Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскуп Чэслаў Сіповіч: да 90-х угодкаў ад нараджэньня, успаміны пра Сіповіча і беларускую бібліятэку ў Лёндане


Ганна Сурмач, Прага (12.14.2004) Новая перадачы сэрыі “Беларусы ў замежжы”. Удзельнікі: Аляксандар Надсан, Алена Міхалюк, Янка Запруднік, Чэслаў Сіповіч (архіўны запіс).

8 сьнежня споўнілася 90 гадоў ад нараджэньня біскупа Часлава Сіповіча, закладальніка Беларускай бібліятэкі і музэя ў Лёндане, аднаго з беларускіх сьвятароў-патрыётаў, хто служыў Богу і свайму народу. Успаміны пра яго слухайце ў чарговым выпуску перадачы “Беларусы за мяжою”.

Айцец Аляксандар Надсан, сьвятар і кіраўнік Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане, цяпер рэдка наведвае Беларусь. Але, сёлетняй зімою ён наважыўся ў падарожжа на Бацькаўшчыну, каб выканаць свой доўг перад памяцьцю чалавека, які спрычыніўся некалі да выбару ягонага жыцьцёвага шляху.

8 сьнежня споўнілася 90 гадоў ад дня нараджэньня біскупа Часлава Сіповіча, аднаго з тых, хто адраджаў беларускую ўніяцкую царкву, закладальніка Бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Лёс гэтага чалавека стаўся прыкладам адданага служэньня Богу і Бацькаўшчыне.

Айцец Аляксандар Надсан прэзэнтаваў выдадзеную ў Менску сваю кнігу пра біскупа Сіповіча, якая адкрые перад беларускім чытачом гэтую забароненую раней і таму недастаткова вядомую старонку гісторыі.

З нагоды юбілею біскупа Чэслава Сіповіча прапаную ўспаміны пра яго тых, чые жыцьцёвыя сьцежкі перасекліся з ягоным лёсам.

Вядома ж, першае слова айцу Аляксандру Надсану

(Сурмач: ) “Айцец Аляксандар, як называецца Ваша кніга?”

(Надсан: ) “Называецца "Біскуп Чэслаў Сіповіч – сьвятар і беларус". Безумоўна, я лічыў гэта сваім абавязкам перад біскупам Сіповічам і перад усім беларускім народам. Магчыма, я найлепш яго ведаў – 36 гадоў супольнай працы, я яго бачыў у розных абставінах, як чалавека, як беларуса, як сьвятара. Я заўсёды хацеў, каб ён вярнуўся ў Беларусь хаця б у такім стане – сваім жыцьцём, сваёю кніжкаю”.

(Сурмач: ) “Калі Вы ўпершыню пазнаёміліся з айцом Сіповічам?”

(Надсан: ) “Гэта было ўвосень 1945 году. Я тады быў у Італіі, у войску, Атрымаў адпачынак і паехаў у Рым, там я і пазнаёміўся з айцом Чаславам Сіповічам. Я быў моцна ўражаны, я ўпершыню пабачыў сьвятара, які быў такі даступны і быў сьвядомым беларусам.

Ён выехаў у Рым яшчэ ў 1938 годзе, ён там вучыўся. Праз увесь час вайны ён быў у Рыме. У 1940 годзе ён стаў сьвятаром і ўжо як сьвятар працягваў сваю навуку”.

(Сурмач: ) “Ён меў уплыў на Ваш выбар пайсьці ў сьвятарства?”

(Надсан: ) “Першы ўплыў, безумоўна. Гэта Бог так пакіраваў, але Ён, вядома, кіруе праз людзей. Я меў перад сабою прыклад сьвятара і беларуса – гэта дало мне імпульс для развагаў пра мой жыцьцёвы шлях. Ня тое, што ён мяне намаўляў на сьвятарства, для мяне быў важны ягоны прыклад жыцьця і сьвятарства, і я таксама вырашыў стаць сьвятаром”.

Біскуп Сіповіч нарадзіўся 8 сьнежня 1914 году ў вёсцы Дзедзіна Міёрскага раёну. Свой шлях да сьвятарства ён пачаў у знакамітай Друі, дзе быў вядомы ў Заходняй Беларусі кляштар, зь якога ў 1938 былі выселеныя манахі-беларусы. Пасьля таго Чэслаў Сіповіч апынуўся ў Варшаве, але ня хацеў там заставацца і скарыстаў нагоду выехаць на навучаньне ў Рым.

(Сурмач: ) “Айцец Аляксандар, пасьля сустрэчы ў Рыме вашыя дарогі з айцом Сіповічам ізноў сышліся ў Лёндане?”

(Надсан: ) “У Лёндане, так. Я туды прыехаў раней на некалькі месяцаў у кастрычніку 1946 году. Айцец Сіповіч прыехаў у Лёндан недзе пад Вялікдзень 1947 году. У тым часе мы сышліся зь ім вельмі блізка. Я нават жыў ў іхным Марыянскім доме, дзе жыў і айцец. Мы разам маліліся і была таксама супольная праца, я дапамагаў яму ў беларускай грамадзе. Мы ладзілі зборкі, канфэрэнцыі”.

(Сурмач: ) “Айцец Аляксандар, Вы памятаеце як закладалася бібліятэка?”

(Надсан: ) “Памятаю. Мы ўсе былі кнігалюбы. Айцец Сіповіч яшчэ выяжджаючы зь Беларусі, калі яго сілком польскія ўлады выкінулі з Бацькаўшчыны, пасьпеў забраць з сабою беларускія кніжкі. Пасьля ў замежжы ён зьбіраў усё, што можна было знайсьці беларускае. Другі вялікі кнігалюб быў айцец Гарошка, ён ад 1960 году таксама жыў у Лёндане. Я таксама любіў кнігі.

Недзе ў 1969 годзе, калі ўжо айцец Сіповіч стаў біскупам ад яго выйшла думка – заснаваць афіцыйна беларускую бібліятэку. З Боскаю дапамогаю і з дапамогаю беларусаў усяго сьвету нам удалося заснаваць Бібліятэку імя Францішка Скарыны, якая была афіцыйна адчыненая 15 траўня 1971 году і якая існуе да гэтага часу”.

(Сурмач: ) “Паслухаем успамін Алены Міхалюк, старшыні Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі, якая таксама шмат гадоў ведала біскупа Сіповіча”.

(Міхалюк: ) “Уладыку Сіповіча я ведала ад 1947 году. Тады ён яшчэ быў толькі сьвятаром. Ён быў вельмі папулярным у беларускіх асяродках, любіў таварыства, быў вельмі энэргічны і вясёлы. Ён умеў пагаварыць з кожным чалавекам, хто б ён не быў. Бывала, на ўрачыстасьцях ці вечарынах ніколі не абыходзілася без таго, каб ён не сарганізаваў групку каля сябе, каб пасьпяваць беларускія песьні, ён вельмі любіў сьпяваць.

Яшчэ бліжэй я пазнаёмілася з ім у 60-я гады, тады я ўжо была замужам за Янкам Міхалюком. Мы мелі трох сыноў, якія вучыліся ў беларускім інтэрнаце ў Лёндане, куды і мы пераехалі ў 1965 годзе.

Там я 5 гадоў працавала ў інтэрнаце і мы жылі разам, як адна сям''я.

Уладыка Сіповіч вельмі паважаў майго мужа Янку, яны вельмі цесна супрацоўнічалі, дзяліліся думкамі і парадамі, заўсёды разам хадзілі на ўрачыстасьці да іншых арганізацыяў, як прадстаўнікі ад беларусаў.

Найбліжэйшым нашым прыяцелем быў тады Обэран Гербэрт. Ён быў па паходжаньні з ангельскага каралеўскага роду. Ён пазнаўся з беларусамі з польскага войска, ён служыў у войску Андэрса ў часе вайны. Ангельцы яго не прынялі ў войска, бо ён меў "плоскую ступню". Тады маці яму сказала, што мусіць ісьці ваяваць, яны былі вельмі патрыятычныя. І ён пайшоў да Андэрса.

Ён быў вялікім прыхільнікам беларусаў, валодаў беларускай мовай. Яны арганізавалі разам Ангельска-беларускае таварыства. І калі прыйшлі апошнія хвіліны ягонага жыцьця, ён пажадаў, каб пахавальны абрад выканаў Уладыка Сіповіч. Так яно і было зроблена”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Алена была сьведкаю таго, як зь якім натхненьнем Уладыка Сіповіч працаваў над стварэньнем бібліятэкі і музэю, гэтай справе ён служыў да апошняга моманту свайго жыцьця”.

(Міхалюк: ) “У 1970 годзе быў куплены будынак для Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Гэта для ўладыкі было вялікім дасягненьнем і радасьцю.

Але гады міналі хутка і ў 1980 годзе здароўе ўладыкі пачало яго турбаваць, ён перанёс некалькі апэрацыяў, але не паддаваўся хваробам. Найбольшым жаданьнем для яго было – адсьвяткаваць 10-я ўгодкі Бібліятэкі. Урачыстасьці адбываліся 4 кастрычніка 1981 году, прыехала шмат людзей з розных краінаў – з Амэрыкі, Канады, Францыі, Бэльгіі, Нямеччыны, Польшчы і інш. – беларусы, шмат было ангельцаў, а таксама прадстаўнікоў ад іншых нацыянальнасьцяў.

Гэтыя ўрачыстасьці я ніколі не забуду. У той час мой муж, тады ён быў старшынём Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, таксама толькі што выйшаў са шпіталю. Уладыка яму сказаў: “Ты яшчэ слабы, трымайся каля мяне, і я буду за табою наглядаць”. Так яно і было напачатку, але потым сталася наадварот.

Сама я была вельмі занятая, бо была адказная за сьвяткаваньне, і не думала ісьці на богаслужбу. Але ўладыка, ніколі такога не было, перад самай службаю прыйшоў на кухню і папрасіў, каб я абавязкова прыйшла ў царкву. Я крыху зьдзівілася, паабяцала, што прыйду, але сабе падумала, што, відаць, не змагу. Але нешта мяне турбавала, я ўсё пакінула і пайшла хаця на заканчэньне службы.

Усё адбывалася нармальна. Пасьля службы перайшлі ў залю.

Напачатку Ўладыка сам прамовіў, потым іншыя, прамовы зацягнуліся, ў зале пачуўся шум. Тады ўладыка ўстаў і папрасіў цішыні. Ізноў сеў і раптам схіліўся. Янка яго схапіў, палажылі яго на падлогу.

У залі пачалася паніка, хтосьці пачаў крычаць, каб гаварылі да ўладыкі па-беларуску, можа гэта будуць апошнія словы, якія ён пачуе.

І гэтая роля выпала мне, а я ў разгубленасьці ня ведала, што сказаць, але нешта гаварыла.

Празь пяць хвілін прыехала мэдычная дапамога і ўладыку забралі ў шпіталь. Зь ім паехаў таксама айцец Надсан. Потым ён вярнуўся і паведаміў, што Ўладыка памёр.

Гэта быў вялікі шок для ўсіх прысутных – ня ведалі, што рабіць далей. Мой муж Янка ўстаў і сказаў: "Будзем рабіць тое, што Ўладыка сам хацеў бы, каб мы рабілі. А ён, напэўна, хацеў бы, каб мы закончылі ўрачыстасьці. Толькі для гэтага ён са сваім слабым здароўем дажыў да гэтай даты”.

Так што ўрачыстасьць закончылася ўспамінамі пра дастойнага біскупа і адданага грамадзкага дзеяча. Ён аддана служыў Богу і сваёй Бацькаўшчыне – Беларусі.

Ён проста не паказваў нікому, што ён дрэнна пачуваўся. Ён так чакаў гэтай урачыстасьці, што ён папросту на ўсё забываўся. Дацягнуў да апошняй хвіліны і, відаць, яму ўжо больш Бог не дазволіў.

Ён для яе, для бібліятэкі, жыў і ў бібліятэцы памёр”.

Айцец Аляксандар Надсан тады разам з усімі прысутнымі перажыў цяжкія хвіліны.

(Надсан: ) “Пэўна, што гэта быў трагічны момант. Але гледзячы з пэрспэктывы часу, я думаю, што гэта была прыгожая сьмерць. Прыгожая тым, што ён памёр пабачыўшы вынікі свае працы на зямлі, акружаны сябрамі з усяго сьвету, пасьля службы Божай і доўга не мучыўся”.

(Сурмач: ) “Яшчэ адзін момант хацела б дадаць да сказанага Вамі. Важна, што ён меў прадаўжальніка ягонай місіі. Вы, айцец Аляксандар, на той час ужо былі падрыхтаваныя пераняць ягоную справу ў сьвятарстве і ў Бібліятэцы?”

(Надсан: ) “Дзякуй Богу, так здарылася, што давялося мне, бо не было нікога іншага і трэба было далей працягваць працу. Я не выбіраў. Пасьля таго, як я стаў сьвятаром, я ніколі не выбіраў, што маю рабіць, але як жыцьцё кіравала, дзе была патрэба, тое мы і рабілі. Ці добра, ці дрэнна, але стараўся рабіць, як мог”.

(Сурмач: ) “Біскуп Сіповіч і Вы, айцец Аляксандар, прыклалі шмат сілаў, каб адрадзіць беларускую ўніяцкую царкву, таксама ў Беларусі. А цяпер ёсьць у вас пераемнікі ў Беларусі?”

(Надсан: ) “Ці мы зрабілі шмат – цяжка сказаць. Бачыце, зь якімі праблемамі яна адраджаецца, але мы зрабілі, што змаглі. Хацелася б, каб яна лепш разьвівалася, але гэта ўжо як Бог пакіруе. Галоўнае, нам не зьняверыцца і рабіць далей тое, у чым мы перакананыя”.

(Сурмач: ) “Сёньня мы маем магчымасьць паслухаць голас самога біскупа Сіповіча. Інтэрвію зь ім захавалася ў архівах беларускай службы Радыё Свабода. Яно было запісана ў 1970 годзе ў студыі нашай рэдакцыі ў Нью-Ёрку спадаром Янкам Запруднікам, які мае і свае ўспаміны зь першых пасьляваенных гадоў”.

(Запруднік: ) “З айцом Сіповічам мы пазнаёміліся недзе ў 1948 годзе, неўзабаве пасьля прыезду ў Англію, куды мы паехалі 12 маладых беларусаў і пайшлі працаваць у шахты. Мы наведалі беларускі асяродак ў Лёндане і там першы раз я пабачыў айца Сіповіча – вельмі такога дынамічнага, маладога сьвятара, які нас прывітаў, частаваў, нават з намі ў валейбол гуляў, у сваёй сутане.

Фотаздымак недзе ў мяне ёсьць, ён там якраз па баскетбольным мячыку стукае і гэтая сутана на ветры распаласаная. Ён быў такі вельмі непасрэдны, энтузіяст беларускай культурнай справы і рэлігійнага жыцьця.

Калі ён стаўся ў 1960 годзе апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы, ён даволі часта прыяжджаў у Нью-Ёрк. Кожны раз я выкарыстоўваў нагоду, каб зрабіць з ім інтэрвію. Кожны Калядны сэзон ён прысылаў сваё Каляднае пасланьне”.

Вернемся да згаданага вышэй інтэрвію, вось як гаварыў тады біскуп Сіповіч пра ролю заснаванай ім бібліятэкі.

(Сіповіч: ) "Фактычна, наша бібліятэка і наш музэй у першую чаргу маюць за мэту абслужыць нашу моладзь. Наша моладзь цікавіцца нашай мінуўшчынаю, хаця некаторыя нават маюць цяжкасьці зь беларускай моваю, але яны цікавяцца тым краем, адкуль выйшлі іхныя бацькі. Гэта мы ўважаем вельмі важным”.

(Сурмач: ) “Як вядома, цяпер Бібліятэка ўжо далёка перарасла гэтыя першапачатковыя мэты і сталася навуковым і культурным цэнтрам для ўсіх беларусаў на чужыне і на Бацькаўшчыне”.

Паслухаем тую частку інтэрвію, дзе спадар Запруднік распытваў біскупа Сіповіча пра беларускія справы:

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, чым у бальшыні нашыя суродзічы займаюцца ў Вялікабрытаніі?”

(Сіповіч: ) “Найбольш нашых суродзічаў працуе на розных фабрыках, асабліва на тых фабрыках, чым Вялікабрытанія найбольш вядомая, напрыклад, тэкстыльныя фабрыкі. Ёсьць некаторыя. хто сталі ўжо невялікімі ўрадоўцамі, як гэта называюць у Англіі, клеркамі. А нават ужо ёсьць некалькі беларусаў, якія маюць ужо даволі незалежнае становішча, маюць свае офісы, альбо, як кажуць у англа-саксонскіх краях, свой бізнэс– купляюць і прадаюць дамы. Ёсьць некаторыя, якія працуюць у вялікіх прадпрыемствах сакратарамі, а нават некаторыя ў банках. Некаторыя скончылі ўнівэрсытэты, напрыклад, маем сваіх акулістаў, дантыстаў. Мне здаецца, не памылюся, калі скажу, што беларуская эміграцыя ў Вялікабрытаніі наагул сёньня мае працу і мае грошы ня толькі, каб утрымаць сваю сям''ю, але нават каб разьвіваць нашае беларускае грамадзкае жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы глядзіце на рэлігійнае жыцьцё становішча ў Беларусі і што робіцца ў замежжы ў беларускім рэлігійным пытаньні?”

(Сіповіч: ) “Зь Беларусі рознымі шляхамі даходзяць да нас весткі аб рэлігійным жыцьці. Аднак трэба сьцьвердзіць, што там дзейнічае моцная бязбожная прапаганда, руйнуюцца сапраўдныя помнікі нашай архітэктуры і мастацтва. Людзі адкрыта, або, найчасьцей тайком пратэстуюць супроць гэтага. Найгорш, аднак, ёсьць з моладзьдзю, якой усімі спосабамі перашкаджаецца хадзіць у нешматлікія ці то каталіцкія, ці праваслаўныя сьвятыні.

Тут дазволю сабе заўважыць, што Савецкі Саюз, пазбаўляючы сваё грамадзтва рэлігіі, гэтым самым капае пад сабою яму. Вядома, што там, дзе няцьвёрды рэлігійны элемэнт, там зьнікаюць этычныя прынцыпы, там множацца злачынствы. Дзе няма Бога, там патрэбна больш паліцыі і больш тэрору. Гэта мая думка”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ведама Вам у якой мове моляцца беларусы-каталікі на Бацькаўшчыне?”

(Сіповіч: ) “Ва ўсіх амаль праваслаўных цэрквах у Беларусі валадарыць стараславянская з расейшчынай. У каталіцкіх касьцёлах за невялікім выняткам набажэнствы адбываюцца па-польску. Дзіўна гэта, або, я дадаў бы, страшна, што ў Беларусі, дзе ўжо моладзь не гаворыць па-польску, ксяндзы надалей апалячваюць беларусаў. І гэта тады, калі ў Польшчы, дзе тысячы каталікоў-беларусаў ня маюць ніводнай парафіі і беларускай мовы ў казаньнях дадатковых набажэнстваў.

Наколькі мне ведама, Апостальская сталіца – Рым жадае, каб у Беларусі былі адчыненыя каталіцкія касьцёлы і каб беларусы мелі свайго ўласнага беларускага біскупа. Аб гэтым пісала італьянская прэса з нагоды, калі прыяжджаў зь Беларусі адзін беларускі сьвятар і яго прымаў Айцец Сьвяты Павал VI, гэта айцец Уладыслаў Чарняўскі”.

(Сурмач: ) “Біскуп Сіповіч быў найперш беларускім патрыётам і служыў Богу, які для ўсіх нас адзін. Паслухаем далей Янку Запрудніка”.

(Запруднік: ) “Я тут пераглядаў свой архіў, дык знайшоў, што ў лісьце да мяне, напісаным у чэрвені 1981 году, гэта год ягонай сьмерці, ён пісаў: “Я аб сабе магу сказаць з чыстым сумленьнем, што служу паводле маіх скромных сілаў і ведаў усім беларусам – каталікам розных абрадаў і праваслаўным”. Так што ён быў чалавекам шырокіх паглядаў.

У 1975 годзе ў адным з інтэрвію ён вельмі трапна выказаўся, гэта ягоныя словы: "...нашыя сьвятыя адначасна былі і вялікімі культурнікамі і дзеячамі Беларусі". Дык вось, ён ішоў па сьлядох нашых сьвятых. І калі паглядзець на Эўфрасіньню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Сымона Полацкага – гэта былі і сьвятыя і культурныя дзеячы, асьветнікі. Гэта такі гістарычны прыклад для ўсіх нашчадкаў, для ўсіх тых, хто ідзе сьлядамі Хрыста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG