Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Заіка: “Беларусь на сёньня сапраўды не падзяляе лібэральныя каштоўнасьці”


Юлія Шарова, Менск Незалежныя экспэрты мяркуюць, што нізкі рэйтынг эканамічнай свабоды, які Беларусь атрымала паводле штогадовай справаздачы амэрыканскай арганізацыі “Heritage Foundation”, сьведчыць пра негатовасьць беларускага насельніцтва прыняць лібэральныя каштоўнасьці. На думку спэцыялістаў, беларусы аддаюць перавагу беднаму, але прадказальнаму жыцьцю.

Год таму ва ўсясьветным рэйтынгу эканамічнай свабоды Беларусь займала 145 месца. Як такая нізкая ступень эканамічнай свабоды стасуецца з высокімі гаспадарчымі дасягненьнямі дзяржавы? Нагадаем, што летась валавы ўнутраны прадукт узрос у Беларусі больш чым на 11 адсоткаў.

Паводле апошняй справаздачы Heritage Foundation, Беларусь займае 143 месца ў сьвеце паводле ўзроўню эканамічнай свабоды і замыкае групу краінаў, якія лічацца “адносна несвабоднымі”. Далей ідуць дзяржавы кшталту Кубы і Паўночнай Карэі, якія прызнаныя “несвабоднымі”. Зь бліжэйшых суседзяў ды вонкава эканамічных партнэраў у тую ж групу, што і Беларусь, трапілі Расея (124 месца) і Ўкраіна (89 месца). Польшча (41 месца), Латвія (28) і Літва (23) уваходзяць у групу ўжо адносна свабодных эканомік.

Старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць, што наўпрост праводзіць паралель паміж ступеньню эканамічнай свабоды і эканамічнай разьвітасьцю пэўнай краіны ня варта. На ягоную думку, ёсьць розныя кірункі разьвіцьця, і Беларусь на сёньня сапраўды не падзяляе лібэральныя каштоўнасьці, кажа спадар Заіка.

(Заіка: ) “Свабодная эканоміка прадугледжвае высокую адказнасьць за свае эканамічныя паводзіны ды высокія рызыкі. Абібокам яна не пасуе. Таго, хто хоча атрымліваць маленькі заробак ды кавалак хлеба маленькі, але свой, таго больш задавальняе эканоміка кейнсіянскага тыпу, кшталту беларускай эканомікі. А яшчэ лепей – карэйскай. Там наагул усё будзе дакладна й зразумела: калі тэлевізар набыць, а калі боты”.

Са словаў Леаніда Заікі, такі тып эканомікі сапраўды зьяўляецца выбарам грамадзтва. Беларусы схільныя да гэтак званай субсыдарнасьці, ім болей даспадобы жыць аднолькава. Таму рэйтынгі эканамічнай свабоды паказваюць на тое, як палітычная эліта маніпулюе сьвядомасьцю электарату, ды як электарат гатовы аддаваць сваю свабоду ў абмен на спакой, гаворыць экспэрт. Што да несвабоднай эканомікі, то яна можа эфэктыўна працаваць на задавальненьне патрэбаў грамадзянаў, якія такі тып эканомікі падтрымліваюць.

Гл. таксама: “Heritage foundation” і “Wall Street Journal”: Беларуская эканоміка на 143-м месцы ў сьвеце паводле індэксу эканамічнай свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG