Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 6 студзеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 6 студзеня.

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“Мінулы год для Беларусі пад маскоўскімі камуністамі быў годам далейшага прасьледу беларускага народу, беларускага нацыянальнага адраджэньня, беларускай культуры і эканомікі. Мэта гэтага прасьледу ясная: зьніштожыць беларускі народ, як народ, аб’яднаць яго назаўсёды з Масквой, зрабіць з яго, як гэта рабілі і маскоўскія цары, гной пад маскоўскае вялікадзяржаўніцтва. Але кожны гвалт не вядзе да мэты, а вядзе да вынікаў адваротных”.

“Сталинская молодежь”, 1955:

“У Маладэчанскі гаркам камсамолу паступаюць заявы ад юнакоў і дзяўчат з просьбай накіраваць іх на асваеньне цалінных і залежных земляў. Камсамолка Надзея Сяргеева яшчэ калі вучылася ў сярэдняй школе, выказвала вялікую цікавасьць да тэхнікі. Скончыўшы школу, дзяўчына паступіла на курсы шафёраў пры Маладэчанскім абласным камітэце ДТСААФ і з посьпехам іх скончыла. На днях Надзея зайшла ў гаркам камсамолу: “Я хачу паехаць на асваеньне цалінных земляў”, — заявіла дзяўчына… Заявы з просьбай накіраваць іх на асваеньне цалінных земляў падалі таксама многія маладыя інжынэры і тэхнікі чыгуначнага вузла, шафёры, будаўнікі”.

“Народная газета”, 1995 год. Анатоль Майсеня прагназуе:

“Нельга выключыць, што манера прэзыдэнцкага тэлезвароту, роўна як і крыўда ў голасе, былі адно хітравумнымі палітычнымі загатоўкамі, спрацаванымі загадзя прэзыдэнцкай камандай. Але, хацеў таго Прэзыдэнт ці не, ягоны тэлезварот агаліў увачавідкі крызіс жанру. Роля ўсенароднага куміра, “бацькі” ўсяго беларускага народу і адначасова “свайго ў дошку хлопца” яму больш не пасуе, у гэтай гульні ўсё часьцей гучыць сцэнічны фальш. Палымяныя прамовы Прэзыдэнта хутка ўжо зусім ня будуць кранаць народ. Як, дарэчы, і абвінавачаньні ў карупцыі. Народ прывыкае да ўсяго”.
XS
SM
MD
LG