Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяткі тысячаў беларусаў Беласточчыны сьвяткуюць Раство Хрыстова


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пра тое, як выглядаў сёньняшні дзень для праваслаўных беларусаў у Польшчы, распавядае знаўца і зьбіральнік народных традыцыяў спадар Дарафей Фіёнік зь Бельска-Падляскага.

(Фіёнік: ) “Сёньняшні дзень, пасьля таго як людзі адпачылі ад усяночнай, пачынаецца ад сьвяточнага сьнеданьня ў сямейным коле. Пасьля гэтага ўжо можна чакаць на каляднікаў. Спачатку ходзяць дзеці – з зоркай, альбо бяз зоркі, потым – моладзь, а потым ужо і дарослыя. На Беласточчыне ходзяць таксама шмат каляднікаў ад царкоўных прыходаў, каб зьбіраць грошы на будаўніцтва цэркваў. Каляднік – гэта жаданы госьць. Усе чакаюць, каб прыйшлі каляднікі ды ў калядках славілі Хрыста”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Фіёнік, а як выглядае сёньня сьвяточны стол у беларусаў Беласточчыны?”

(Фіёнік: ) “Cёньня на стале, вядома, перавага мяснога, бо за намі саракадзённы пост, які завецца Піліпаўка. У гэты дзень кожны імкнецца мець на стале нешта свойскае. Хто гадаваў кабана, дык, натуральна робіць зь яго сваё, а хто ня мае, дык абавязкова купляе – палову ці чвэрць, ды робіць шынкі, паляндвіцы, каўбасы. Карацей, стол багаты, каб падкрэсьліць ранг сьвята”.
XS
SM
MD
LG