Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 студзеня 1919 году Менск быў абвешчаны сталіцаю БССР


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 7 і 8 студзеня

7 студзеня ў Беларусі сьвяткуюць Каляды. Калісьці акурат у гэты дзень дазвалялася пад’есьці ўволю пасьля шматтыднёвага посту. 7 студзеня пачыналі хадзіць пераапранутыя калядоўнікі, якія сьпявалі песьні, за што гаспадары мусілі запрасіць іх у хату і пачаставаць.

Сярод вядомых людзей, што прыйшлі на сьвет 7 студзеня, згадаем францускага вынаходніка паветраных шароў Эцьена Мангальф''е і беларускага дзяржаўнага дзеяча Язэпа Адамовіча, які быў прэм’ер-міністрам краіны ў часы савецкае беларусізацыі – з 1924 да 1927 году, а празь дзесяць гадоў, у часы сталінскіх рэпрэсіяў, скончыў жыцьцё самагубствам.

7 студзеня ў розныя гады пакінулі гэты сьвет два паэты – Янка Журба і Кандрат Крапіва.

7 студзеня 1907 году нарадзілася опэрная сьпявачка Соф’я Друкер, народная артыстка Беларусі.

7 студзеня ў 1910 годзе нарадзіўся Канстанцін Заслонаў – герой-партызан. Цікава, што родам Заслонаў з Расеі і ў Беларусь прыйшоў толькі ў верасьні 1941 году, разам са сфармаваным у Маскве партызанскім атрадам. Крыху больш чым праз год Заслонаў загінуў у баі з гітлераўцамі. Яшчэ цікава, што ў кампартыю Заслонаў уступіў толькі незадоўга перад сьмерцю, у 1942 годзе.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

8 студзеня ў Беларусі працягваюць сьвяткаваць праваслаўныя Каляды.

8 студзеня 1919 году Менск быў абвешчаны сталіцаю БССР. Дагэтуль павятовы і губэрнскі горад Менск ніколі ў сваёй гісторыі ня быў сталіцаю Беларусі.

З гістарычных падзеяў згадаем, што 8 студзеня 1954 году ў Беларусі былі ліквідаваныя вобласьці: Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская з цэнтрам у Мазыры, Пінская і Полацкая.

8 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет савецкі кіраўнік Георгі Малянкоў, імя якога дагэтуль захавалася ў народнай назве гранёнай, “малянкоўскай” шклянкі, амэрыканскі кароль рок-н-ролу Элвіс Прэсьлі і беларускі гісторык Генадзь Каханоўскі, які ўсё жыцьцё прысьвяціў роднаму Маладэчанскаму краю.
XS
SM
MD
LG