Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць “Карпацкая дэклярацыя” Юшчанкі й Саакашвілі?


Валер Каліноўскі, Менск Новаабраны прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка і кіраўнік Грузіі Міхаіл Саакашвілі падпісалі так званую “Карпацкую дэклярацыю” з тлумачэньнем матываў і мэханізмаў мірных рэвалюцыяў у сваіх краінах. Пра што сьведчыць гэтая дэклярацыя? Гутарка зь вядомым украінскім палітолягам Аляксандрам Дзергачовым.

“Народы Ўкраіны і Грузіі паказалі, што свабода і дэмакратыя мацнейшыя за дзяржаўную машыну, якой бы жорсткай яна ні была, што мірныя дэмакратычныя рэвалюцыі нельга штучна выклікаць якімі-небудзь тэхналёгіямі альбо ўмяшаньнем звонку”, — гаворыцца ў дэклярацыі, падпісанай Віктарам Юшчанкам і Міхаілам Саакашвілі падчас іх знаходжаньня ў Карпатах. Лідэры ўкраінскай і грузінскай рэвалюцыяў заявілі таксама пра пачатак “новай хвалі вызваленьня Эўропы, якая прывядзе да канчатковай перамогі свабоды і дэмакратыі на эўрапейскім кантынэнце”.

На думку кіеўскага палітоляга Аляксандра Дзергачова, гэтая дэклярацыя перш за ўсё сьведчыць пра дывэрсіфікацыю цэнтраў уплыву ў рамках СНД, у межах якой ствараецца вось Кіеў—Тбілісі, да якой можа далучыцца Кішынэў.

(Дзергачоў: ) “Відавочна, што ўзьнікаюць новыя імпульсы для таго, каб не было аднабаковай арыентацыі на Расею. Цяпер аб’ектыўна пачнуцца больш складаныя працэсы і, зразумела, тут вядучай будзе роля Ўкраіны і Грузіі”.

Спадар Дзергачоў, кажа, што Ўкраіна ня будзе спрабаваць неяк пераняць ролю Расеі ў СНД, яна будзе імкнуцца даць прыклад прагматычных адносінаў. Дэмакратычныя рухі ў іншых краінах СНД, і, у прыватнасьці, у Беларусі, могуць разьлічваць на падтрымку з боку Ўкраіны і Грузіі, прынамсі маральную, перакананы кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў.

(Дзергачоў: ) “А нешта больш канкрэтнае — для гэтага патрэбныя іншыя перадумовы ў самой Беларусі, і перадусім павінна нарэшце быць дасягнутая дзелавая і непасрэдная еднасьць тых розных сілаў, якія спавядаюць агульнадэмакратычныя нормы”.

Аляксандар Дергачоў перакананы, што краіны СНД настолькі розныя, што пакуль нельга казаць пра прынцып даміно, інэрцыю рэвалюцыйных пераўтварэньняў, але чаканьні падобных падзеяў у іншых краінах Саждружнасьці ўзмоцняцца, асабліва калі аранжавая рэвалюцыя неўзабаве палепшыць жыцьцё ўкраінскіх грамадзянаў.

Ацэньваючы будучыя адносіны В.Юшчанкі і А.Лукашэнкі, спадар Дзергачоў заявіў, што новы ўкраінскі лідэр будзе паводзіць сябе прагматычна, і з улікам дзяржаўных інтарэсаў разьвіваць мінімальна неабходныя двухбаковыя дачыненьні.

(Дзергачоў: ) “Але Лукашэнка не атрымае яшчэ аднаго кірунку такіх зручных візытаў для таго, каб дэманстраваць уласную міжнародную актыўнасьць. Ня думаю, што яго будзе вельмі цягнуць у Кіеў. Тут атмасфэра для яго ня будзе надта спрыяльнай”.
XS
SM
MD
LG