, вядуцца перамовы аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. А тут адбываюцца гандлёвыя войны паміж рэгіёнамі краіны. Кіраўніцтва рэгіёнаў імкнецца дапамагаць сваім прадпрыемствам. А прадпрыемства іншых рэгіёнаў разглядаюцца як канкурэнты, амаль ворагі.

Хачу прывесьці лічбу, якая сьведчыць, наколькі хворая эканамічная палітыка ў Беларусі. Сёньня ў краіне зарэгістравана больш 3000 манапалістаў. Але канцэпцыя манапалізму вельмі дзіўная. Напрыклад, калі ў раёне існуе адзін малочны завод, то ён лічыцца манапалістам. І дзяржава мае права рэгуляваць цэны на ягоную прадукцыю.

Эканамічны сэпаратызм — гэта працяг і лягічнае наступства эканамічнай палітыкі дзяржавы, цэнтральных уладаў. Мясцовая вэртыкаль і кіраўнікі прадпрыемстваў пастаўлены ў варункі, калі ацэнка іх працы вызначаецца на падставе валавых паказчыкаў. Таму і разьвіваецца пратэкцыянізм.

Можна нагадаць, што адна з прычынаў распаду СССР палягае ў тым, што гаспадарнікі ня мелі дакладнай інфармацыі, рынкавых сыгналаў аб эканамічным стане, не маглі каардынаваць дзейнасьці прадпрыемстваў і пакупнікоў. І таму эканамічны сэпаратызм, які цяпер разьвіваецца ў Беларусі, — гэта сьведчаньне нізкая якасьці кіраваньня”.

(Міхась Залескі: ) “Тут можна сказаць адным словам: “Дарэгуляваліся”. У Беларусі існуе мадэль дзяржаўнага рэгуляваньня. Калі мы нешта пачынаем рэгуляваць, то трапляем у заганнае кола. Узьнікае патрэба рэгуляваць усё. Калі адмаўляецца роля “нябачнай рукі рынку”, то ролю гэтай рукі павінна выконваць дзяржава. А рэгуляваньне ідзе праз валавыя паказчыкі. Таму мясцовае начальства змагаецца адно з адным. Змаганьне ідзе не за тое, каб у людзей было лепшае малако ці хлеб. Кожны начальнік хоча зрабіць справаздачу вышэйшаму начальству аб выкананьні паказчыкаў. Калі яны выкананыя, то яго ўзнагародзяць, калі не — пакараюць.

А вядома, што паказчыкі не павінны зьніжацца. Калі сёлета, напрыклад, малаказавод у раёне вырабіў і прадаў 100 літраў малака, то наступным годам ён павінен прадаць 105, а яшчэ праз год — 110 літраў. Пра якасьць і кошты гаворкі не ідзе. Такім чынам ліквідуецца канкурэнцыя — адзін з падмуркаў рынку. Ліквідуецца спаборніцтва паміж прадпрыемствамі за лепшую якасьць і ніжэйшы кошт”.

(Карбалевіч: ) “Вы ўжо згадвалі, што гэтая зьява шкодная. Давайце яшчэ раз дакладна сфармулюем, у чым палягае шкода для грамадзтва ад рэгіянальнага сэпаратызму, прычым, ня толькі з эканамічнага, але і сацыяльнага, палітычнага гледзішча?”

(Раманчук: ) “Найперш, калі чыноўнікі пачынаюць рэгуляваць цэны, гэта адбіваецца на цане тавараў. Дасьледаваньні на міжнародным узроўні паказваюць, што цана бюракратычнага рэгуляваньня — гэта плюс 15%. Потым прадпрыемства-манапаліст, пазбаўленае канкурэнцыі, не змагаецца за якасьць прадукцыі, зьмяншэньне коштаў, а павышае цэны і здымае так званую манапольную рэнту. І ў такім разе можам дабавіць яшчэ 10% росту цэнаў.

І беларусы вымушаныя пераплачваць за тавары з-за такога дзяржаўнага рэгуляваньня. Масквічы, якія прыяжджаюць у Беларусь, канстатуюць, што цэны на прадукты харчаваньня, напрыклад, у Баранавічах, Пінску, Горадні такія ж, як у Маскве. Гэта абсурд.

Існуюць і палітычныя кошты такога дзяржаўнага рэгуляваньня. Урад Беларусі вядзе перамовы аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, аб стварэньні зоны вольнага гандлю зь некаторымі краінамі СНД. А тут унутры краіны ў нас няма такой зоны, існуюць бар’еры паміж рэгіёнамі. Урад павінен забясьпечыць свабоднае перамяшчэньне тавараў, паслугаў, грошай, працоўнай сілы. І калі цяпер гэтага няма, то мы страчваем ў эканамічным, сацыяльным і палітычным пляне”.

