Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік КГБ Беларусі займаўся зводніцтвам праз інтэрнэт


Алег Грузьдзіловіч, Менск Супрацоўнік цэнтральнага апарату КГБ падпрацоўваў зводнікам паміж менскімі прастытуткамі й карыстальнікамі інтэрнэту. Злачынны бізнэс спынілі міліцыянты, а вайсковы суд абмежаваўся для зводніка грашовым пакараньнем.

Менскі міжгарнізонны вайсковы суд прызнаў вінаватым ў зводніцтве былога супрацоўніка КГБ Паўла Ганжына, які раней працаваў у падразьдзяленьні інфармацыйнай бясьпекі цэнтральнага апарату камітэту.

Вынаходлівы малады чалавек у вольны ад службы час праз інтэрнэт наладзіў бізнэс: забясьпечваў кліентаў менскімі прастытуткамі. Зводнікам Павал Ганжын працаваў нядоўга — толькі чатырох кліентаў пасьпелі абслужыць прастытуткі, зьвесткі якіх супрацоўнік КГБ разьмясьціў на адмыслова створаным сайце.

Узнагарода за гэтыя паслугі склала ўсяго 60 даляраў. Пры атрыманьні другога ганарару зводніка затрымалі міліцыянты з управы нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў.

Менскі міжгарнізонны суд пакараў Паўла Ганжына грашовым штрафам больш за 1000 даляраў. Максымальнае пакараньне за зводніцтва прадугледжвае да 5 гадоў зьняволеньня.

Камэнтар да гэтай гісторыі ў КГБ Беларусі атрымаць не ўдалося. Вядома толькі, што яшчэ да суду Паўла Ганжына з КГБ звольнілі. Паводле крыніцаў, пачатковец у цэнтральным апараце КГБ атрымлівае да 200 даляраў штомесяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG