Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 студзеня – Сьвята Божага нараджэньня


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 7 студзеня сьвята Божага нараджэньня адзначаюць вернікі Ерусалімскае, Расейскае, Сэрбскае, Грузінскае ды Польскае аўтакефальнае праваслаўных цэркваў. Беларуская праваслаўная царква ёсьць адміністрацыйна падпарадкаваная Расейскай, а таму сьвяткуе разам зь ёю. У праваслаўных храмах адбыліся ўсяночныя ўрачыстыя службы. Эпіскап Магілёўскі і Амсьціслаўскі Сафроній зьвярнуўся да паствы са словамі віншаваньня. “Вялікае сьвята Раства Хрыстова павінна адрадзіць у душы кожнага самыя лепшыя, самыя высокія пачуцьці”, сказаў Сафроній вернікам.

А што значыць для магілёўцаў сьвята нараджэньня Хрыстова? Як яны да яго рыхтуюцца і як адзначаюць? Я зьвярнулася з такімі пытаньнямі да мінакоў на вуліцах абласнога цэнтру.

(Спадарыня: ) “Радаснае сьвята, усеагульнае. Ад якога настрой падымаецца на далейшае існаваньне. Сьвятло нейкае, нараджэньне нечага новага”.

(Спадар: ) “Гэта сьвята вельмі добрае, гэта божае сьвята, гэта спакон вякоў адзначаюць гэтае сьвята – на ўсім зямным шары”.

(Спадарыня: ) “Калі дрэнна ў жыцьці, дык імкнесься на гэтае сьвята схадзіць у царкву. Нібыта лягчэй становіцца”.

(Спадарыня: ) “Гэта больш галоўнае сьвята за Новы год, я так мяркую. Мы абавязкова ходзім у царкву, а потым, натуральна, стол. Сёлета муж прынёс гусака, так што ў нас будзе нават гусак!”

(Спадарыня: ) “Гэта самае вялікае сьвята, для ўсіх самае лепшае сьвята. Я пайду ў храм. На Раство я пайду на службу, а потым сьвяточны стол, як трэба – зь сям’ёй”.

(Спадарыня: ) “Гэта сьветлае, добрае сьвята, якое хочацца сустракаць. Як маладыя цяпер – ня ведаю, а мы раней на гэтае сьвята імкнуліся і паваражыць, і неяк павесяліцца. Добрае сьвята, старажытнае”.

(Дзяўчына: ) “З кампаніяй, напэўна, зьбярэмся. Зоймемся старымі варажбамі. Узгадаем, як нашыя бабулі і дзядулі і бацькі рабілі”.

(Хлопец: ) “Так ужо адзначаць ня буду, але на гуляньні схаджу. Тут жа будуць усялякія прадстаўленьні, зь сябрамі пазабаўлюся, пагляджу што-небудзь, паем. Старыя адзначаюць, старэйшае пакаленьне. А для нас гэта – адно са сьвятаў навагодніх”.

(Стары: ) “Рыхтуемся, імкнемся нешта лепшае набыць і паесьці, выпіць. Сустрэцца са сваімі роднымі, сустрэцца з блізкімі і знаёмымі”.

(Спадарыня: ) “Пост трымаем, імкнемся прытрымліваемся. А так імкнемся, каб сьвята было, каб больш усяго смачнага”.

(Спадарыня: ) “Так, сьвяткуем, але ня верым”.

(Спадар: ) “Сямейнае сьвята добрае”.

(Спадар: ) “Гэта самае вялікае сьвята ў годзе!”

(Спадар: ) “Сьвята, якое адзначае ўвесь народ. Адно з лепшых, добрых сьвятаў, якія існуюць у нашай краіне. Ну і ў сьвеце таксама”.

(Дзяўчына: ) “Па-першае, здароўя вялікага і вялікай сьветлай чыстай любові ўсім!”

(Спадарыня: ) “Шчасьця, усьмешак, усяго самага добрага, што можна жадаць сябе, таго і ўсім нашым людзям”.
XS
SM
MD
LG