Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставіцца дзяржава да сьвяткаваньня Калядаў і іншых традыцыйных сьвятаў?


Іна Студзінская, Менск Адраджэньне сьвяткаваньня Калядаў у савецкія часы пачаў моладзевы нефармальны гурт “Майстроўня” роўна чвэрць стагодзьдзя таму, у 1980-м. Прыканцы 1980-х у краіне пачалося аднаўленьне народных традыцыяў, а на пачатку 1990-х Каляды сталі дзяржаўным сьвятам. Ці адпавядае дэкляраваная дзяржавай падтрымка адраджэньня такіх народных сьвятаў, як Каляды, цяперашнім жыцьцёвым рэаліям?

Пачнем з гісторыі. Якраз 25 гадоў таму студэнцкая моладзь, сябры “Майстроўні”, выйшлі калядаваць, сьпяваць традыцыйныя песьні з каляднай зоркай у рукох, з маскай казы, зь мехам, які нёс механоша. Моладзь вырашыла спачатку пайсьці да пісьменьніцкага дому па вуліцы Карла Маркса, 36 – там жыў Уладзімер Караткевіч, рэзонна палічыўшы, што пісьменьнікі мусяць ацаніць спробу адрадзіць Каляды на гарадзкім бруку. Распавядае ўдзельнік калядаваньня ў 1980-м Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Пісьменьнікі ацанілі, ацаніў Караткевіч. Але не ацаніла міліцыя, якая ў двары таго дому і зрабіла першую спробу, як цяпер кажуць, нас “павязаць”. Потым мы даведаліся, што толькі ўмяшальніцтва Ўладзімера Караткевіча, які меў сяброў у гарадзкой міліцыі, нас уратавала ад горшых наступстваў”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія вам абвінавачваньні выстаўлялі?”

(Вячорка: ) “Парушэньне грамадзкага парадку. І гэта толькі ўпэўніла нас у думцы, у перакананьні, што наша тактыка слушная. Што абвінаваціць усур’ёз, абвінаваціць паважна ў парушэньні грамадзкага парадку тых, хто толькі сьпявае традыцыйныя калядныя песьні, немагчыма. Значыць, гэты імпульс нацыянальнага адраджэньня, прынесены намі на гарадзкі брук, абавязкова павінен даць усходы”.

Але гэтыя ўсходы прарасьлі ня вельмі хутка: толькі праз дзесятак гадоў Каляды былі абвешчаныя дзяржаўным сьвятам. Прыканцы 1980-х быў створаны Беларускі фонд культуры. І, паводле тагачаснай супрацоўніцы Беларускага Фонду культуры, этнографа і паэта Антаніны Хатэнкі, да 1994 году працэс адраджэньня ішоў даволі інтэнсіўна. З падачы Камісіі па культуры Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якую ачольваў тады Ніл Гілевіч, Каляды й Вялікдзень (і каталіцкія, і праваслаўныя), а таксама Дзяды парлямэнт зацьвердзіў дзяржаўнымі сьвятамі.

Узгадвае Антаніна Хатэнка:

(Хатэнка: ) “Наагул увесь абрадавы каляндар рабілі разам з намі (мы лічыліся грамадзкай арганізацыяй па статусе) выканкамаўскія Ўпраўленьні культуры. На той момант гэта была абсалютна дзяржаўная справа. Чыноўнікі вывучалі, яны бралі ў нас сцэнары, слухалі, што мы гаворым, набіралі розных людзей, падключалі. Гэта быў найлепшы час, як яно павінна быць у народа”.

Але тое, што адбываецца зараз, ня мае нічога агульнага з народнымі традыцыямі, лічыць Антаніна Хатэнка. Тады этнографы кіравалі адраджэньнем сьвятаў, а зараз чыноўнікі на свой густ і на сваё ўяўленьне спрабуюць ладзіць народныя гуляньні.

Цяпер першыя асобы дзяржавы, нават кіраўнікі раёну і на Каляды, і на Вялікдзень абавязкова наведваюць храм. На думку маіх суразмоўцаў, гэта зусім не азначае, што адбыўся паварот да нацыянальных традыцыяў, да нацыянальнай мэнтальнасьці – гэта якраз тое, што на паверхні. І наагул, нацыянальную культуру нельга заганяць у храм, лічыць Антаніна Хатэнка. А вось меркаваньне Вінцука Вячоркі:

(Вячорка: ) “У нашай шматканфэсійнай краіне, дзе суіснуюць два календары – адзін абсалютна дакладны, грыгарыянскі, другі – хібны, але асьвечаны традыцыяй рускай праваслаўнай царквы, юліянскі, перад Калядамі 25 сьнежня вельмі цяжка купіць ялінку. Гэта пацьвярджае лішні раз пэўную ідэалягічную зададзенасьць, пэўную адвернутасьць ад Эўропы тых, хто цяпер спрабуе выкарыстоўваць культурныя традыцыі ў ідэоляга-палітычных мэтах. Сутнасна Каляды – гэта ж момант засяроджаньня, гэта цёплае сямейнае сьвята, якое яднае сем’і, якое яднае, дарэчы, усе народы, якія пачуваюцца прыналежнымі да эўрапейскай цывілізацыі. У нас гэтага няма на афіцыйным роўні”.
XS
SM
MD
LG