Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як трэба сьвяткаваць Каляды паводле беларускіх традыцыяў?


Валянціна Аксак, Менск 7 студзеня сьвята Божага нараджэньня адзначаюць вернікі Ерусалімскае, Расейскае, Сэрбскае, Грузінскае ды Польскае аўтакефальнае праваслаўных цэркваў. Беларуская праваслаўная царква ёсьць адміністрацыйна падпарадкаваная Расейскай, а таму сьвяткуе разам зь ёю. Аднак значная частка беларусаў па-ранейшаму лічыць, што 7 студзеня трэба ўшаноўваць Каляду – старажытнага Бога зімовага сонцастаяньня, як рабілі гэта нашыя далёкія продкі.

Я таксама прытрымліваюся такога перакананьня. Сталася гэта пасьля таго, як я даведалася з навуковае літаратуры пра тое, як узьнік сучасны каляндар. Вядома, што самай старажытнай эўрапейскай сыстэмай упарадкаваньня часу быў каляндар, распрацаваны геніяльным палкаводцам, філёзафам, астраномам і матэматыкам Гаем Юліям Цэзарам у 46 годзе да н.э. з дапамагаю александрыйскага астранома Сазігена. У далейшым ён атрымаў назву ў гонар свайго стваральніка – юльянскі. У ім чаргаваліся тры простыя гады па 365 дзён і адзін высакосны – 366 дзён.

Аднак справа ў тым, што экватэрыяльны год на 11 хвілінаў і 14 сэкундаў карацейшы за сярэднюю працягласьць прынятага Юліям Цэзарам календара. У выніку за кожныя 128 гадоў набіраюцца лішнія суткі. Таму момант праходжаньня сонца праз кропкі вясновага раўнадзенства перасоўваўся на суткі назад, а ўсе сьвяты, зь ім зьвязаныя, у тым ліку і сьвята зімовага сонцастаяньня – Каляда – на дзень наперад.

У сувязі з такой супярэчнасьцю ў 1582 годзе была праведзеная рэформа каляндара, у выніку якой набеглыя за гэты час лішнія 10 сутак забралі назад. Так утварыўся новы, альбо грыгарыянскі (паводле імя папы рымскага Грыгорыя ХІІІ) стыль.

Напачатку ХХ стагодзьдзя розьніца паміж старым і новым стылем склала ўжо 13 дзён. Паколькі хрысьціянская царква прымеркавала да дня зімовага сонцастаяньня Дзень нараджэньня Ісуса Хрыста, то ў выніку рэформы гэтае сьвята таксама перасунулася назад – з 7 студзеня на 25 сьнежня. Аднак расейская праваслаўная царква не прызнала гэтага пераносу.

Я ж лічу, што як сьвяткавалі нашыя дахрысьціянскія продкі Каляду 7 студзеня, так і нам трэба сьвяткаваць. А вось дзень Божага нараджэньня, бясспрэчна, трэба ўсьлед за астатнім эўрапейскім хрысьціянскім сьветам сьвяткаваць 25 сьнежня.

7 студзеня я сьвяткую так, як сьвяткавала мая бабуля – паводле ўсіх народных калядных звычаяў. Учора чысьценька прыбрала ў хаце, бо новае сонца павінна быць чыстым, нічым неазмрочаным, радасным, на ўвесь год прынесьці сьвятло ў кватэру і душы яе насельнікаў. У чаканьні яго сабраліся ўсе мае сямейныя за ўчорашнім вячэрнім сталом.

Рэшткі вячэры я не прыбірала, каб ноччу продкі пачаставаліся. Сёньня ўсе гэтыя акрайчыкі і астачы страваў аддам птушкам і бяздомным сабакам ды катом. Бабуля аддавала свойскім жывёлам, я ж у горадзе іх ня маю. Але ў любым разе выкідаць гэтую ежу няможна, бо Каляда пакрыўдзіцца і не пашле новага дабрабыту.

Затым я ўзяла кубак малака і абнесла ўсіх сваіх родных, сымбалічна абмыўшы іхнія твары. Каб былі такія ж белыя, а значыць – сьветлыя абліччам і душою цэлы год.

На сьняданьне я гатую аладкі. Бяз зь іх ніяк нельга ў сьвята сонца. Круглыя, пульхныя і цёплыя, яны ўжо чакаюць у высокім стосе пад вышываным бел-чырвона-белымі сонечнымі промнямі абрусам на стале. Да аладак смажыцца таксама круглымі колцамі кілбаска з сонейкамі яечак абапал. Да іх гародніна адпаведная – колцамі наскрыляныя гурочкі, круглыя памідоркі… Усе стравы мусяць нагадваць сонечнага бога Каляду. Пірог зь вечара яшчэ чакае. Ён аздоблены жоўтым персікава-памаранчавым сочывам…

На абед абавязкова звару супу з маленькімі качанкамі квашанай капусты і скрылёчкамі традыцыйна падсушанае вясковае кілбасы, якую, на жаль, не сама рабіла. Але купіла на базары – дзякуй Богу, там яшчэ прадаюць такія калядныя смакоцьці. А вось на вячэру будзе паляндвіца, таксама колцамі нарэзаная, квашаніна і таксама аладачкі, але ўжо бульбяныя – дранікі. І, канечне ж, дранікі з душамі. Гэта значыць, нафаршыраваныя грыбным, мясным і капусным фаршам. Дранікі з душамі не паеўшы на Каляды рызыкуем цэлы год пражыць без душы, абы як рабіць. Чаго ніяк нельга нам, калі мы жадаем жыць у згодзе з запаветамі продкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG