Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Упершыню ў Беларусі на дробнага прадпрымальніка завялі крымінальную справу за нявыплату страхавых унёскаў


Міхал Стэльмак, Менск У Воршы завялі і накіравалі ў суд крымінальную справу на прадпрымальніка Яўгена Бурынскага за нявыплату страхавых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны. Гэта першы ў Беларусі выпадак, калі дробнага бізнэсоўца зьбіраюцца судзіць за такое парушэньне. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, большасьць беларускіх прадпрымальнікаў сёньня не стаіць на ўліку ў фондзе сацыяльнай абароны і адмаўляецца плаціць штомесячныя страхавыя ўнёскі, як таго патрабуе ад іх прэзыдэнцкі дэкрэт 2002 году.

Паводле спадара Бурынскага, заведзеная крымінальная справа стала вынікам дзеяньняў супраць яго трох аршанскіх дзяржструктураў — пракуратуры, дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю і фонду сацыяльнай абароны:

(Бурынскі: ) “Крымінальная справа артыкул 216 частка 1 — у тым, што я наўмысна не станавіўся на ўлік і гэтым падмануў фонд сацыяльнай абароны і як бы прысвоіў гэтыя грошы, а ім нанёс страты. Пракуратура і дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, якія прад’явілі мне абвінавачаньне, лічаць што сабралі доказы маёй віны. Я гэтага не магу зразумець. Яны лічаць, што я наўмысна і ў карысьлівых мэтах нанёс шкоду аршанскаму гарадзкому аддзелу фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Мне налічылі 833 тысячы 20 рублёў — запазычанасьць мая”.

Прадпрымальніку было патлумачана, што ён мусіў стаць на ўлік яшчэ ў жніўні 2002 году на падставе дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі №18 “Аб некаторых пытаньнях сацыяльнай абароны грамадзянаў”. Гэты дэкрэт, нагадаю, прадпісвае індывідуальным прадпрымальнікам выплачваць штомесячныя ўнёскі ня меней як 36% ад бюджэту пражытковага мінімуму. Многія дробныя бізнэсоўцы нэгатыўна паставіліся да гэтага дакумэнту. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, большасьць беларускіх прадпрымальнікаў сёньня не стаіць на ўліку ў фондзе сацыяльнай абароны і адмаўляецца плаціць штомесячныя страхавыя ўнёскі.

Як паведаміў мне кіраўнік аршанскага фонду сацыяльнай абароны Сяргей Жалдыбаеў, ёсьць такія бізнэсоўцы і ў Воршы. Спадар Жалдыбаеў пацьвердзіў, што адзін зь іх, Яўген Бурынскі — кандыдат на пакараньне. Яму пагражае ня толькі штраф, а і выпраўленчыя работы да 2 гадоў альбо арышт да 6 месяцаў. Судовы разгляд справы Бурынскага заплянаваны на 14 студзеня ў Воршы. Па дапамогу аршанскі прадпрымальнік зьвярнуўся ў Беларускі Хэльсынскі камітэт. Гаворыць намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Я лічу, што там няма складу злачынства. Там надуманае абвінавачаньне паводле артыкулу 216 Крымінальнага кодэксу. Ён, вядома, ня нанёс ніякай шкоды. Ён ня мае ніякіх абавязкаў перад фондам, а фонд перад ім. Я спадзяюся, што суд мусіць яго апраўдаць”.
XS
SM
MD
LG