Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму ня стала беларускага паэта Янкі Юхнаўца


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 6 студзеня

У хрысьціянаў, якія сьвяткуюць паводле юліянскага календара, а гэта найперш праваслаўныя РПЦ, сёньня – пярэдадзень Калядаў. Набліжаецца да канца вялікі пост.

6 студзеня 1995 году было з помпай падпісанае Пагадненьне аб мытным саюзе Беларусі й Расеі. Дакумэнт мусіў рэалізавацца ў дзьве стадыі. На першай скасоўвалася ўнутраная беларуска-расейская мяжа ды ўніфікавалася гандлёвая палітыка дзьвюх краінаў. На другой меліся паўстаць супольныя памежныя войскі й супольнае мытнае заканадаўства. Лукашэнка і Чарнамырдзін у траўні 1995-га выкапалі памежны слуп, але далей справа не пайшла.

Цяпер – біяграфічныя даты.

6 студзеня 1412 году нарадзілася нацыянальная гераіня Францыі Жана Д’Арк.

6 студзеня 1619 году памірае Андрэй Волан, беларускі шляхціц і выдатны дзеяч эпохі Адраджэньня. Волан быў кальвіністам – ідэолягам рэфармацыйнага руху ў нашых краях. Вучыўся ў нямецкіх унівэрсытэтах, служыў сакратаром у каралёў тагачаснае фэдэратыўнае дзяржавы Рэчы Паспалітае. Быў паслом на сойм Вялікага Княства Літоўскага ад шляхты Ашмянскага павету. Пры гэтым не забываўся пра творчасьць – пісаў трактаты і прамовы, у якіх выступаў за роўнасьць усіх саслоўяў перад законам, адстойваў прынцыпы верацярпімасьці.

6 студзеня ў 1822 годзе нарадзіўся нямецкі археоляг Генрых Шліман. Гэта ён знайшоў старажытную Трою.

6 студзеня 1854 году зьявіўся яшчэ адзін шукальнік і дасьледчык. Калі верыць Артуру Конан Дойлу, якраз у гэты дзень нарадзіўся Шэрлак Холмс.

І яшчэ адна дата. 6 студзеня 1998 году пакінуў гэты сьвет расейскі кампазытар Георгі Сьвірыдаў, кажуць – апошні сапраўдны расейскі кампазытар, чыя музыка ня толькі таленавітая, але й вельмі нацыянальная.

Сёньня спаўняецца год як ня стала беларускага паэта Янкі Юхнаўца. Атрымаўшы юрыдычную адукацыю ў Нямеччыне, Юхнавец з канца 1950-х жыў у ЗША. Выдаў зборнікі паэзіі “Шорах моўкнасьці”, “Новая элегія”, “Калюмбы”. Шмат ягоных твораў пакуль не надрукаваныя.
XS
SM
MD
LG