Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі аблсуд пакараў былога старшыню Клімавіцкага райвыканкаму 4 гадамі пазбаўленьня волі


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым былога старшыню Клімавіцкага райвыканкаму Ўладзімера Канавалава ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і пакараў яго 4 гадамі пазбаўленьня волі.

Адразу пасьля абвяшчэньня выраку судзьдзі Ірыны Владыкі ахоўнікі ўзялі Ўладзімера Канавалава пад варту. Як устанавіў суд, яшчэ ў 1999 годзе, будучы старшынём Клімавіцкага райвыканкаму, спадар Канавалаў на падставе падробнага ліста тагачаснага міністра сельскай гаспадаркі Мароза даў распараджэньне Клімавіцкаму гарэлачнаму заводу пералічыць 5 мільярдаў рублёў на рахунак райсельгасуправы. Грошы пайшлі калгасам ды саўгасам на набыцьцё насеньня траваў, лубіну, рамонт тэхнікі ды іншыя гаспадарчыя справы.

Пакуль Мінсельгасхарч спахапіўся, у Клімавічах пасьпелі скарыстаць ужо 3 мільярды рублёў.

На судзе былы старшыня выканкаму патлумачыў, што блянк строгай справаздачнасьці з подпісам міністра Мароза ён набыў у Мінсельгасхарчы ў адной сакратаркі за дзьве шакалядкі.

Яшчэ адзін факт перавышэньня службовых паўнамоцтваў старшыні выканкаму Канавалава зьвязаны з самавольным выкарыстаньнем амаль 13 тысяч тон сканфіскаванага бэнзіну. “Левы” бэнзін, дастаўлены з Расеі няіснай фірмай, старшыня выканкаму Канавалаў распарадзіўся аддаць без аплаты гаспадаркам раёну.

Два згаданыя эпізоды і былі расцэнены судом як перавышэньне службовых паўнамоцтваў з нанясеньнем дзяржаве стратаў у буйных памерах. Раней крымінальную справу Канавалава закрывалі. Пасьля ўзнаўленьня і дасьледаваньня Гомельскай пракуратурай перадалі на разляд з Магілёўшчыны ў абласны суд Гомелю.

Калі прысуд ня будзе адменены вышэйшай судовай інстанцыяй, былому старшыні выканкаму прыйдзецца адбываць 4-гадовае пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ 5 гадоў спадару Канавалаву нельга будзе займаць кіроўныя пасады.

Сам 46-гадовы Ўладзімер Канавалаў у апошнім слове заявіў, што ягоная крымінальная справа зьяўляецца дзяржаўным заказам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG