Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легенды старога Менску


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 6 студзеня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае Людміла Дзіцэвіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Легенды, паданьні, а тым болей міты бываюць агульнанароднымі. Існуюць таксама лякальныя міты, зьвязаныя з гісторыяй таго ці іншага населенага пункту. Але ці кожны горад, ці кожнае мястэчка могуць мець сваю ўласную міталёгію?”

(Людміла Дзіцэвіч: ) “У любой мясьціне, дзе жыве чалавек, ёсьць асновы дзеля стварэньня легенды. Хто стварае легенды, паданьні, міты? Сам чалавек, ягонае жыцьцё”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня мы будзем гаварыць пра Менск. Якія гістарычныя падставы мае гэты горад дзеля сваёй разгалінаванай міталёгіі?”

(Дзіцэвіч: ) “Менск — старажытны горад. Мы маем свае старажытныя помнікі архітэктуры: культавыя збудаваньні, сядзібы, старадаўнія паркі, лёхі. Вось там і зараджаліся легенды”.

(Ракіцкі: ) “А зь якой легенды вы хацелі б пачаць размову пра легендарны Менск?”

(Дзіцэвіч: ) “Натуральна, зь легенды, якая зьвязаная з ратушай. У кожным эўрапейскім горадзе самыя неверагодныя падзеі здараліся перадусім у ратушы. Вось і мы маем шмат легендаў, зьвязаных з ратушай. Аднавілі ратушу, адновяцца і легенды вакол яе. Вось адна такая легенда, заснаваная на дакладным гістарычным факце. У 1760 годзе за абразу трыбуналу ў ратушы быў расстраляны князь Міхал Валатковіч. Гэты чалавек нападпітку зьявіўся ў трыбунал, каб расквітацца са сваімі крыўдзіцелямі. І ў часе бойкі, у якую ўсе трыбуналаўцы ўвязаліся, ён параніў некалькіх чалавек, і, самае галоўнае, ён адсек кавалачак ад статуі пана Езуса. І за гэта яго пакаралі, як тады казалі, “на горла”: расстралялі на ратушным двары”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна ж, падобных эпізодаў цягам гісторыі здаралася нямала. Чаму такая дробная падзея з удзелам чалавека нападпітку замацавалася ў якасьці легенды?”

(Дзіцэвіч: ) “Так, гэтая гісторыя была сапраўды рэальнай. А легендай яе зрабілі ўяўленьні людзей. Высьветлілася, што потым Валатковіч, абураны, што не зразумелі ягоных намераў, вырашыў ужо пасьля сьмерці вярнуцца і пашукаць сваіх крыўдзіцеляў і адпомсьціць ім. Такую легенду і стварылі людзі: у двары ратушы зьяўляецца здань Валатковіча. А ўжо нават ёсьць сьведкі, што гэтая здань зьяўляецца і ў адноўленай ратушы”.

(Ракіцкі: ) “Слухаючы вас, і самому можна паверыць у тое, што здані існуюць. Увогуле таямнічыя гісторыі пра здані ў ратушах, старых мурах, скляпеньнях характэрныя для бальшыні эўрапейскіх народаў, што маюць сваю багатую гісторыю. Але давайце ад таямніцаў вернемся да фактаў, якія сапраўды мелі месца ў гісторыі й найперш зьвязаных зь Нямігай, што працякала непадалёку ад таго месца, дзе цяпер стаіць ратуша. Берагі гэтай ракі таксама сталі легендарнымі. І легенды — крывавыя. А ці перадаваліся ад пакаленьняў да пакаленьняў нейкія містычныя гісторыі, зьвязаныя зь Нямігаю?”

(Дзіцэвіч: ) “Менавіта містычная гісторыя паўстала з факту сечы, што адбылася на Нямізе ў сакавіку 1067 году. Легенда даносіць да нас гісторыю пра мужнага князя. У часе бітвы страла патрапіла ў каня князя, і абодва загінулі. Людзі і да сёньняшняга дня лічаць, што менавіта там, на месцы гэтай сьмерці, 3 сакавіка штоноч на люстраной паверхні зьяўляецца белы конь, які ржэ, шукаючы свайго гаспадара”.

(Ракіцкі: ) “Заўсёды вельмі прыцягальныя гісторыі пра пошукі й знаходкі скарбаў. Яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму Менск быў не такім прылізаным. А яго цэнтар меў аўру таямнічасьці. У старым горадзе можна было бачыць рэшткі муроў. Напэўна ж, і ў 20 стагодзьдзі ўзьнікалі легенды, зьвязаныя са старымі скляпеньнямі, мурамі, з пошукам скарбаў”.

(Дзіцэвіч: ) “І шукалі іх як гісторыкі, гэтак і звычайныя людзі. Перадусім, натуральна ж, піянэры. Так, у сваёй кнізе Зянон Пазьняк распавёў пра адзін з паходаў піянэраў у 1953 годзе ў менскія лёхі. Ліхтары сталі тухнуць, пясок асыпаўся, дзеці страшна напалохаліся, ім сталі мроіцца чалавечыя чарапы, шкілеты. І гэта ня быў адзінкавы факт”.

(Ракіцкі: ) “Практычна кожны горад, кожнае мястэчка маюць свае легенды пра няшчаснае каханьне ці любоўныя авантуры. А ці захаваў такія легенды Менск?”

(Дзіцэвіч: ) “Легенды на падставе гістарычных фактаў захаваў цэнтар Менску, а вось любоўныя паданьні зьвязаныя зь яго прадмесьцямі. Цікавыя любоўныя гісторыі разьвіваліся на беразе Сьвіслачы ў Лошыцкім парку. Справа, напэўна, у самім парку, які ёсьць прывабным дзеля разьвіцьця любоўных падзеяў. У розны час уладальнікі парку былі чульлівымі да жаночай пекнаты.

Калі адштурхоўвацца ад факту, дык уладальнік Лошыцы князь Яўстахі Любанскі на пачатку 20 стагодзьдзя вельмі быў закаханы ў сваю жонку Ядвігу. Але вялікае каханьне не заўсёды нясе шчасьце. Так і тут: Ядвіга кахала другога. І калі той пакінуў яе, яна ўтапілася ў Сьвіслачы. Факт гэтым і можа скончыцца. Але людзям хочацца працягу. Вось і зьявілася прыгожая легенда пра тое, што князь пасадзіў манчжурскі абрыкос, і каля гэтага дрэва ў часе квітненьня зьяўляецца постаць самотнай Ядвігі, якая шукае сваё каханьне. Дарэчы, я неяк сустрэла аднаго менчука, які даказваў, што ён яе бачыў і распавядаў, як яна была апранутая”.

(Ракіцкі: ) “Зь любоўнымі гісторыямі, зрэшты ня так ужо і складана: чаго толькі не нафантазуе закаханы чалавек… Што тычыцца плётак — ці існуюць у Менску нейкія легенды, заснаваныя на самых неверагодных чутках, якія ніяк нельга вытлумачыць ані гісторыяй, ані навукай?”

(Дзіцэвіч: ) “Натуральна, ёсьць. Іх можна, канечне, назваць лухтой, падманам. Так скажуць людзі, якія вераць перадусім гістарычным фактам. У 19 стагодзьдзі Сьвіслач вельмі моцна разьлівалася ў часе паводкаў. І там заводзіліся вялікія яшчаркі. І гэтых яшчарак называлі беларускімі кракадзіламі. Як гэта магло стацца? Існуе такая легенда, быццам адна яшчарка ў часе залевы апынулася ў хаце адной жанчыны, якая прачнулася, убачыла гэтую істоту і страшна напужалася. Пасьля пераказала гэта сваёй суседцы, што бачыла кракадзіла. Суседка панесла навіну далей. І ў выніку ўвесь горад распавядаў гэтую фантастычную гісторыю. І гэтая легенда жыве аж да сёньня. Нават гісторыкі пераказваюць яе”.

(Ракіцкі: ) “Вы паўтараеце, што гэтую і іншыя легенды ведаюць гісторыкі, фальклярысты. Але масава іх ня ведаюць паспалітыя людзі. Дык чаму легенды забываюцца, не культывуюцца далей, не ўваходзяць у масавую сьвядомасьць — не становяцца мітамі?”

(Дзіцэвіч: ) “Гэта вынікае зь гісторыі беларускага народу, дакладней, з таго, што яна дрэнна захаваная. Можна казаць, што наша гісторыя была ў падпольлі. Нават суседнія народы лічылі, што беларусы ня маюць сваёй гісторыі. А яна ж багатая. Ды нават паводле кожнай менскай легенды можна здымаць кінасэрыялы. І гэта было б важнай справай, каб кожны гістарычны факт станавіўся легендай, а пасьля і мітам. А пакуль у Беларусі міталягізуюцца толькі падзеі 20 стагодзьдзя, і тым самым наўмысна адсякаецца багатая гісторыя да 1917 году. Беларусы павінны мець сваю міталёгію”.
XS
SM
MD
LG