(Залескі: ) “Галоўная шкода такой палітыкі палягае ў тым, што мы вымушаныя плаціць за тавары больш. Аб гэтым добра сказаў спадар Раманчук. Нават Лукашэнка абураўся, што павышаюцца цэны перад Новым годам. Але ж сам кіраўнік дзяржавы і быў галоўным рэгулятарам гэтых цэнаў усе апошнія гады. Гэтая тэндэнцыя шкодная яшчэ і таму, што дзяржава як бы атамізуецца. Сіла дзяржавы палягае ў тым, што кожная яе частка, рэгіён у суме даюць дадатковы эфэкт. А пры такой палітыцы эканамічнага сэпаратызму не адбываецца адпаведнай спэцыялізацыі. Мы як бы размазваем кепскую вытворчасьць па ўсёй краіне. Калі ў Ваўкавыску вырабляюць лепшае малако, чым у Камянцы, хай там п’юць ваўкавыскае. Але ў такім выпадку ў Камянцы будуць імкнуцца зрабіць нешта такое, каб купілі ў Ваўкавыску. А пры цяперашняй палітыцы мы кансэрвуем стагнацыю, нізкі тэмп разьвіцьця”.

(Карбалевіч: ) “Калі гэта прыносіць такую вялікую шкоду, то чаму цэнтральная ўлада ня робіць ніякіх захадаў супраць такіх дзеяньняў мясцовых уладаў?”

(Раманчук: ) “Найперш цэнтральная ўлада клапоціцца пра тое, каб усім было пароўну. З гэтага гледзішча яна ня бачыць у такой палітыцы асаблівай шкоды. З добрых прадпрыемстваў больш забіраюць, каб падтрымаць слабых. Але тым самым не даюць разьвівацца моцным прадпрыемствам. Цэнтральная ўлада трапіла ў палон сваёй канцэпцыі, эканамічнай палітыкі. У нас больш за 20 уладных структураў (Белкаапсаюз, Міністэрства гандлю і інш.) маюць права кантраляваць цэны і навязваць гаспадарчым суб’ектам гандлёвую і іншую палітыку. У выніку такога абсурду адбываецца канкурэнцыя паміж бюракратамі, а не канкурэнцыя паміж гаспадарчымі суб’ектамі.

Лукашэнка стварыў такую манапольную, алігапольную сыстэму. Яна выгодная таму, што забясьпечвае падпарадкаваньне эканамічных суб’ектаў дзяржаве, іх палітычную ляяльнасьць, захоўвае стабільнасьць у кожным рэгіёне.

Калі б быў створаны ва ўсёй краіне вольны рынак без бар’ераў, тады магло б здарыцца, што, напрыклад, у нейкім раёне Гомельскай вобласьці зьявілася б беспрацоў’е 25%. Узьнікла б неабходнасьць прыватызацыі непрацоўных прадпрыемстваў. У існай цяпер сыстэме тыя, хто добра працуе, як бурлакі, цягнуць за сабою слабых, якія ўжо на працягу 10 гадоў не ствараюць даданай вартасьці”.

(Залескі: ) “Такая сытуацыя выгодная цэнтральнай уладзе. Бюракратычная праца на паказчык і з паказчыкам — гэта самыя надзейныя лейцы, з дапамогаю якіх цэнтральная ўлада кіруе мясцоваю ўладаю. Цяперашняя ўлада жыве сёньняшнім днём, ня хоча глядзець у будучыню”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, шкоднасьць гэтай зьявы — ня толькі з эканамічнага гледзішча. Манапалізацыя, пазбаўленьне ад канкурэнцыі — гэта заўсёды дрэнна для эканомікі. Калі дзяржава абараняе нацыянальных вытворцаў ад замежных, у гэтым ёсьць нейкі сэнс, хоць і тут узьнікае шмат пытаньняў наконт інтарэсаў спажыўца.

Але адраджэньне эканамічнага сэпаратызму ў межах адной краіны — гэта нонсэнс, гэта нейкі рэцыдыў фэадальнай усобіцы, якая, дарэчы, была разбураная ў працэсе індустрыяльнай рэвалюцыі, стварэньня нацыянальных дзяржаваў, утварэньня агульнанацыянальнага рынку. То бок, рэгіянальны эканамічны сэпаратызм — гэта ўдар па дзяржаўнасьці. І тут дарэчы будзе згадаць вельмі актуальны апошнім часам досьвед Украіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG