Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сьвяткуюць каляды ў Нарвэгіі


Ганна Сурмач, Прага (12.21.2004) Новая перадачы сэрыі “Беларусы ў замежжы”. Удзельнікі: Тацяна Баландзіна, Натальля Краўчанка.

У гэтую перадсьвяточную нядзелю праграма “Беларусы за мяжою” таксама не абыходзіць тэму Калядаў. У гасьцях чарговага выпуску перадачы будуць беларускія жанчыны з Нарвэгіі, якія распавядуць пра тое, як адзначаецца сьвята Хрыстовага нараджэньня ў гэтай паўночнай краіне, а таксама пра свой лёс, які прывёў іх на чужыну.

Тацяна Баландзіна вывучала ангельскую мову ў лінгвістычным унівэрсытэце. На другім курсе яна нечакана зацікавілася яшчэ і нарвэскаю моваю. У Менску тады ўжо працавала арганізаваная нарвэжцамі напачатку 90-х гадоў народная школа, якая мела праграму абмену студэнтамі з адной з народных школаў у Нарвэгіі. Вось па гэтай праграме Тацяна і атрымала магчымасьць ажыцьцявіць свой намер гаварыць на адной са скандынаўскіх моваў.

(Баландзіна: ) “Я прыехала ў Нарвэгію ў 1998 годзе вучыцца ў народнай школе. У Нарвэгіі, а таксама ў Даніі, Швэцыі вельмі шмат такіх народных школаў, дзе студэнты вывучаюць тое, што хочуць. Яны вучацца ў такой школе адзін год перад тым, як выберуць сабе прафэсію.

Гэтая школа, у якой я вучылася, знаходзіцца на поўдні Нарвэгіі. Хадзіла ў інтэрнацыянальны кляс разам са студэнтамі з розных краінаў і вывучала нарвэскую мову”.

Праз год Тацяна вярнулася ў Менск і скончыла навучаньне ў лінгвістычным унівэрсытэце ў 2002 годзе. Ёй прапанавалі працу выкладчыка ў той жа народнай школе, дзе яна сама раней вучылася. Цяпер Тацяна стала вучыць іншых нарвэскай мове.

Аднак год побыту ў Нарвэгіі пакінуў у жыцьці дзяўчыны больш адметны сьлед, чым толькі валоданьне моваю гэтай краіны.

(Баландзіна: ) “У той самай школе, дзе я вучылася ў Нарвэгіі, я сустрэла майго, цяпер ужо мужа. Ён вучыўся ў той жа школе, гэтыя школы для нарвэжцаў. Ён нарвэжац, яго завуць Франк.

Пры гэтай школе ёсьць інтэрнат, так што ўсе студэнты і жывуць разам.

У мяне была вельмі добрая сяброўка з Польшчы, яна жыла па-суседзку з Франкам. Так пазнаёміліся, хадзілі ў госьці адзін да аднаго, пачалі сябраваць. А потым вырашылі паспрабаваць быць разам. Мы падтрымлівалі нашыя адносіны больш, чым 4 гады. Даводзілася то мне езьдзіць у Нарвэгію, то яму ў Беларусь.

Мы ажаніліся ў 2002 годзе. Вырашылі ўзяць шлюб, калі я ў чарговы раз прыехала ў Нарвэгію і мы адчулі, што ўжо трэба мне тут заставацца”.

Тацяна і Франк жывуць цяпер у Осла. Як і ў Менску, Тацяна працуе там выкладчыцаю.

(Баландзіна: ) “Я працую ў дзьвюх розных школах, працую з маленькімі дзеткамі і таксама са студэнтамі, якім я выкладаю ангельскую мову, гэта нарвэжцы, а таксама ёсьць інтэрнацыянальныя студэнты, якім я выкладаю нарвэскую мову. Гэта пры народным унівэрсытэце. Мне вельмі падабаецца выкладаць, у мяне бацькі настаўнікі і я выкладала ў Менску тры гады. Было цяжкавата знайсьці працу.

Я таксама вучуся ва ўнівэрсытэце, заканчваю зараз, працягваю вывучаць ангельскую мову і літаратуру, вучуся на магістра”.

(Сурмач: ) “А Ваш муж Франк чым займаецца?”

(Баландзіна: ) “Ён працуе і вучыцца. Ён хадзіў у школу для гукарэжысэраў, працуе ў студыі з музыкаю, з музыкантамі. Ён таксама працуе і ў іншым месцы – з паромамі, з судамі ў порце ў Осла і яму таксама падабаецца гэтая праца”.

(Сурмач: ) “Не было праблемаў з роднымі Франка, як яны прынялі замежніцу ў сваю сям’ю?”

(Баландзіна: ) “Ягоныя бацькі жывуць на захадзе Нарвэгіі. Напачатку маці ставілася трохі скептычна, бо тут адразу насьцярожваюцца, што з былога СССР, таталітарнае мысьленьне. Такое бывае тут. Але ж зь цягам часу яны звыклі і вельмі добра да мяне ставяцца. Яны бачаць, што мы зь ім доўга разам. Мы да іх зараз паедзем, езьдзім да іх кожны год на Каляды”.

(Сурмач: ) “Вось якраз мы прыйшлі да тэмы Калядаў? Калі былі Вашыя першыя Каляды ў Нарвэгіі?”

(Баландзіна: ) “Яны былі два гады таму, гэта ўжо будуць трэція. Мы адзначалі разам зь ягонымі бацькамі на захадзе Нарвэгіі. У іх вельмі шмат традыцый, і яны адрозьніваюцца ў розных рэгіёнах краіны. Я была на захадзе, там традыцыі адрозьніваюцца ад традыцый ў Осла”.

(Сурмач: ) “Як было арганізавана сьвята ў той сям''і? Вы кажаце, што яны пратэстанты. Ці ідуць у царкву?”

(Баландзіна: ) “Ня кожны год, але часам ідуць. Яны ня вельмі актыўныя вернікі. У царкву звычайна ідуць да таго, як сядаюць за стол, гэта 24 сьнежня ўдзень, у 3-4 гадзіны. А пасьля царквы адразу сядаюць за стол, недзе а шостай гадзіне. Яны вельмі прыгожа накрываюць стол, таксама па сьвяточнаму ўпрыгожаны дом, прыгожыя ялінкі, шмат ліхтарыкаў.

На стале стаіць ня вельмі шмат ежы. Традыцыйна на захадзе краіны – гэта вараная бульба, пюрэ з капусты кальрабі і мяса. Мяса яны тут вельмі любяць есьці на Каляды – гэта бараніна, пераважна рэбры. На ўсходзе, напрыклад, ядуць рэбры сьвіныя. У некаторых рэгіёнах ядуць рыбу, але, увогуле мала хто есьць рыбу пад час Калядаў”.

(Сурмач: ) “А як жа наконт 12 страваў на Куцьцю?”

(Баландзіна: ) “У іх няма такога. Канечне, гэтымі трыма стравамі ўсе дастаткова наядаюцца”.

(Сурмач: ) “А далей, пэўна раздаюцца падарункі?”

(Баландзіна: ) “Пасьля таго, як пасядзелі за сталом, паелі, папілі піва ці аківіту. Аківіта – гэта такое нарвэскае слова, традыцыйная гарэлка, настоеная на травах, цёмнага колеру. Тут яна адна з самых дарагіх па коштах. Потым пераходзяць да падарункаў. Ялінка і падлога вакол яе засыпаны пакункамі. Дзеці зараней пішуць лісткі з пажаданьнямі, што яны хочуць атрымаць на Каляды, і ўсё гэта выконваецца. Усе атрымліваюць шмат падарункаў.

Нарвэжцы зараз кажуць, што гэта ўжо залішне, што траціцца так шмат грошай на калядныя падарункі. Многія задумваюцца пра тое, што ня варта гэта рабіць у такіх колькасьцях. Яны кажуць, што трэба лепш падумаць пра лёсы многіх дзяцей у краінах Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі, ці яшчэ недзе, якія не маюць нічога на сьвята”.

(Сурмач: ) “А назаўтра, як звычайна праводзіцца першы дзень Калядаў?

(Баландзіна: ) “Раніцаю ўстаем, глядзім тэлевізію, а потым пачынаюць прыходзіць госьці альбо да цябе, альбо ты ідзеш. Але гэта таксама ў рамках сям''і. Каляды – гэта сямейнае сьвята. Яны на Каляды амаль не выходзяць з дому. А вось на Новы год, тады ўжо ніхто дома не сядзіць. Усе выходзяць сьвяткаваць у горад”.

(Сурмач: ) “Нарвэжцы ня лічаць, што Санта-Клаўс жыве менавіта ў Нарвэгіі?”

(Баландзіна: ) “Часам яны так жартуюць. Але яны ведаюць, што Санта Клаус паходзіць з Лапляндыі, а Лапляндыя знаходзіцца ў Швэцыі і ў Фінляндыі”.

(Сурмач: ) “Не сумуеце на сьвяты, падабаюцца Вам нарвэскія Каляды?”

(Баландзіна: ) “Так, мне вельмі падабаюцца Каляды ў Нарвэгіі. Даволі прыгожая зіма, шмат сьнегу звычайна, але не ў гэтым годзе. Чаго не хапае? Чагосьці нашага. У нас на стале выбар страваў вялікі, а тут, калі стаяць усяго тры, то ты ўжо павінен есьці менавіта гэта”.

Другой беларускай жанчыне Натальлі Краўчанка, якая жыве ў паўночнай Нарвэгіі, у горадзе Буда, што ляжыць за палярным кругам, пад час Калядаў за сьвяточным сталом не хапае родных і сяброў.

(Сурмач: ) “Сп. Натальля, а што ставяць на калядны стол у паўночнай Нарвэгіі?”

(Краўчанка: ) “Звычайна на Каляды тут ядуць індычку. І яшчэ адну страву – рыбі называецца. Гэта сьвініна – грудзінка, наразаюць яе квадратамі, пасыпаюць сольлю, перцам і ставяць на суткі. Потым дзьве гадзіны тушаць у духоўцы. Гэта атрымліваецца так смачна. Тлушч вытапляецца, а мяса мае вельмі добры смак. Вараць таксама бульбу і кіслую капусту. Бараніну гатуюць, вельмі многа страваў робяць з гэтага мяса.

Няма традыцыі, каб на стале было шмат розных страваў. Тут павінна быць адна – галоўная і салодкае”.

Сп. Наталья кажа, што перад Калядамі там звычайна не трымаюць пост у ежы. Магчыма гэтая традыцыя зьвязаная з тым, што гэта ўсё ж запаляр’е, дзе больш суровыя ўмовы фізычнага выжываньня.

Трапіла сп. Натальля за палярны круг на запрашэньне сваёй сяброўкі, якая даўно жыве ў Нарвэгіі. Яна працавала журналісткаю ў Віцебску і вырашыла скарыстаць адпачынак, каб пабачыць новую краіну. У сям’і сяброўкі пазнаёмілася з самотным сябрам ейнага мужа. Бывалы марак закахаўся ў беларускую жанчыну і тут жа прапанаваў ёй руку і сэрца. Так Натальля сталася гаспадыняю ў доме Ганса і жыве там ужо тры з паловаю гады.

(Краўчанка: ) “Ён на 12 гадоў старэйшы за мяне. Цяпер пэнсыянэр, раней працаваў першым штурманам на вялікім судне. Так што былы марак”.

(Сурмач: ) “Люльку курыць?”

(Краўчанка: ) “Ой, не. Кінуў тры гады таму.Ён курыў цыгарэты, якія робяць самі, самакруткі. Тут многія гэта робяць.

Ён вельмі добры, спакойны чалавек, любіць сядзець дома, яму надакучыла падарожнічаць”.

(Сурмач: ) “І мора яго зусім не цягне?”

(Краўчанка: ) “Не, але мы зьбіраемся ўлетку ехаць на вялікім караблі, гэта турыстычны карабель. Ганс працаваў на такім караблі. Мы цяпер хочам зрабіць падарожжа, ехаць у Бэрген на вясельле да маёй дачкі”.

Дачка спадарыні Натальлі Тацяна прыехала некалі да маці ў госьці і проста на вуліцы сустрэла хлопца, які не абмінуў прыгожую дзяўчыну і вось зараз яны жывуць у Осла і рыхтуюцца да вясельля.

Прафэсійная журналістка, Натальля вядома ж не задаволілася толькі хатняй працай.

(Краўчанка: ) “Я працую ў дзіцячым садку. А яшчэ я вучуся ў рэгіянальным унівэрсытэце, вывучаю нарвэскую мову і грамадзкія навукі. Гэта не прафэсійная адукацыя, гэтая адукацыя дае магчымасьць вучыцца далей”.

Гэтымі днямі Натальля, як і ўсе нарвэскія гаспадыні, рыхтуецца да сьвятаў, пячэ розныя прысмакі, упрыгожвае хату.

(Краўчанка: ) “У іх вельмі шмат падобнага з нашымі сьвятамі. Дзеці ходзяць вечарамі па хатах, пяюць калядныя песьні, а дарослыя даюць ім цукеркі, яблыкі ці іншыя фрукты. Кожны асьвятляе свой двор, вокны, зоркі гараць паўсюдна круглыя суткі. У нас зараз змрочна, цяпер тут палярная ноч”.

(Сурмач: ) “А як у Вашым рэгіёне, людзі наведваюць царкву пад час сьвята?”

(Краўчанка: ) “Царква ёсьць, ёсьць людзі, якія ходзяць пастаянна, але бальшыня ня ходзіць. У Нарвэгіі, як кажуць, не людзі ходзяць у царкву, а сьвятар ідзе за людзьмі ў горы і прапаведуе. У іх прынята, што ўсе выяжджаюць з гораду ў горы езьдзіць на лыжах”.

(Сурмач: ) “Што п’еце звычайна за сьвяточным сталом?”

(Краўчанка: ) “Тут любяць вельмі чырвонае віно. І самагонку гоняць таксама. Піва таксама, але піва, напрыклад, пасьля васьмі гадзін вечара не прадаюць. У нас у Буда напаўсухі закон, тут да гэтага году быў толькі адзін магазын, дзе прадавалі алькаголь”.

(Сурмач: ) “Чаму такія забароны?”

(Краўчанка: ) “Я думаю, такія законы таму, што многія працуюць маракамі. А таксама таму, што ўся Нарвэгія знаходзіцца паміж гарамі і морам, тут вельмі вузкія і небясьпечныя дарогі”.

(Сурмач: ) “Хочацца нарэшце запытацца і пра Новы год, які прыйдзе неўзабаве пасьля Калядаў. Якая там адметная традыцыя сьвяткаваньня?”

(Краўчанка: ) “На Каляды ўсе сядзяць дома, а на Новы год ідуць у горад. На Новы год тут усе гуляюць, страляюць, вельмі шмат пэтардаў усялякіх. Усё, што ў нас забаронена, тут можна. Усё гэта прадаюць у магазынах. 31 сьнежня страляюць, а вось назаўтра страляць нельга, бо ўсе пасьля бяссоннай ночы адпачываюць”.
XS
SM
MD
LG