Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс на рэстаўрацыю гістарычнага цэнтру Менску выйграў інстытут “Менскпраект”


Іна Студзінская, Менск Перад самым Новым годам былі падведзеныя вынікі творчага конкурсу па забудове гістарычнага цэнтру Менску. У фінал конкурсу выйшлі 4 творчыя калектывы: “БелНДІ горадабудаўніцтва”, інстытуты “Менскграмадзянпраект”, “Белдзяржпраект” і “Менскпраект”. Якія асноўныя прынцыпы ўзялі за аснову пераможцы?

Спачатку праекты разглядала экспэртная камісія, а потым ужо аўтарытэтнае журы разглядала макеты, выстаўленыя ў гарадзкой Ратушы. Грамадзкага абмеркаваньня ў прамым сэнсе не было, але макеты і зараз можна ўбачыць праз купал Ратушы.

Сябра журы, галоўны інжынэр унітарнага прадпрыемства “Менская спадчына” Павал Шыкунец запэўніў мяне, што пераможцу вызначала менавіта журы і комплексны падыход, а не Аляксандар Лукашэнка, які прысутнічаў на абмеркаваньні праектаў рэканструкцыі. Спадар Шыкунец адзначыў высокі ўзровень усіх работ:

(Шыкунец: ) “У кожным праекце была свая “разынка”. Кожны інстытут павінен быў прадставіць канцэпцыю: адрадзіць старое, аднавіць даўніну. Каб не было так: прыйшоў, убачыў, разбурыў даўніну. Гэта гістарычныя помнікі, таму падыход быў адмысловы: патрабаваў вывучэньня гісторыі, археалёгіі, таго, што раней там было. У пэрыяд праектаваньня трэба было прайсьці ўзгадненьне зь міністэрствам культуры, Дэпартамэнтам гісторыка-культурнай спадчыны, з горадабудаўнічай радай, Менскрэстаўрацыяй, з Інстытутам гісторыі, археолягамі... Сам працэс патрабаваў шмат увагі і творчага падыходу”.

Перамог творчы калектыў інстытуту “Менскпраект” – кіраўнік праекту Дзьмітры Бубноўскі, архітэктары Іна Танаеўская і Юрый Камісараў. Дарэчы, праект Бубноўскага найбольш танны – “Белдзяржпраект”, да прыкладу, прапаноўваў зрабіць над Верхнім горадам вантавы мост, транспартную разьвязку. Вось што распавёў мне пераможца конкурсу, начальнік аддзелу інстытуту “Менскпраект” Дзьмітрый Бубноўскі:

(Бубноўскі: ) “Рэстаўрацыя з рэвалюцыяй ўжываецца дрэнна. У першую чаргу, гэта комплексная рэканструкцыя гістарычнага цэнтру, таму за аснову ўзятыя такія прынцыпы: усё, што існуе і нейкім чынам захавалася, і прадстаўляе пэўную каштоўнасьць – зь ім трэба абыходзіцца далікатна, ашчадна. Нават з забудовай позьніх пэрыядаў – многія фрагмэнты даволі пэрспэктыўныя, і зь цягам часу нават гэтыя будынкі ўяўляюць сваю каштоўнасьць. Усё асяродзьдзе гістарычных цэнтраў складвалася гадамі, гэта ня столькі аўтарская задумка, а якраз тое асяродзьдзе, якое шліфуецца цягам стагодзьдзяў. Найбольш удалыя варыянты прыжываюцца, няўдалыя – адсейваюцца, фільтруюцца. Таму наш падыход – тое, што перашкаджае, стварае праблемы – зьняць, а тое, што каштоўнае – захаваць”.

На рэалізацыю праекту пераможца, інстытут “Менскпраект”, прапаноўваў тэрмін выкананьня – 15 гадоў. Але Лукашэнка паставіў задачу скараціць тэрмін, і рэстаўрацыю максымальна правесьці за кошт інвэстараў – а рэспубліканскі бюджэт будзе выкарыстоўвацца ў выключных выпадках. Вось такая задача пастаўленая. І перавага павінна аддавацца беларускім інвэстарам. Не выключаецца і ўдзел замежных.

Але праблем і без гэтага яшчэ шмат. Конкурс, паводле спадара Бубноўскага, – гэта набор ідэй. Зараз калектыву неабходна распрацаваць праект дэталёвай пляніроўкі цэнтру, паэтапна выконваць праекты забудовы, праекты на рэканструкцыю, аднаўленьне, узьвядзеньне асобных будынкаў, бо генпадрадчыкам вызначаны менавіта “Менскпраект”.

А праблемы ўсе яшчэ наперадзе, перакананы архітэктар Бубноўскі, бо шмат што беззваротна зьнішчана, і трэба неяк знаходзіць замену.

(Бубноўскі: ) “Самы цікавы аб’ект, страта якога настолькі абядніла ўвесь гістарычны цэнтар, што як быццам бы ўсё было каляровым, а потым стала чорна-белым – гэта, безумоўна, Менскае замчышча. І вось страта Менскага замчышча і тое, што па ім пракладзена траса праспэкту Машэрава, аказалі супэрзгубнае дзеяньне на гістарычны цэнтар. Дзьве асноўныя гарадзкія магістралі падзялілі цэнтар на 4 аўтаномныя фрагмэнты, і гэта тая праблема, пераадоленьнем наступстваў якой мы і займаемся…”
XS
SM
MD
LG