Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У параўнаньні з украінцамі і расейцамі, у беларусаў найбольш захаваліся архаічныя абрады і звычаі”


Казімір Яноўскі, Гомель 7 студзеня праваслаўныя беларусы сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова. Калядныя сьвяты праваслаўныя хрысьціяне адзначаюць і ў суседніх дзяржавах – Украіне ды Расеі. Што адметнага выяўляецца ў сьвяткаваньні Калядаў у беларусаў, расейцаў ды ўкраінцаў, якія жывуць у памежных рэгіёнах?

Агульны рытуал сустрэчы Нараджэньня Хрыстова вядомы. Учора ўвечары людзі ладзілі абрадавую вячэру з поснаю куцьцёю, віншавалі адзін аднаго з прыходам найвялікшага сьвята. Многія калядуюць, ладзяць варажбу, сьпяваюць песьні. Калі патрапіць на Гомельшчыну, а потым у суседнія рэгіёны Расеі ды Ўкраіны, то што адметнае абавязкова заўважыцца ў сьвяткаваньні Калядаў?

Гэта, у першую чаргу, залежыць ад таго, у якую канкрэтна вёску патрапіш. Калі скажам, паехаць у лельчыцкія ці жыткавіцкія паселішчы, то можна сустрэць калядоўшчыкаў з маскамі ня толькі казы, але і жорава. Водзяць калядоўшчыкі таксама мядзьведзя, цюцьку, каня. У памежных расейскіх вёсках Сачкавічы, Новы Робск мясцовыя жыхары водзяць толькі казу. Іншых масак яны ня згадваюць.

Жанкі з Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны распавядалі мне пра сваю традыцыю калядаваньня:

(Надзея: ) “Пераапранаюцца ва ўсялякіх казачных герояў. Гэты год – год Пеўня, значыць, Певень будзе хадзіць віншаваць. А сымбаль Пеўня – гэта гаспадар. Ён рана ўстае і дабро дае”.

Украінка Алеся паведаміла мне, як калядуе моладзь у Чарнігаве. Гэта адбудзецца сёньня ўвечары:

(Алеся: ) “Будзем хадзіць, калядаваць. Калядуюць 7-га, а шчадруюць 13-га. Чалавек дзесяць хлопцаў і дзяўчат, усіх разам. Коляд, Коляд, Калядзін – я ў бацькі адзін. Мяне не пытайце, а калядку дайце. Калядка ўпала – дайце кусок сала. Сала не гадзіцца – дайце пахмяліцца. А хмяліцца, я ня п’ю – дайце грыўну, і я пайду”.

Гэтак вось калядуе моладзь у Чарнігаве.

Тут я мушу вярнуцца зноў на Гомельшчыну і даць слова выкладчыцы ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, доктару філялёгіі, адмыслоўцу у пытаньнях фальклёру Валянціне Новак. Яна распавяла пра адметную традыцыю калядаваньня ў паасобных вёсках Кармянскага раёну.

Такога фальклярысты ня сустракалі не толькі ў суседзяў – украінцаў ды расейцаў, але й нідзе болей у Гомельскай вобласьці і Беларусі наогул. Спадарыня Новак ўзнаўляе даслоўна расповед інфарматара, носьбіта традыцыі:

(Новак: ) “Гульнёвае прадстаўленьне разыгрывалі Пава з Павуком. Гэта адметнасьць мясцовай традыцыі каляднай. Дзяўчыну нараджалі ў доўгую сукенку. На галаве – вянок са стужкамі з паперы. Гэта была Пава. Хлопец быў павуком. Калі каляднікаў з Казою чакалі з нецярплівасьцю, то Паву з Павуком не любілі пускаць у хату, бо меркавалі, што яны што-небудзь кралі”.

Крыху раней мы згадвалі пра куцьцю як абавязковую страву падчас сьвяткаваньня Калядаў. Да вялікай поснай куцьці, як правіла, дадаюць квас з грыбамі, бліны з макам, селядзец, рыбу. Гэта вечарам. А сёньня ўжо абавязковая куцьця, але з салам ці маслам, іншым разам зь мёдам. Традыцыйная страва – вараная сьвіная галава. Аднак цяпер больш ў ход ідуць каўбаса, поліўка, мачанка з блінамі, кісель, пірагі.

Пра свае стравы ўкраінцы з Чарнігаўскай вобласьці паведамілі наступнае:

(Надзея: ) “Вараць кашу пярловую з мёдам, гатуюць усялякія вінэгрэты, як у даўніну. Рыба вараная, смажаная. Усё поснае, 12 страў, бо было 12 мучанікаў”.

Канешне, у сьвяткаваньні Калядаў у беларусаў, расейцаў ды ўкраінцаў шмат агульнага. Найперш, яно заснаванае на трох важнейшых культах – продкаў, прыродна-касьмічным з рытуаламі, сьпевамі, скіраванымі на заклінаньне добрага ўраджаю і, безумоўна, на кульце захаваньня жыцьця і працягу роду

Тым ня менш, у беларусаў доктар філялёгіі Валянціна Новак з унівэрсытэту імя Скарыны вылучае такую асаблівасьць: “У параўнаньні з украінцамі і расейцамі, у беларусаў найбольш захаваліся архаічныя абрады і звычаі. Гэта – абходныя шэсьці калядоўшчыкаў, куцьця, абрадавая страва, якая рыхтавалася. Прычым, у беларусаў вылучаюцца тры куцьці – бедная, багатая і вадохрышчанская куцьця. Потым гульні, абрадавыя ігрышчы, якія ладзілі на Каляды. Потым калядныя варожбы. Затым выкананьне песень, прысьвечаных гаспадару, дачцэ, сыну. Гэта – агульнабеларуская зьява наша”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG