Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 7 студзеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 7 студзеня.

“Минския губернския ведомости”, 1885 год:

“Ня шмат надаюць цаны ягадам з-пад налівак. Часьцей за ўсё іх выціскаюць, каб атрымаць ні на што не прыдатны морс і крыху наліўкавага адстою; а, здараецца, што іх проста кідаюць, як бескарысную рэч. Але гэта дарма: ягады з-пад налівак можна ўжываць зь дзейснай карысьцю: трэба толькі перагнаць іх у кубіку, наліўшы на вядро ягад (якіх заўгодна) вядро рачной вады. Атрымаецца выдатнай араматычнай гарэлкі паўтара штофы з вызначанай прапорцыі”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год. Янка Запруднік згадвае трэці зьезд беларускіх пісьменьнікаў:

“На зьезьдзе гэтым, замест уступу, гаварылася аб “шматгранным савецкім жыцьці” і “захапляльным эпасе”, а аснаўную частку сваіх выступленьняў прамоўцы прысьвячалі малакроўнасьці беларускае прозы, рахітычнасьці паэзіі, адсталасьці драматургіі й дзіцячае літаратуры, сьвінагадоўлі, угнаеньню й падобным гаспадарскім актуальнасьцям. У падсумоўваньні ўсяго гэтага гаварэньня выйшла, што асягненьні беларускіх пісьменьнікаў на фоне вымогаў, стаўленых камуністычнай партыяй, выглядаюць бледненька”.

“Культура”, 1995 год. Музыкі групы “Палац”:

“А наконт дзяржаўнасці, то калі вы заўважылі, больш-менш прыстойны замежны канцэрт, нават каралеўскага ўзроўню, мае адзін нумар — зорку фальклору. Добрага — памалу, як той казаў. І гэты вядомы эстрадны прыём рэжысуры перанялі і нашыя арганізатары. Таму для нас гэтая высокая адзнака — запрашэнне на ўдзел у міжнародных канцэртах. А наконт элітарнасці — то мы адказваем не на ўсе запрашэнні… P.S. Гурт “Палац” выказаў вялікую падзяку адзінаму спонсару калектыву — флейтысту Зміцеру Вайцюшкевічу, які аддае ўсе грошы, якія ён нажабруе ў мінскіх пераходах паміж выступленнямі”.
XS
SM
MD
LG