Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ваўкавыску без тлумачэньняў забаранілі рэдакцыі “Местной газеты” мець у горадзе юрыдычны адрас


Галіна Абакунчык, Менск Улады Ваўкавыску адмовілі рэдактару “Местной газеты” Андрэю Шантаровічу ў рэгістрацыі ў горадзе юрыдычнага адрасу выданьня. Такога рашэньня гарадзкая адміністрацыя ніяк не абгрунтавала. Выдавец газэты называе гэта беспадстаўным парушэньнем дзейнага заканадаўства і намерваецца зьвяртацца ў пракуратуру.

Дагэтуль “Местная газета” існавала як адзін з кірункаў дзейнасьці прадпрымальніка Андрэя Шантаровіча. Для рэгістрацыі самастойнага выданьня неабходнай умовай ёсьць узгадненьне юрыдычнага адрасу. Намесьнік кіраўніка мясцовай вэртыкалі Ўладзімер Захарчук не пажадаў патлумачыць нават афіцыйнай прычыны адмовы. Вось як ён адказаў на пытаньне нашага радыё:

(Захарчук: ) “Мы напісалі яму адказ, што ў адпаведнасьці з законам аб СМІ. Усё патлумачылі даўным даўно, але як хоча, то няхай прыйдзе, мы зь ім тут пагаворым. Яшчэ пытаньні ёсьць? І ўсё — не перашкаджайце працаваць, у мяне людзі сядзяць”.

Як паведаміў Андрэй Шантаровіч, у афіцыйным лісьце, падпісаным спадаром Захарчуком, гаворыцца, што ў адпаведнасьці з Законам аб друку адміністрацыя гораду не абавязаная тлумачыць прычыны адмовы. Гэта ня першая аналягічная адмова, і вось як гэта пракамэнтаваў спадар Шантаровіч:

(Шантаровіч: ) “Гэта зьдзек зь мяне — ніяк па-іншаму я гэтага патлумачыць не магу. Раней яны проста адмаўлялі, а цяпер робяць такімі ўжо цынічнымі свае адмовы. Яны не жадаюць бачыць асабіста мяне ў Ваўкавыску. Газэты — газэты само сабой. Яны хочуць, каб выходзіла іхная раёнка, дзе ўсё гладзенька і салодзенька. Навошта ім я са сваёй газэтай? Я разумею, што тут прысутнічаюць многія фактары, якія перашкаджаюць ім жыць”.

Паводле Андрэя Шантаровіча, цяпер ён рыхтуецца зьвярнуцца ў пракуратуру з патрабаваньнем распачаць супраць гарадзкіх чыноўнікаў крымінальную справу паводле артыкулаў аб зьдзеку і перашкодзе прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Рэдактар незалежнай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч цягам месяца трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць рашэньня Міністэрства інфармацыі аб прыпыненьні выхаду газэты напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму. Улады кваліфікавалі гэта як арганізацыю недазволенага пікетаваньня і пакаралі журналіста штрафам на 50 мінімальных заробкаў. Пасьля аднаўленьня выхаду газэты беларускія друкарні адмовіліся друкаваць выданьне, і цяпер “Местная газета” выходзіць у Смаленску.
XS
SM
MD
LG