Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыянэрнае таварыства “Алеся” нацыяналізуюць


Юлія Шарова, Менск Адкрытае акцыянэрнае таварыства “Алеся” сёлета зьменіць форму ўласнасьці і стане дзяржаўнай кампаніяй. Прадпрыемства тры гады таму ўжо трапіла ў працэдуру банкруцтва ды цяпер зноў увайшло ў стан фінансавага крызісу, хоць тады яму дазволілі не плаціць пазыкі. Кіраўніцтва фабрыкі ня бачыць іншага выйсьця, апроч нацыяналізацыі.

На сёньняшні дзень усе эканамічныя паказьнікі акцыянэрнага таварыства “Алеся” адмоўныя. Як расказала ў інтэрвію “Свабодзе” выканаўца абавязкаў гэнэральнага дырэктара Людміла Хітрова, сэрэдні заробак на прадпрыемстве складае каля 200 тысяч рублёў. З прычыны нізкага заробку цягам апошніх двух-трох год амаль траціна працоўнага калектыву сышла сама. Цяпер на фабрыцы працуе каля 450 чалавек.

(Хітрова: ) “Мы ўжо апусьціліся ніжэй за нулявую адзнаку, у нас усё са знакам мінус. Паколькі няма такога лідэра, які ўзяў бы на сябе сьмеласьць у ранейшай форме ўласнасьці паспрабаваць давесьці, што можна жыць у грамадзтве і быць незалежна ад гэтага грамадзтва прыбытковымі. Таму прынятае такое рашэньне”.

Паводле спадарыні Хітровай, прадпрыемству цяпер вельмі цяжка выжываць ва ўмовах канкурэнцыі безь дзяржаўнай падтрымкі. Апрача “Алесі” на рынку трыкатажных вырабаў працуюць яшчэ пінскае вытворчае аб’яднаньне “Палесьсе”, берасьцейскае прадпрыемства “Элма”, шэраг дробных прыватных прадпрыемстваў; ёсьць таксама нелегальныя фірмы, што насычаюць рынак нізкаякаснай, але вельмі таннай прадукцыяй.

Тры гады таму на “Алесю” прыходзіў замежны інвэстар — буйная латвійская кампанія “Огрэ”. Паводле Людмілы Хітровай, прыход гэтага інвэстара лабіявалі якраз прадстаўнікі дзяржавы, асобныя чыноўнікі. Але ўмовы, на якіх латышы хацелі стварыць сумеснае прадпрыемства, беларускі бок не задаволілі.

(Хітрова: ) “Рэч у тым, што там істотна скарачалася колькасьць пэрсаналу. У нас было больш за 600 чалавек, а там пакідалі недзе 200. Усе завінавачанасьці заставаліся на “Алесі”, і яна павінна была гасіць гэтыя пазыкі за кошт продажу ўласнай маёмасьці. А ўсе вытворчыя магутнасьці адыходзілі да СП. І пры гэтым яшчэ была заніжаная ацэнка ўнесенай маёмасьці, прычым заніжаная амаль у дзевяць разоў”.

Сёлета, апрача “Алесі”, будзе нацыяналізаванае таксама акцыянэрнае таварыства “Мотавэла” — дзяржава мае ўкласьці ў гэтае прадпрыемства амаль 10 мільёнаў даляраў. А летась у Беларусі нацыяналізавалі завод “Белмэдпрэпараты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG